Карбалевіч: Лукашэнка — закладнік сваёй жа сістэмы
Палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч на «Позірку» сцвярджае, што пасля сыходу Лукашэнкі, які так і іначай адбудзецца, разбурыцца і ўся створаная ім сістэма.
У персаналісцкай дыктатуры няма механізмаў транзіту ўлады пасля сыходу ранейшага кіраўніка. І часцей за ўсё ў выніку ўзнікае палітычны крызіс, які можа паставіць пад пытанне існаванне рэжыму.
25 студзеня, прызначаючы новага міністра аховы здароўя, Аляксандр Лукашэнка анансаваў сур'ёзныя перамены ў кіраўніцтве дзяржаўнымі ўстановамі: «Ідзе замена, ратацыя кадраў ва ўсіх міністэрствах, ведамствах. Гэта практыка вядомая. Напярэдадні парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбараў мы заўсёды абнаўлялі склад і ўрада, і мясцовых органаў улады. Аблвыканкамы, гарвыканкам мінскі».
Кіраўнік растлумачыў: «Абнаўлялі, каб людзі бачылі, з кім далей мы будзем працаваць, прымаючы пастанову на тых ці іншых выбарах, — ці варта давяраць гэтай камандзе. Даўно была такая практыка мною ажыццёўлена. Не выключэнне і дадзены момант. < ... > Падобныя дзеянні з майго боку (кадры — гэта прэрагатыва прэзідэнта) будуць працягнутыя і ў бліжэйшы час, аж да прэзідэнцкіх выбараў».
Кіраўнік ужо рыхтуецца да выбараў 2025 года
На што тут важна звярнуць увагу? Перш за ўсё — кадравыя перамены Лукашэнка звязвае з выбарамі. Прычым парламенцкія і прэзідэнцкія выбары аб'ядноўвае ў адну кампанію. Нагадаю, другія павінны прайсці ў сярэдзіне 2025 года. Гэта значыць, ён пачаў рыхтавацца за паўтара года! Такога ранняга пачатку выбарчай кампаніі ў палітычнай практыцы Лукашэнкі яшчэ не было.
Другі момант. Лукашэнка сцвярджае, што «напярэдадні парламенцкіх, прэзідэнцкіх выбараў мы заўсёды абнаўлялі склад і ўрада, і мясцовых органаў улады», «даўно была такая практыка мною ажыццёўлена».
На самой справе гэта не так. І згодна з Канстытуцыяй, і паводле нармальнай логікі змена ўрада адбываецца не перад прэзідэнцкімі выбарамі, а пасля іх. Гэта значыць, урадавы кабінет складае свае паўнамоцтвы і зноў абраны прэзідэнт фармуе новы ўрад. Так рабілася і ў Беларусі.
Але было адно выключэнне. Напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, 4 чэрвеня, Лукашэнка памяняў урад: замест Сяргея Румаса прэм'ерам стаў Раман Галоўчанка. Але тое была экстрэмальная сітуацыя, краіна знаходзілася напярэдадні рэвалюцыі, таму ў экстраным парадку з кіраўніцтва выдаляліся чыноўнікі, якія здаваліся недастаткова лаяльнымі.
Цяпер жа ўсё быццам бы стабільна, але, тым не менш, апёкшыся на малацэ, дзьмуць на ваду.
Сергеенка будзе адхілены, Галоўчанка, верагодна, таксама
Пра адну важную будучую змену ўжо вядома. З'яўленне кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Ігара Сергеенкі ў ліку кандыдатаў у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў азначае, што ён хутка сыдзе з цяперашняй пасады.
Генерал Сергеенка, які займаў пасаду першага намесніка старшыні КДБ, быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта 6 снежня 2019 года — якраз да прэзідэнцкіх выбараў наступнага года. Яго галоўнай задачай было правесці тую кампанію ціха, спакойна, беспраблемна, як тэхнічную працэдуру.
Аднак усё пайшло не так. Задачу Сергеенка скандальна праваліў. Падчас масавых пратэстаў 2020 года, каб выратаваць сітуацыю, Лукашэнку давялося ліхаманкава мяняць кіраўнікоў усіх праваахоўных органаў. І нават дзіўна, што Сергеенка пратрымаўся так доўга пасля такога грандыёзнага фіяска.
