Кандыдат-апазыцыянер на сустрэчы з выбаршчыкамі абвясціў, што здымаецца з выбараў

Актывіст Аб’яднанай грамадзянскай партыі і руху «За Свабоду» Уладзімір Кацора, кандыдат у дэпутаты па Сельмашаўскай акрузе № 32 у Гомелі, здымаецца з выбараў.

kacora.jpg


Як заявіў ён на сустрэчы з выбаршчыкамі, за час агітацыйнай кампаніі яго каманда распаўсюдзіла каля чатырох тысяч запрашэнняў на дадзеную сустрэчу. У выніку ў зале сабралося каля трыццаці чалавек.
Пасля дыскусій з выбаршчыкамі кандыдат заявіў, што здымаецца з выбараў і занясе 14 лістапада адпаведную заяву ў акруговую камісію.
«Я далей не магу пайсці. Мне, прабачце, мой гонар не дазваляе. Таму што ў камісіі не пускаюць апазіцыю, таму што на многіх участках няма назіральнікаў, таму што людзям усё абсалютна абыякава. Калі б рэальна былі людзі, назіральнікі, якія не давалі б камісіям вырабляць фальсіфікацыі, але гэтага няма», — растлумачыў сваё рашэнне Кацора.
З залы было зададзены пытанне, чаму тады палітык браў удзел у выбарах.
«Мэта нашага ўдзелу ў гэтай так званым вэрхале — паказаць, што мы яшчэ жывыя, і ў маёй асобе гомельская апазіцыя хоць неяк жывая. Данесці да вас каштоўнасць бел-чырвона-белага сцяга, з якім мы стаялі сёння на пікеце, каштоўнасць нашай незалежнасці, выкарыстоўваць хаця б гэтыя паўтары месяцы, калі можна казаць усё, легальна збірацца — як сёння ў гэтай залі», — адказаў кандыдат у дэпутаты .
Паводле слоў Кацоры, за свае перакананні ён «дзевяць разоў быў змешчаны ў ІЧУ, шматкроць быў аштрафаваны».
Адна з удзельніц сустрэчы абурылася бел-чырвона-белым сцягам на пікеце ва Уладзіміра Кацоры і заявіла, што ў Гомельскім раёне пад гэтым сцягам «забівалі мірнае насельніцтва».
«У вас на сцягу напісана "За свабоду". Якой яшчэ свабоды вам не хапае?» — спытала яна. «Для вас свабода гэта нішто, таму мы зараз на такім дне, — парыраваў ёй Кацора. — Для вас свабода — гэта халадзільнік, гэта хлеб, малако і чарка. Пра што казаць? Таму намі і кіруюць вось такія людзі».
Па акрузе № 32 былі зарэгістраваныя чатыры кандыдаты. Акрамя Кацоры, гэта дырэктар школы Ніна Клязовіч, сябра Партыі БНФ Васіль Раманаў, начальнік аддзела ААТ «Гомсельмаш» Аляксандр Данчанка.
Паводле naviny.by