Літоўскі дэпутат: Мы перакрылі б увесь рух у Беларусь

Праз пагрозу з боку ПВК Вагнера, якія размяшчаюцца ў Беларусі, Літва, Латвія і Польшча збіраюцца закрыць памежныя пункты пропуску ў Беларусь. Адначасова з гэтым у Літве пачаўся пошук беларусаў, якія нібыта ўяўляюць пагрозу для нацбяспекі Літвы. Гэтых людзей збіраюцца дэпартаваць. Літоўскі дэпутат у размове з lrt.lt выказаўся наконт гэтых пытанняў.

Літва рыхтуецца да закрыцця мяжы з Беларуссю. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Літва рыхтуецца да закрыцця мяжы з Беларуссю. Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

«Не павінна быць так, што ў адзін дзень мы запрашаем беларусаў, а ў іншы — дэпартуем», — заявіў Саўлюс Скверняліс з той нагоды, што ў Літве можа знаходзіцца каля тысячы беларусаў, якія ўяўляюць пагрозу нацыянальнай бяспецы. Паводле слоў дэпутата, за беларусамі ў Літве вядзецца назіранне, і ўстановы бяспекі не дрэмлюць.

— Цяпер шмат кажуць пра закрыццё памежных пераходаў з Беларуссю, хоць яшчэ ў першых чыслах жніўня прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі ЗША Джон Кірбі заявіў, што група «Вагнер» не ўяўляе асаблівай пагрозы для Польшчы і іншых хаўруснікаў у NATO, а пазней тое самае паўтарыў прадстаўнік NATO. Тое, як павінна рэагаваць Літва, абмяркоўвалася і на пасяджэннях Камітэта Сейма па нацыянальнай бяспецы, членам якога вы з'яўляецеся. Закрываць, мініраваць ці проста назіраць?

— Карціна ў нашай краіне цяпер самая розная: ад панікі да спакою. Зразумела, што я не магу раскрыць усю інфармацыю, якая прагучала, але, на мой асабісты погляд, самая вялікая праблема заключаецца ў тым, што нашы інстытуты, напэўна, не маюць поўнай карціны таго, што адбываецца ў Беларусі. Група актыўная, у іх ёсць лічбы, але ўнутры, скажам так, якія мэты сфармуляваны, якая стратэгія — гэтага няма.


Глядзіце таксама

Мы вымушаныя спадзявацца на нашых партнёраў, як вы згадалі, на тыя крыніцы, на нашых партнёраў па NATO, якія кажуць, што Беларусь не можа ўяўляць рэальнай пагрозы сёння, але мы не можам расслабляцца. Гэта тэрарыстычная арганізацыя, найміты, якія ваявалі ва Украіне і ў Афрыцы, і ваявалі досыць жорстка, якім няма чаго губляць, і, самае галоўнае, мы не ведаем, якія спадзевы ўскладае на іх той жа беларускі рэжым або Крэмль.

Таму мы павінны быць гатовыя, нашы службы павінны быць гатовыя да аховы і абароны мяжы, але панікаваць не трэба.

— Гэта значыць, вы б сказалі, што не трэба закрываць гэтыя два КПП наогул, ці што лепш закрыць усе, ці закрыць больш за два пункты? Якой была б ваша прапанова?

— Толькі калі мы хочам нейкіх радыкальных рашэнняў і мы для гэтага саспелі, але, паўтаруся, гэта не толькі літоўскае рашэнне. Давайце не будзем забываць, што ёсць суседнія Латвія і Польшча, і гэта сумеснае рашэнне, але мы, па сутнасці, перакрылі б увесь рух: і рух людзей, і рух тавараў у Беларусь.

Ці магчыма гэта, ці лагічна гэта сёння, ці адпавядаюць абставіны, павінны вырашаць, вядома, вышэйшыя палітычныя інстанцыі трох дзяржаў.

Што тычыцца закрыцця КПП, то так, я згодны. Не сакрэт, што нашы магчымасці таксама абмежаваныя, не хапае і памежнікаў, і мытнікаў, і, магчыма, закрыццё гэтых двух пунктаў звязана не са з'яўленнем групы «Вагнер», а з тым, што цяжка эфектыўна кантраляваць і людзей, і тавары ў плане барацьбы з кантрабандай.

У гэтым ёсць логіка, але варта таксама сказаць, што нашы магчымасці абмежаваныя, і, закрыўшы гэтыя два пункты, мы пераключым нашы магчымасці на іншыя пункты і будзем эфектыўна кантраляваць людзей і тавары.

Не будзе магчымасці ўвозіць кантрабанду, а асобы, якія перасякаюць мяжу, будуць праходзіць поўную праверку, каб яны сапраўды не ўяўлялі для нас пагрозы і каб раптам не аказалася, што людзі, якія атрымалі від на жыхарства ў Літве (а такіх, паводле наяўных даных, больш за тысячу), усё ж уяўляюць пагрозу для нашай нацыянальнай бяспекі. Гэтага не павінна быць.