Але цяпер прыйшла яго чарга. Лукашэнка шукае новага кіраўніка адміністрацыі, які змог бы паспяхова правесці прэзідэнцкую кампанію 2025 года.
Мабыць, прадвызначаны палітычны лёс кіраўніка ўрада Рамана Галоўчанкі. Летась Лукашэнка чапляўся да яго, прычым без асаблівай нагоды. Восем разоў публічна папракаў за дрэнную працу, пагражаў адстаўкай.
Напрыклад, у жніўні Лукашэнка загадаў адклікаць прэм'ера з адпачынку, таму што не спадабаўся ход уступнай кампаніі ў навучальныя ўстановы. Хоць, здавалася б, пры чым тут Галоўчанка, які ў асноўным займаецца эканомікай? Ёсць жа міністр адукацыі. У снежні Лукашэнка абвінаваціў урад у тым, што агуркі дарагія.
Гаворыць пра змену пакаленняў, але сам сыходзіць не збіраецца
26 студзеня на цырымоніі ўручэння дыпломаў доктара навук і атэстатаў прафесара кіраўнік зноў загаварыў пра кіруючыя кадры. «Ідзе змена пакаленняў, і нам бы тут не памыліцца», — заявіў ён. Разважаючы пра ролю так званага «Усебеларускага народнага сходу» (УНС), адзначыў: «Гэты орган павінен падчас пераходнага перыяду, змены пакаленняў быць на варце, ён павінен бачыць, што адбываецца».
Было б лагічна гаварыць пра змену пакаленняў, пераходны перыяд пры ўмове, калі б сам Лукашэнка збіраўся сыходзіць у адстаўку. Але ён гэтага рабіць не збіраецца.
Аднак з разваг кіраўніка вынікае, што ён разумее праблему захавання сваёй палітычнай спадчыны пасля сыходу з палітыкі, які рана ці позна павінен адбыцца хоць бы ў сілу біялагічных прычын.
У персаналісцкай дыктатуры адсутнічаюць механізмы пераходу ўлады ад ранейшага ўладара. І часцей за ўсё гэты працэс выклікае палітычны крызіс, які можа пагражаць рэжыму.
Акрамя таго, пры рэжыме асабістай улады ўся сістэма ўладных інстытутаў і механізмаў пашытая пад аднаго чалавека, замкнёная на ім. Функцыянаваць яна здольная толькі з прычыны пастаянных і актыўных імпульсаў, што сыходзяць ад яго, і адначасова жорсткага падаўлення ўсіх іншых палітычных фактараў як у рамках сістэмы, так і па-за ёю.
У такой мадэлі асоба, якая стаіць на чале рэжыму, з'яўляецца незамяняльнай. Лукашэнка — вузлавое звяно. І яго выпадзенне, хутчэй за ўсё, разбурыць усю сістэму, пацягне за сабой змену рэжыму.
Правадыр стаў закладнікам сістэмы
Інакш кажучы, без цяперашняга правадыра існуючы рэжым нежыццяздольны. І ў выпадку змены лідара ён будзе вымушаны хутка або паступова трансфармавацца. І зменай кіруючых кадраў гэтую праблему не вырашыць.
Атрымліваецца, што Лукашэнка не толькі архітэктар і стваральнік гэтай сістэмы, але цяпер ужо і яе закладнік. Ён не можа сысці, паколькі гэта пагражае абрынуць створаную ім сацыяльную мадэль.
І цяпер улада, што была калісьці запаветнай марай, стала праклёнам правадыра. Яго грызе страх перад будучыняй, і ён не можа гэта схаваць. Адной з праяў гэтага страху з'яўляюцца дрэнна матываваныя палітычныя рэпрэсіі.
Адсюль і спроба стварыць нейкую страхоўку ў выглядзе УНС. Маўляў, «гэты орган павінен падчас пераходнага перыяду, змены пакаленняў быць на варце».
Але спроба відавочна нязграбная. Пакуль сам Лукашэнка захоўвае ўладу, палітычная сістэма будзе працаваць, а УНС застанецца такой жа дэкарацыяй, як і парламент. А калі цяперашні правадыр сыдзе з улады, то ніякай «варты» з гэтага органа не атрымаецца.