Карбалевіч: Дапамога Крамля Лукашэнку наўрад ці спатрэбіцца

Расія гатовая зноў «падставіць плячо» падчас так званых выбараў у студзені 2025 года. Але ці варта чакаць расійскіх вайскоўцаў на беларускіх вуліцах?

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Расія акажа афіцыйнаму Мінску «дапамогу» ў выпадку «спроб дэстабілізацыі» сітуацыі падчас прэзідэнцкіх выбараў 2025 года. Гэтая заява амбасадара РФ у Мінску Барыса Грызлова ў інтэрв'ю РІА «Новости» нарабіла шмат шуму ў беларускіх незалежных СМІ. Што б яна азначала?

Уласна, само інтэрв'ю прымеркавана да 25-годдзя стварэння Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. Амбасадар расказвае пра ўсе аспекты беларуска-расійскай інтэграцыі.

У прыватнасці, Грызлоў праінфармаваў, што рыхтуюцца два важныя дакументы ў сферы бяспекі: Дагавор аб гарантыях бяспекі і новая Канцэпцыя бяспекі Саюзнай дзяржавы. Абодва дакументы мяркуецца падпісаць на чарговым пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета Саюзнай дзяржавы ўжо да канца бягучага года, піша Валерый Карбалевіч на «Позірку».

Таму заявы, што нарабілі шуму, варта ацэньваць у кантэксце агульных разваг амбасадара пра бяспеку саюзнікаў. Грызлоў разглядае «дэстабілізацыю» як праекцыю знешніх пагроз, як іх працяг. Маўляў, знешнія ворагі могуць выкарыстоўваць апазіцыю ў эміграцыі, каб парушыць спакой і парадак у Беларусі. І ў такім выпадку Расія гатовая прыйсці на дапамогу, каб нейтралізаваць гэтыя знешнія пагрозы, у адпаведнасці з Дагаворам аб гарантыях бяспекі.

«Дапамога» Крамля падчас выбараў-2025 наўрад ці спатрэбіцца

Тут важна адзначыць, што Грызлоў — не тая фігура, якая вызначае палітыку Расіі ў дачыненні да Беларусі. Сёння ён — «збіты лётчык», адпраўлены ў ганаровую высылку ў беспраблемную, з пункту знешнепалітычных уяўленняў РФ, краіну. І наўрад ці можна лічыць, што Грызлоў транслюе пэўную і ўзгодненую пазіцыю Масквы, што праз яго Уладзімір Пуцін перадае нейкі сігнал.

Хоць, безумоўна, гэтая рэпліка амбасадара адлюстроўвае цяперашнія настроі расійскай эліты. Іх сутнасць у тым, што Расія не можа «страціць» Беларусь, не гатовая пагадзіцца на змяненне яе статусу як самага блізкага хаўрусніка. І дзеля захавання статус-кво яна дэманструе гатоўнасць прымяніць сілавыя дзеянні.

Але тут важна ўлічваць некалькі абставінаў. Па-першае, пагроза сілавога ўмяшання Расіі ў нейкі меркаваны ўнутраны крызіс у Беларусі выглядае вельмі гіпатэтычнай. Перш за ўсё, з той прычыны, што палітычная сітуацыя ў краіне сёння характарызуецца жалезабетоннай стабільнасцю.

Прэзідэнцкія выбары прызначаныя на 26 студзеня наступнага года. Яны будуць вельмі стэрыльнымі, без удзелу апазіцыі, любых апанентаў. Аніякіх прыкмет пагрозлівай для рэжыму апазіцыйнай актыўнасці не відаць нават на гарызонце.


Глядзіце таксама

Тут адыгрывае ролю не толькі жорсткі тэрор супраць апанентаў. Дзейнічаюць і іншыя фактары. Сацыяльна-палітычная энергія, якая выплюхнулася ў пратэсты 2020 года, назапашвалася гадамі і нават дзесяцігоддзямі. Каб здарылася нешта падобнае, патрэбны немалы час, магчыма, нават з'яўленне новага пакалення, якое не мае траўмы ад цяперашніх рэпрэсій.

Але і ў выпадку нейкіх катаклізмаў Расія ўступіць у гульню толькі пры ўмове, што самі беларускія ўлады не справяцца з падаўленнем пратэстаў.

Другі момант. Калі і ўзнікне сітуацыя, якая запатрабуе расійскага ўмяшання, невядома, у якім стане будзе знаходзіцца сама Расія, якім будзе міжнародны кантэкст, чым скончыцца вайна ва Украіне.

