«Калі сёй-той хоча паслаць сігнал, то трэба рабіць гэта выразна, і лепш з ім не зацягваць»
Аўтар тэлеграм-каналу «Лісты да дачкі» разважае, што часам выратаванне прыходзіць не ад хаўрусніка, а ад, падавалася б, ворага. І некаму тут ёсць чаму павучыцца. Пакуль яшчэ не страчаная гэтая магчымасць.
А ты памятаеш павучальную гісторыю, якую я табе распавядаў месяц таму пра пакінутае без расійскага газу Прыднястроўе? Як там ўсталі ўсе заводы, адключылі цяпло і пачалі адключаць электрычнасць? Дык яна аказалася яшчэ больш павучальнай, чым я думаў. Таму што газ у Прыднястроўе вярнуўся, але не з таго боку, адкуль яго там увесь гэты месяц чакалі.
Пачынаючы з суботы газ для Прыднястроўя купляе Малдова. На грошы гранта Еўрасаюза. Гэта значыць, выратавалі Прыднястроўе тыя самыя людзі, якія ўвесь час падрывалі прыднястроўскую стабільнасць ва ўсіх прыднястроўскіх тэлевізарах.
І яны б выратавалі Прыднястроўе раней. Не трэба было пакутаваць увесь гэты месяц. Таму што Малдова прапанавала сваю дапамогу яшчэ да таго, як у Прыднястроўі адключылі газ. Але прыднястроўскія ўлады адмовіліся, бо ўвесь гэты час яны чакалі, што Расія ім дапаможа. Ну, яны так прывыклі. Думалі, што калі Расія іх прыручыла, то цяпер ужо і не кіне.
Але аказалася, што, вядома ж, абавязкова кіне. Ну не так каб зусім кіне на волю лёсу. Як патлумачыў кіраўнік Прыднястроўя Вадзім Краснасельскі «расійскі бок, цікавіўся як мы сустрэнем гэтую праблему, як мы гатовыя да яе». А расійскі МЗС неаднаразова заяўляў, што ён не дапусціць замахаў на прыднястроўскі суверэнітэт ідэалагічна сумнеўным газам.
Гэта значыць, расійскія ўлады рабілі для хаўрусніка ўсё, што маглі. Выказвалі не толькі глыбокія заклапочанасці, але яшчэ і шчырыя зацікаўленасці. А ўлады Прыднястроўя ўвесь гэты час чакалі. І толькі калі газу ў Прыднястроўі засталося на тры дні (у літаральным сэнсе гэтага слова) яны пагадзіліся, каб Малдова і Еўрасаюз іх выратавалі. Цяпер Прыднястроўе можа і далей спакойна чакаць, пакуль Расія дасць ім крэдыт, каб купляць газ праз Малдову.
Ну і, пагадзіся, што сёе-каму тут ёсць чаму павучыцца. Ён мог бы ў прынцыпе павучыцца і раней. Напрыклад, калі Расія ўсімі сваімі глыбокімі заклапочанасцямі дапамагала Арменіі ў вайне з Азербайджанам. Ці, калі стабільнасць Асада 95 адсоткаў раптам скончылася. Але хтосьці не навучыўся.
Хоць, я вось зараз падумаў, што, можа быць, я дарма нагаворваю. Можа і вучыўся, але саромеецца пра гэта сказаць услых. Вось літаральна нядаўна сакратар Вальфовіч сказаў, што ён больш не бачыць адкуль на Беларусь рыхтуецца напад. Гэта значыць, раней бачыў з усіх бакоў, а цяпер раптам перастаў. Затое, міністр як бы замежных спраў Рыжанкоў стаў чуць галасы калектыўнага Захаду, якія яму шэпчуць, што калектыўны Захад хоча з ім сябраваць. І я ўжо не кажу, пра прыступы гуманізму, якія здараюцца ў гаранта сваёй стабільнасці.
Але я хачу сказаць, што калі сёй-той хоча паслаць сігнал, то трэба рабіць гэта, па-першае, выразна, а, па-другое, лепш з ім не зацягваць. Таму што гарантыі мінаюць, росквіт аказаўся не такім квітнеючым якім яго малявалі.
А стабільнасць не становіцца больш стабільнай з таго часу, як сокалы скінулі пацука на прыступкі Дома Урада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі кандыдатамі ў прэзідэнты Бабарыку і Цапкалу.