Глядзіце таксама

— Спікер Сейма ў гэтыя дні кажа пра тое, што на новай сесіі, якая пачнецца роўна праз месяц, зноў будзе абмяркоўвацца ўніфікацыя абмежаванняў для беларусаў і расійцаў, паколькі для беларусаў цяпер ёсць некаторыя выключэнні. На ваш погляд, ці варта адмяняць гэтыя выключэнні?

— У залежнасці ад таго, які сігнал мы хочам паслаць. Спачатку мы пасылалі сігнал, і гэта рабілі члены нашага ўрада, што ўсе прыязджайце сюды, асабліва спецыялісты ў галіне высокіх тэхналогій, інфармацыйных тэхналогій, мы іх прымем, мы іх размесцім... Але аказалася, што мы ўпусцілі амаль тысячу чалавек, якія ўяўляюць пагрозу. Калі мы хочам зараз выправіць гэтыя памылкі, то можна сказаць: так, трэба ўводзіць абмежаванні.

Іншы пасыл — палітычны. У Беларусі з'явілася тэрарыстычная арганізацыя, і да ўсяго гэтага букету, з пункту гледжання беларускага рэжыму, дадаюцца тыя, хто забіваў людзей ва Украіне, хто забіваў мірных жыхароў, хто забіваў жорстка, хто вёў вайну, хто акупаваў іншую краіну і хто цяпер прысутнічае ў суседняй краіне ці яе частцы.

— Цяпер пра тыя тысячы, пра якія вы згадалі, якія, аднак, могуць уяўляць пагрозу. У Вільні, вы, вядома, заўважылі, што вельмі моцна павялічылася колькасць рускамоўных людзей, частка з якіх, канечне, украінскія ўцекачы, ці не ўцекачы, а ўкраінцы, а частка — беларусы і рускія. Але ці кантралюе сёння дзяржава, хто гэтыя рускамоўныя? Бо, напрыклад, Польшча ўжо абвясціла, калі я не памыляюся, пра арышт 16-га шпіёна. У Літве такой інфармацыі няма, ці, можа быць, яна проста не публікуецца, таму што не павінна публікавацца, ці, можа быць, іх тут наогул няма? Што вядома пра такіх асоб у Камітэце па нацыянальнай бяспецы і абароне Сейма?

— Я не магу выдаваць, што гаворыцца ў Камітэце, якія матэрыялы паступаюць, але ёсць два варыянты.

Давайце зараз падумаем: калі кажуць, што каля тысячы чалавек усё яшчэ ўяўляюць пагрозу, могуць уяўляць пагрозу, значыць, праверка была праведзена няякасна. Ці іншы варыянт: калі ў нас такіх людзей, як вы сказалі, няма, у адрозненне ад Польшчы, то, можа быць, мы вельмі добра правялі праверку перад выдачай віду на жыхарства?

Атрымліваецца, што [гэтыя сцвярджэнні] супярэчаць адно аднаму, таму што калі б праверка была такой якаснай, то мы б сёння не гаварылі пра дэпартацыю тысячы такіх людзей. Справа ў тым, што шчыліны ёсць, і гэтыя людзі, безумоўна, адсочваюцца, і я магу пацвердзіць, што нашы ўлады не спяць, яны адсочваюць іх.

Колькасць тых, хто прыехаў і хто атрымаў дазвол, вядома, вялікая. Тэарэтычна (і не толькі тэарэтычна, але цалкам верагодна) магчыма, фармальны бок гэтых людзей, якія сюды прыехалі, бездакорны, але мы бачым, што ёсць і нефармальны бок, які часта прарываецца ў такога роду бытавых зносінах.


Глядзіце таксама

У сацыяльных сетках з'явілася відэа, дзе, як мяркуецца, чалавек, які атрымаў часовы від на жыхарства ў Літве і прыехаў з Беларусі, гаворыць як беларускі рэжым, і яго лексіка нічым не адрозніваецца ад лексікі Лукашэнкі.

Тут ёсць прабел, і, магчыма, як я ўжо сказаў, пасля ўсіх гэтых змен, пасля пераезду групы «Вагнера», ёсць магчымасць паглядзець на гэта па-іншаму. Але, вядома, не павінна быць так, што ў адзін дзень мы іх запрашаем, а ў іншы — дэпартуем.

А што будзе, калі большасць з гэтых дэпартаваных акажуцца ў турмах Беларусі і будуць утрымлівацца ў нечалавечых умовах? Хто возьме на сябе адказнасць за гэта? Гэтыя крокі павінны быць вельмі адказнымі і ўзважанымі.