Кітай, наперад?

Мы ўжо неаднаразова папярэджвалі пра палітыку Кітая ў адносінах да замежных інвестыцый і небяспеку гэтай палітыкі для Беларусі. Аднак пакуль што нам вельмі патрэбныя грошы.

o_1319654.jpg

Дзяніс Лаўнікевіч не так даўно пісаў пра кітайскую экспансію ў Афрыку, дзе зямлёй валодаюць кітайцы, працуюць кітайцы, і пасля іх застаюцца спустошаныя землі. Падаецца, нешта падобнае зараз спрабуюць правярнуць у Беларусі. Падавалася б, ёсць у нас дамоўленасці на экспарт «малочкі» ў Паднябесную, чаго яшчэ?

На тыдні прыйшла навіна пра тое, што кітайская кампанія «DRex Food Group» хоча ўзяць у арэнду ў Беларусі 20 тысяч гектараў зямлі. На ёй яна плануе пабудаваць малочнатаварныя комплексы. Агульнае пагалоўе жывёлы павінна скласці 40 тысяч галоў — распавёў міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Беларусі Леанід Заяц.

Беларускія чыноўнікі паспяшаліся і ўжо прапанавалі кітайцам на разгляд пляцоўкі на ўсходзе Магілёўскай вобласці — у Клімавіцкім і Чавускім раёнах. БЕЛТА піша, што кіраўнікі буйных кітайскіх кампаній «DRex Food Group» і «Xinrongji Holding Group» наведалі нашу краіну з рабочым візітам. Яны сцвярджаюць, што могуць інвеставаць у мадэрнізацыю існуючых прадпрыемстваў у Беларусі і ў пабудову новых 1 мільярд долараў. А калі праект будзе паспяховым, інвестыцыі абяцаюць павялічыць.

Падавалася б, навошта? У нас і так гэтых малочнатаварных комплексаў — як бруду. Ужо гадоў дзесяць грамадскасць змагаецца з так званым «свінакомплексам Чыжа» ў Пяршаях (на 110 тысяч галоў). Нядаўна прытармазілі аналагічныя аб'екты пад Маладзечна (100 тысяч галоў). Мяса ў нас хапае, каб і самім есці, і прадаваць на экспарт.

Аднак не. Патрэбныя яшчэ і кітайскія аб'екты. Навошта?

Больш за тое, з'явіліся звесткі і пра тое, што тая ж «DRex Food Group» мае намер набыць асноўны пакет акцый гаротнага банка «Масква–Мінск». Гэты банк пазбег банкруцтва, перайшоўшы пад кіраванне Нацбанка. Але галоўнаму рэгулятару ён — пятае кола ў вазку. НБРБ і ўрад шукалі для яго стратэгічных інвестараў, бо падпісалі мемарандум з ЕБРР, які прадугледжвае продаж «Масквы–Мінска» да 2020 года.

Кіраўніца беларускага кірунку «DRex Food Group» Зоя Кавалёва паведаміла, што кітайская кампанія хоча «набыць акцыі банка — ці цалкам выкупіць, ці набыць нейкую долю, але не мінарытарны пакет, а асноўны пакет акцый».

Падчас перамоваў прэзідэнт кампаніі «Xinrongji Holding Group» Нянь Юнан сказаў: «Мы хочам стварыць у Беларусі дзве кампаніі, адна з якіх будзе інвестыцыйнай. Гэтая кампанія будзе займацца інвеставаннем у Беларусь, у тым ліку ў банкаўскую сферу дзейнасці вашай краіны».

Такім чынам, кітайскі банк «Масква–Мінск» будзе інвеставаць у кітайскія жывёлагадоўчыя комплексы, дзе працаваць будуць, як звычайна, кітайцы, і прадукцыя будзе ісці ў Кітай. А што атрымлівае з гэтага Беларусь? Цяжка сказаць, але страчвае яна і банк, і 20 тысяч гектараў зямлі.