Нельга выключаць, што РФ акажацца ў крызісе, як у 1990-я гады, калі фактычна цэлае дзесяцігоддзе яна вырашала ўнутраныя праблемы, толькі часам адцягваючыся, млява адгукаючыся на праблемы ў так званым «блізкім замежжы».

Менавіта гэтая акалічнасць дазволіла тады Беларусі адбыцца як суверэннай дзяржаве. Бо ў тыя гады ў беларускім грамадстве была моцная настальгія па СССР, народ у масе сваёй гатовы быў падтрымаць розныя формы цеснай інтэграцыі на постсавецкай прасторы. Ды і Аляксандр Лукашэнка адзін час марыў пра «шапку Манамаха», усяляк заклікаў Маскву да аб'яднання. Але так і не зраслося.

Таму лічу, што не варта так ужо палохацца і чакаць расійскіх танкаў у бліжэйшыя месяцы.

Умова Пуціна

Але тут трэба мець на ўвазе і яшчэ адзін нюанс. Знешняе сілавое ўмяшанне можа паўплываць на сітуацыю ў краіне самым нечаканым чынам.

Увод войскаў АДКБ у Казахстан у студзені 2022 года дзеючы прэзідэнт Касым-Жамарт Такаеў выкарыстаў, каб ліквідаваць двоеўладдзе, пазбавіўшы ўладных паўнамоцтваў былога кіраўніка дзяржавы Нурсултана Назарбаева.

Згадаем той жа 2020 год. Першыя 7-10 дзён пасля пачатку масавых пратэстаў у Беларусі Масква чакала, маўчала на афіцыйным узроўні. У гэты час расійскія федэральныя тэлеканалы захоўвалі нейтралітэт, досыць аб'ектыўна асвятлялі сітуацыю ў нашай краіне.

У Крамлі хацелі вызначыць, наколькі трывалыя пазіцыі Лукашэнкі. І толькі калі ўбачылі, што ў самыя крытычныя дні беларускі кіраўнік утрымаўся, Расія рашуча ўстала на яго абарону. Пуцін абвясціў, што падраздзяленні Расгвардыі гатовыя прыехаць у Беларусь у выпадку ўзнікнення беспарадкаў.

Але і тут сілавая падтрымка Расіі была не безумоўнай. Пуцін, мяркуючы па ўсім, паставіў умову, якая была вельмі непрыемнай для Лукашэнкі. А менавіта: той павінен сысці датэрмінова, не адбыўшы да канца сваю новую пяцігадовую прэзідэнцкую кадэнцыю.


Глядзіце таксама

17 верасня 2020 года, нагадвае Карбалевіч, міністр замежных спраў Расіі Сяргей Лаўроў даў тэлеканалу «RTVI» характэрнае інтэрв'ю, у якім заявіў: «Сам прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка сказаў, што, магчыма, ён "заседзеўся". Як сказаў беларускі лідар, пасля канстытуцыйнай рэформы ён будзе гатовы аб'явіць датэрмінова парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Гэтая прапанова паказвае рамкі, у якіх цалкам магчымы нацыянальны дыялог. Важна толькі, каб у працэс канстытуцыйнай рэформы былі ўцягнутыя прадстаўнікі ўсіх слаёў беларускага грамадства, каб гэтая рэформа была цалкам легітымнай і зразумелай для ўсіх жыхароў. Акрамя таго, патрэбныя нейкія канкрэтныя прапановы аб тым, калі, дзе і ў якой форме гэты працэс можа пачацца».

Лукашэнку гэта вельмі не спадабалася, ён рабіў нейкія намёкі, але нічога не абяцаў. Пазней яму, трэба меркаваць, удалося пераканаць Пуціна адмовіцца ад свайго патрабавання. А з пачаткам вайны Расіі супраць Украіны беларускі кіраўнік даказаў сваю вернасць Крамлю, і пытанне пра яго сыход было цалкам знятае з парадку дня.

Але асадак застаўся. І калі цяпер мы чуем, што Расія гатовая да сілавога ўмяшання ў беларускія справы, трэба памятаць той эпізод у жніўні — верасні 2020 года. Масква ў любым выпадку будзе зыходзіць са сваіх інтарэсаў, якія не заўсёды супадаюць з інтарэсамі самога Лукашэнкі. І на яго месцы варта было б насцярожыцца.