Кіраўнік МЗС Францыі: ЕС гатовы ўвесці новыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі

17 студзеня ніжняя палата парламента Францыі, Нацыянальны сход, прыняла рэзалюцыю з асуджэннем рэжыму Аляксандра Лукашэнкі.

Жан-Іў Ле Дрыян. © РІА Навіны / Віталь Белавусаў

Жан-Іў Ле Дрыян. © РІА Навіны / Віталь Белавусаў

Рэзалюцыя асуджае сістэматычныя рэпрэсіі з боку рэжыму Лукашэнкі, угон і прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» і інструменталізацыю мігрантаў, заклікае вызваліць усіх журналістаў і палітвязняў і правесці новыя, вольныя выбары.
Падчас абмеркавання праекта рэзалюцыі ў Нацыянальным сходзе міністр замежных спраў Францыі Жан-Іў ле Дрыян заявіў, што Францыя і ЕС не могуць пакінуць без рэакцыі рух беларускага рэжыму ў бок аўтарытарызму.
Ле Дрыян указаў на непразрыстасць падрыхтоўкі канстытуцыйнай рэформы ўладамі.
«Без найменшых саступак з боку ўрада гэты праект рэформ не дазволіць пачацца доўгачаканаму працэсу дэмакратызацыі рэжыму. Не будзем падманвацца: намечаны на канец лютага рэферэндум па зацвярджэнні канстытуцыйнай рэформы, несумненна, пройдзе з такімі ж фальсіфікацыямі, як і выбары ў жніўні 2020 года», — заявіў ле Дрыян.
Кіраўнік МЗС Францыі лічыць, што Лукашэнка хоча толькі аднаго: застацца ва ўладзе, — і гатовы зрабіць усё для гэтага. Паводле яго слоў, з гэтай прычыны прызначаны пасол Францыі ў Беларусі не ўручаў даверчыя граматы Лукашэнку, а потым пакінуў краіну, калі Беларусь выступіла супраць працягу яго місіі.
Ле Дрыян заявіў, што ў апошнія месяцы беларускі рэжым праводзіў палітыку дэстабілізацыі. У якасці прыкладу ён прывёў прымусовую пасадку самалёта «Ryanair» і сітуацыю з мігрантамі. «У рамках Міжнароднай арганізацыі грамадзянскай авіяцыі (ICAO) мы цяпер робім неабходныя крокі для прыцягнення беларускіх уладаў да адказнасці за гэты акт паветранага пірацтва», — заявіў кіраўнік французскага МЗС.


Паводле слоў ле Дрыяна, Еўрасаюз гатовы ўзмацніць санкцыі ў дачыненні да беларускага рэжыму, у «залежнасці ад развіцця і ацэнкі сітуацыі», але будзе дзейнічаць паступова.
«Наш падыход — паступовы, каб даць рэжыму Лукашэнкі магчымасць адрэагаваць. У адваротным выпадку мы атрымаем новыя наступствы», — растлумачыў ён. Мэта санкцый — прымусіць рэжым Лукашэнкі ўступіць у дыялог з дэмакратычнай апазіцыяй. Палітык мяркуе, што ўжо ўведзеныя санкцыі даюць эфект, асабліва ў фінансавым сектары.
Кіраўнік МЗС Францыі падкрэсліў, што Парыж адмаўляе Аляксандру Лукашэнку ў легітымнасці, у тым ліку дыпламатычнай.
reform.by