Карпянкоў назваў каліноўцаў «дзецьмі» і пагражае расправіцца з палком

Грамадству паказалі вучэнні ветэранаў беларускіх карных органаў. Ім па 50-55 гадоў. Мы б не сталі так самаўпэўнена кідацца словамі на месцы былога кіраўніка губазікаў.

Карпянкоў з бандай б'е шкло ў мінскай кавярні ў 2020

Карпянкоў з бандай б'е шкло ў мінскай кавярні ў 2020

«У нас вельмі шмат патрыятычна настроеных баявых легендарных ветэранаў. У кагосьці дзеці, у кагосьці ўнукі, тут байцы, якім па 45 гадоў — гэта, відаць, самыя маладыя, па 50-55 гадоў. У кожнага за спінай па 30 гадоў службы і тысячы выкананых заданняў», — адзначыў камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў.

Курс падрыхтоўкі на зборах укладаецца ў 10 дзён, што дастаткова для байцоў, якія ў свой час служылі ў падраздзяленнях спецыяльнага прызначэння. Яны атрымаюць новыя веды ў тактычнай, агнявой і медыцынскай падрыхтоўцы.

Са слоў Карпянкова, полк Каліноўскага і рознага кшталту харугвы — гэта проста дзеці ў параўнанні з байцамі, якія знаходзяцца на зборах.

«Калі толькі нам Радзіма паставіць задачу, мы аб'явім паляванне на іх у нашым памежжы»,

 — падкрэсліў Карпянкоў.

Некаторыя не бралі ў рукі зброю па 5 ці 10 гадоў, адзначае прапагандысцкі ролік на ТБ. Ветэраны збіраюцца, каб атрымаць новы досвед і "асвоіць дроны". За навучанне адказваюць інструктары "з неабходным баявым досведам".

«За гэты час шмат што змянілася ў плане ўзбраення, экіпіроўкі, новых мадэляў», — сказаў былы спецназавец Сяргей Клімовіч.

Так званыя ветэраны спецслужбаў

Так званыя ветэраны спецслужбаў

— Калі былі пагрозы, пачынаючы з 2020 года, асабліва цяпер, калі мы з'яўляемся дзяржавай, якая мяжуе з дзвюма ваюючымі краінамі, пагрозы ніколі не было. Натуральна, ветэраны, людзі, якія ў цяжкія 1990-я наводзілі парадак на вуліцах, змагаліся са злачыннасцю, мы не можам застацца абыякавымі, — сказаў старшыня Беларускай асацыяцыі ветэранаў спецназа МУС «Гонар» Дзмітры Паўлічэнка, больш вядомы як меркаваны забойца апазіцыйных палітыкаў, выкрадзеных у канцы 90-х: Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і іншых.