Беларусы, выжывайце самі!

Падобна на тое, што ў Беларусі цяпер праводзіцца маштабны эксперымент. Яго мэта — зрабіць так, каб урэшце грамадзяне краіны сталі менш «патэрналісцкімі», больш незалежнымі, перасталі спадзявацца на дзяржаву і ўладу ды пачалі прымаць самастойныя рашэнні.

Фота www.profi.travel

Фота www.profi.travel

На тыдні адбылася чарговая сустрэча міністра эканомікі Аляксандра Чарвякова з прадстаўнікамі бізнес-асацыяцый. Нагадаем, што прадстаўнікі гэтых асацыяцый ужо даўно прапанавалі ўраду распрацаваць захады для падтрымкі дзелавой актыўнасці ва ўмовах эпідэміі каронавіруса. Аляксандр Чарвякоў у чарговы раз праінфармаваў прадстаўнікоў бізнесу, што праект указа аб падтрымцы эканомікі ва ўмовах пандэміі накіраваны ўрадам на разгляд у Адміністрацыю прэзідэнта.

Пра неабходнасць падтрымкі бізнесу шмат хто казаў яшчэ ў сакавіку. Да пачатку красавіка ўрад павінен быў выпрацаваць неабходныя захады, каб неяк кампенсаваць падзенне дзелавой актыўнасці ў «праблемных зонах» — гандлі, турызме, перавозках, грамадскім харчаванні. 2 красавіка прэм’ер Румас казаў тое ж самае, што цяпер кажа Чарвякоў, — нібыта, пакет мераў, які прадугледжвае падтрымку з боку дзяржавы на суму ў 50 мільёнаў долараў, накіраваны ў Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы.

Цяпер канец красавіка. Бізнес не дачакаўся ані «падатковых канікул», ані зніжэння альбо растэрміноўкі па арэнднай плаце. Падобна на тое, што Адміністрацыя прэзідэнта «самаізалявалася ад каронавіруснага псіхозу».

Канешне, па словах Чарвякова, урад працуе — трэба ж за нешта атрымліваць заробак? Як паведамляецца, рыхтуецца «другі пакет мераў падтрымкі эканомікі з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ў свеце», на падыходзе і «трэці ўзровень мераў для стабілізацыі сітуацыі пасля пандэміі».

Канешне, абяцанага тры гады чакаюць, але каму будзе патрэбная тая дапамога праз тры гады? І таму бізнесу самастойна давядзецца вырашаць: альбо прыпыняць працу, альбо ліквідавацца, альбо спрабаваць працаваць у тых умовах, якія ёсць, — без падтрымкі дзяржавы.

Выжывуць самыя стойкія. Усе ж астатнія, па-першае, сапсуюць дзяржаўную статыстыку па беспрацоўі, звольніўшы сваіх працоўных, а па-другое — не дадуць дзяржаве грошай у выглядзе падаткаў і плацяжоў. А што рабіць? Калі дзяржава не клапоціцца пра падтрымку бізнесу ў складаных умовах — яна непазбежна атрымае «адкат» у выглядзе скарачэння ўнёскаў у бюджэт. І гэта ўжо будуць праблемы дзяржавы.

Яшчэ пару навінаў паступіла «з перадавой». Па-першае, прадстаўнікі кампаній EPAM і Wargaming перадалі каля 700 тысяч фільтруюць масак для беларускіх медыкаў, паведаміла прэс-служба Міністэрства аховы здароўя. Сродкі абароны былі перададзеныя на склад «Белмедтэхнікі». Гэта маскі-рэспіратары высокага класа абароны FFP2 ад вядучага сусветнага вытворцы — амерыканскай кампаніі 3М. Такія маскі рэкамендаваныя СААЗ для выкарыстання медыкамі.

«Гэтыя сродкі атрымаюць усе, хто цяпер на перадавой барацьбы з вірусам COVID-19. Мы хочам выказаць ім словы падзякі і падтрымкі», — гаворыцца ў агульнай заяве EPAM і Мінскага цэнтра распрацоўкі Wargaming.

