Латушка: Лукашэнка хворы на ўладу, і гэтая хвароба — асноўная праблема Беларусі
Павел Латушка даў інтэрв'ю іспанскай інфармацыйнаму агенцтву EFE, у якім распавёў аб сваім расчараванні палітыкай Еўрасаюза ў дачыненні да Лукашэнкі, а таксама аб новай кампаніі, у якую ўваходзяць вулічныя пратэсты і эканамічны ціск.
«Мы павінны разумець, што Лукашэнка, як любы дыктатар, хоча заставацца ва ўладзе да апошняга дня свайго жыцця. Ён хворы на ўладу, і гэтая хвароба - асноўная праблема Беларусі. Беларусь ператвараецца ў ваенную дыктатуру, але пратэсты не заціхаюць. Людзі рызыкуюць, нават нягледзячы на заявы ўлады пра гатоўнасць выкарыстоўваць мабільныя брыгады арміі супраць пратэстоўцаў. Калі Лукашэнка кажа, што вораг унутры, гэта азначае толькі адно: у якасьці ворага ён бачыць беларускі народ. Мы - адзіная краіна ў Еўропе, дзе працягвае існаваць КДБ, але нават пры гэтым людзі ўсё роўна выйдуць на вуліцу».
Кіраўнік НАУ звярнуўся да Еўрасаюза з заклікам выкарыстоўваць усе магчымыя інструменты ціску на рэжым, бо Лукашэнка баіцца толькі моцнага.
«Прайшло 7 месяцаў, але ЕС да гэтага часу не распачаў па-сапраўднаму уплывовыя на рэжым дзеянні. Лукашэнка баіцца толькі моцных гульцоў. Такім гульцом можа і павінен стаць Еўрасаюз».
«Адным з магчымых рашэнняў, якія мы чакалі ад Бруселя, магло стаць стварэнне групы з еўрапейскіх палітыкаў высокага ўзроўню, якая магла б весці перамовы ў Мінску і Маскве. Але Еўрасаюз да гэтага часу гэтага не зрабіў».
Акрамя таго, Латушка прапануе заходнім краінам прызнаць рэжым Лукашэнкі тэрарыстычным і стварыць трыбунал для расследавання злачынстваў улады.
«Кожны дзень у турму кідаюць людзей па палітычных матывах, тысячы людзей сядзяць за кратамі, сотні тысяч - ахвяры палітычных рэпрэсій. Рэжым узяў курс на знішчэнне беларускай нацыі. А Еўропа? Еўропа салідарная. Але ці можа салідарнасць быць адзіным дзейсным інструментам? Што важней: грошы ці правы чалавека?»