Што ж да «інвестыцый у 1 мільярд долараў, а можа і больш», то гэта — казкі дзецям на ноч. Справа ў тым, што ў «DRex Food Group» проста няма такіх грошай. Як паведамляецца, мільярд долараў — гэта чысты прыбытак кітайскай кампаніі за 2015 год. Хто-небудзь верыць у тое, што абсалютна ўвесь гэты прыбытак будзе інвеставаны ў Сінявокую?

Выбачайце, але лепш прадаваць Кітаю беларускае малако і мяса, чым ствараць тут кітайскую вытворчасць. Мы павінны дбаць пра свае інтарэсы, а не пра кітайскія.

Тым больш, што зараз у нас ёсць іншыя, больш прывабныя інвестары. Напрыклад, украінскі мільярдэр Юрый Касюк мае намер стварыць канкурэнцыю сусветнаму брэнду KFC і адкрыць у Беларусі 20 рэстарацый «Крылы». Гендырэктар «Крылаў» Аляксей Папоў паведаміў, што дамова на франчайзінг у Беларусі — на стадыі падпісання. У выпадку поспеху ў гэтай справе рэстарацыі адкрыюцца ўжо ў гэтым годзе.

«Forbes» у 2017 годзе ацаніў багацце Касюка ў 1,2 мільярда долараў — вышэй за кітайцаў.

Адначасна Мінскі аўтазавод выйграў тэндэр на пастаўку ста аўтобусаў ва Украіну. У тэндэры, праведзеным «Киевпасстрансом», мінчане перамаглі за кошт больш нізкай цаны. Аўтобусы абыдуцца Кіеву ў суму больш за 20 мільёнаў долараў.

Прыносіць свае вынікі і барацьба з карупцыяй ва Украіне. Антыманапольны камітэт Украіны прызнаў, што «Дарожна-будаўнічы трэст №4» (Брэст) быў дыскрэдытаваны ў таргах на будаўніцтва дарогі ў Валынскай вобласці, а іх пераможца атрымаў гэта права «незаконна».

Ці будзе праведзены тэндэр зноў і ці прыме ў ім зноў удзел беларускі бок, пакуль не вядома. Але ў любым выпадку ў беларусаў дастаткова высокія шанцы на перамогу ў гэтым і іншых аналагічных таргах. Справа ў тым, што ў студзені 2017 года створана сумесная кампанія «Белаўтадар — Украіна». У яе ўваходзяць тры дарожна-будаўнічыя трэсты дзяржаўнага холдынгу «Белаўтадар» (брэсцкі ДСТ №4, гомельскі ДСТ №2 і гродзенскі ДСТ №6) і Кіраўніцтва справамі Адміністрацыі прэзідэнта. Гэты пул спрабуе зараз атрымаць падрады па рамонце і будаўніцтву дарог акрамя Валынскай яшчэ ў Жытомірскай і Запарожскай абласцях.

Апроч замежных інвестыцый улады нарэшце зацікавіліся і ўнутранымі. Напрыклад, прадпрымальнікі ў Мінску не вельмі хочуць набываць свабодныя памяшканні, якія размяшчаюцца на цокальным паверсе і налічваюць да 100 кв. м. За 5 месяцаў гэтага года так і не знайшлі сваіх новых гаспадароў 1148 памяшканняў агульнай плошчай больш за 150 тысяч «квадратаў». А таму, як, распавяла начальнік упраўлення па распараджэнні і выкарыстанні дзяржмаёмасці і кантролю Мінскага гарадскога тэрытарыяльнага фонду дзяржаўнай маёмасці Галіна Арціменя, некаторыя з іх вырашана прапанаваць прадпрымальнікам для адкрыцця новага і для развіцця ўжо існуючага бізнесу абсалютна бясплатна.

Згодна з пастановай Саўміна № 590, калі такое памяшканне не прадаецца з аўкцыёну ці не здаецца ў арэнду цягам 60 каляндарных дзён, яно перадаецца ў бязвыплатнае карыстанне пад аформленыя дагаворам абавязацельствы па стварэнні рабочых месцаў. Прычым заяўніку не можа быць адмоўлена ў перадачы нерухомасці. Па сутнасці, адзіны крытэр — парадак чарговасці прапаноў.

То бок, прадпрымальнікам будзе прасцей атрымаць офіс, што для іх, безумоўна, плюс.