Кандыдатка на пасаду кіраўніка МЗС Германіі: «Мы перажываем падвойны шантаж з боку Лукашэнкі»

Сустаршыня партыі «Саюз-90»/«Зялёныя» Аналена Бербак, якую вылучылі на пасаду кіраўніка МЗС Германіі ў новым урадзе, выступае за жорсткі курс у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Пра гэта піша часопіс Der Spiegel, паведамляе DW.

Аналена Бербак

Аналена Бербак


«Мы перажываем падвойны шантаж з боку Лукашэнкі», — заявіла Аналена Бербак. З аднаго боку, ён выкарыстоўвае мігрантаў для разʼяднання Еўропы. З іншага боку, Лукашэнка хоча, каб еўрапейцы прызналі яго як суразмоўцу, хаця ён душыць апазіцыю, падкрэсліла палітык. Паводле слоў Бербак, «нельга дазваляць дыктатарам шантажаваць сябе».

«Простага рашэння для выхаду з крызісу не існуе»

Лідарка «Зялёных» упэўненая, што правільным было б зрабіць больш жорсткімі санкцыі ЕС у дачыненні да Беларусі і працягваць аказваць ціск на Лукашэнку. У той жа час дыпламатыя заўсёды азначае імкненне да дыялогу, падкрэсліла Бербак. «Вы не можаце праводзіць знешнюю палітыку без дыялогу», — канстатавала яна.
Тым не менш Бербак падвергла крытыцы два тэлефонныя званкі в. а. канцлера Германіі Ангелы Меркель Аляксандру Лукашэнку. На думку палітыка, тэлефанаваць беларускаму кіраўніку павінна была не кіраўніца ўрада ФРГ. «Простага рашэння» для выхаду з крызісу не існуе, аднак для Польшчы і Германіі важна дзейнічаць разам, упэўненая Бербак. На яе думку, «галоўным прыярытэтам» з'яўляецца клопат пра мігрантаў — «у тым ліку і на польскай тэрыторыі, то-бок на тэрыторыі ЕС».