Кампанія А1 дала сваім абанентам магчымасць пералічваць сродкі медыкам, якія змагаюцца з эпідэміяй COVID-19. Гэта можна зрабіць праз USSD-запыт, sms на кароткі нумар і праз праграму A1 banking, паведамляе прэс-служба А1.

Калі скарыстацца USSD-запытам на нумар *222*19#, абанент можа выбраць суму для пералічэння — 2, 5 або 10 рублёў. Пры адпраўцы sms на нумар 219 2 рублі спісваецца з балансу абаненцкага нумара. У праграме А1 banking у раздзеле «Дабро» максімальны памер ахвяравання з абаненцкага нумара — 100 рублёў. Усе сродкі без камісіі пераводзяцца на рахунак Рэспубліканскага цэнтра арганізацыі медыцынскага рэагавання і будуць размяркоўвацца паміж установамі аховы здароўя.

Апроч таго, у Беларусі створаны прафсаюзны страхавы фонд дапамогі медработнікам, што захварэлі на COVID-19. Нумар дабрачыннага рахунку — на сайце Беларускага прафсаюза работнікаў аховы здароўя.

Нагадаем, што гэта ўжо не першы дабрачынны рахунак, які адкрыты дзяржавай для барацьбы з эпідэміяй. І ў мяне, калі я чую такія навіны, заўсёды ўзнікае пытанне: а як жа «самая перадавая медыцына ў свеце», пра якую нам усе вушы пратрубіў кіраўнік дзяржавы? Чаму грамадзяне краіны і той самы гаротны бізнес цяпер робяць усё, каб дапамагчы дактарам? Што робіць дзяржава?

Так, цяпер беларусы дапамагаюць медыкам хто чым можа. Узяць хаця б збор сродкаў на краўдфандынгавых пляцоўках і кааліцыю валанцёраў BYCOVID-19, пра якую пісалася ў мінулым нумары. Яны закупляюць і развозяць маскі, антысептыкі, абарончае адзенне і гэтак далей. А што робіць дзяржава, якая найперш павінна клапаціцца пра сістэму аховы здароўя — таму што менавіта на гэта мы плацім свае падаткі?

Чаму б дзяржаве не развязаць гаманец ды не марнаваць больш грошы на парады? Чаму б Аляксандру Лукашэнку не застацца дома, спыніўшы бясконцыя і бессэнсоўныя паездкі па рэгіёнах, а зэканомлены бензін перадаць на машыны хуткай дапамогі? Ужо не кажучы пра спыненне бязглуздых прамоваў, якія толькі нервуюць людзей.

Ці гэта таксама эксперымент па кансалідацыі грамадства? Дык той эксперымент паказвае толькі бездапаможнасць улады і той сістэмы, якая выбудаваная ў нас за чвэрць стагоддзя. Калі мы ратуемся самі, навошта нам утрымліваць дзяржапарат?

Тым больш, што мы бачым, як ён не працуе. Некалькі тыдняў прайшло з таго часу, як «жэстачайшэ» было забаронена падымаць цэны — гэта было пададзена, як «дапамога народу ў час эпідэміі». А ў выніку Беларусь заняла другое месца на тэрыторыі былога СССР па росце спажывецкіх цэн. Такія звесткі прыводзіць БелаПАН, які прааналізаваў аператыўныя даныя нацыянальных органаў статыстыкі. За студзень-сакавік цэны ў нас павялічыліся на 2,74%.

Першым па росце цэн стаў Узбекістан (2,8%). У першай шасцёрцы таксама Кыргызстан (2,7%), Таджыкістан (2,6%), Азербайджан і Казахстан (па 2,3%). У нашых суседзяў рост значна больш павольны: у Расіі цэны выраслі на 1,3%, у Латвіі — на 0,8%, у Малдове і Украіне — на 0,7%, у Літве — на 0,3%. У Эстоніі ж цэны знізіліся на 0,6%.

Карацей — выжывайце самі!