Кіраўнік МЗС Чэхіі: санкцыі ЕС супраць уладаў Беларусі ўступяць у сілу не пазней за 21 верасня
Міністр замежных спраў Чэхіі Томаш Петршычэк заявіў, што спіс асобаў, якія падпалі пад санкцыі, можа быць дапоўнены, перадае Радыё Свабода.
«Лічу, што санкцыі ЕС уступяць у сілу не пазней 21 верасня, — заявіў міністр у эфіры Чэшскай тэлевізіі. — Першапачаткова ў санкцыйны спіс уваходзілі 20 асобаў, адказных за маніпуляцыі падчас выбараў і прымяненне сілы супраць удзельнікаў акцый пратэсту. Мы зноў назіраем жорсткае абыходжанне з мірнымі дэманстрантамі, так што гэты спіс у бліжэйшыя дні мы можам пашырыць».
Паводле міністра, Еўрасаюз ставіць на мэце пачатак перамоваў паміж беларускімі ўладамі і апазіцыяй. Акрамя таго, заявіў ён, кіраўніцтва Беларусі павінна выканаць абавязанні, якія вынікаюць з сяброўства краіны ў АБСЕ, і забяспечыць, у прыватнасці, дзейнасць на тэрыторыі краіны місіі гэтай міжнароднай арганізацыі.
Радыё Свабода