Кацярына Глод: Санкцыі працягваюцца, бо іншых інструментаў у Захаду няма

Як працуюць і чаму не працуюць санкцыі Захаду адносна Беларусі? Чаму Захад працягвае санкцыйны ціск, і калі гэты ціск можа даць плён? Як змянілася стаўленне ў Еўропе да беларусаў у цэлым і да Святланы Ціханоўскай у прыватнасці? І што зменіцца ў 2024-м?

berlin_svet1_logo.jpg

Палітычны аналітык, супрацоўніца Цэнтру аналізу еўрапейскай палітыкі Кацярына Глод і аглядальнік «Радыё Свабода» Юрый Дракахруст падсумавалі некаторыя вынікі 2023-га года ў праграме «Падзея і камэнтар».

— Кацярына, ці працуюць заходнія санкцыі адносна Беларусі? А калі працуюць, то ў якой ступені?

— Ці атрымліваецца ў Захаду ажыцьцяўляць ціск на рэжым Лукашэнкі? Я думаю, што ў гэтым сэнсе санкцыі працуюць недзе на 20-30%. Калі ж гаварыць пра ўзьдзеяньне на эканоміку, то, зразумела, санкцыі працуюць. Гандаль Беларусі з ЭЗ зьменшыўся амаль на 70%.

Расея здолела перанакіраваць на сябе 60% таго гандлю, які быў у Беларусі з ЭЗ. Таксама спынілася пастаўка беларускіх калійных угнаеньняў празь літоўскія порты. Яны перанакіраваныя на расейскую чыгунку і расейскія порты, адкуль экспартуюцца ў Кітай і Індыю. І гэта выходзіць для Беларусі значна даражэй. Беларускія чыноўнікі ня езьдзяць у ЭЗ і больш ня маюць магчымасьці выпраўляцца на шопінг у Вільню ці Варшаву. З кожным пакетам санкцыяў сьпіс неўязных у ЭЗ чыноўнікаў пашыраецца. Гэта пэўны ціск на рэжым, але ня вельмі моцны. З прычыны санкцыяў даводзіцца больш езьдзіць у Афрыку, шукаць новыя рынкі. Але яна далёкая, лягістыка для гандлю там значна горшая, чым была для Беларусі ў ЭЗ.

Магчыма, сёньня макраэканамічны эфэкт санкцыяў не такі прыкметны. Тут шмат прычынаў — гэта і пандэмія, і паляпшэньне ўмоваў гандлю пасьля пандэміі, і вайна Расеі ва Ўкраіне. Але мы бачым, што інфляцыя паскараецца. Усе кажуць, што санкцыі маюць кумулятыўны эфэкт. Каб ён праявіўся, павінна прайсьці некалькі гадоў, тады праявіцца макраэканамічны эфэкт.

Да таго ж, калі побач ёсьць такая краіна, як Расея, даволі проста абыходзіць санкцыі. Для Захаду гэта наагул даволі новая зьява — абыход санкцыяў. Тое, што ў свой час рабіў Іран, сёньня робяць Расея і Беларусь. Цяпер створана адмысловая інстытуцыя ў ЭЗ, якая адсочвае выпадкі абыходу санкцыяў (у ЗША такая інстытуцыя даўно ёсьць). Але на гэта патрэбныя сродкі і час. Калі мы складзем гэтыя чыньнікі, то можна сказаць, што эфэкт, на які мы спадзяваліся, ёсьць, але ён адносны.

— Вы чамусьці не гаворыце пра базавы момант. Санкцыі ўводзіліся ня дзеля таго, каб адно толькі «зрабіць балюча» Лукашэнку. Яны ўводзіліся дзеля таго, каб зьмяніць паводзіны беларускага рэжыму. У гэтым сэнсе які плён?

— Рэжыму «чыняць боль», каб ён зьмяніў свае паводзіны, каб імкнуўся пазбавіцца ад гэтага «болю». У гэтым мы ня бачым амаль ніякіх зьменаў. Але гэта таму, што на сёньняшні дзень ёсьць Расея, якая падтрымлівае Лукашэнку. Гэта багатая краіна, і ў яе ёсьць шмат інструмэнтаў, якімі яна можа падтрымліваць Беларусь.

Санкцыі працягваюцца, бо іншых інструмэнтаў у Захаду няма, акрамя як прывесьці ў Беларусь сваю армію і міжнародную паліцыю. Аднак такога шляху няма, ён існуе толькі тэарэтычна. Захад яшчэ можа падтрымліваць грамадзянскую супольнасьць і апазыцыю ў Беларусі, каб яны прасоўвалі свой парадак дня.

— А дыпляматыя як інструмэнт тут выкрэсьліваецца?

— Канфідэнцыйныя перамовы вядуцца. Але сёньня Захад ня можа нічога прапанаваць Лукашэнку, каб ён сказаў: «Добра, я вызвалю некалькі палітвязьняў». Да вайны Расеі з Украінай, калі Лукашэнка спрабаваў выбудоўваць адносіны з Захадам, калі ён баяўся, што Беларусь стане наступнай пасьля Крыму, — тады магчымасьці для дыпляматыі былі. Сёньня Захад у сфэры дыпляматыі нічога ня можа прапанаваць, каб Лукашэнка хаця б вызваліў некалькіх палітвязьняў.

Сваю пазыцыю, свае ўмовы для Лукашэнкі Эўразьвяз сфармуляваў яшчэ ў 2020 годзе: дыялёг з грамадзянскай супольнасьцю, спыненьне рэпрэсіяў і свабодныя выбары. Калі гэтыя ўмовы будуць выконвацца, Эўразьвяз будзе рабіць свае крокі.

Калі б сёньня Ціханоўская сказала, што трэба весьці перамовы з рэжымам, што трэба прызнаваць Лукашэнку легітымным прэзыдэнтам, а яна адмаўляецца ад сваёй ролі, то ў такім разе Захад, відавочна, да яе прыслухаўся б.

— Думаеце, што прыслухаўся б?

— Думаю, што так. Да яе прыслухоўваюцца. Але ЭЗ — гэта 27 краінаў, і яны не прымаюць рашэньні аднаасобна. Сытуацыя з пачаткам перамоваў з Украінай пра ўступленьне ў ЭЗ паказвае, што калі нават толькі адна краіна супраць, то рашэньне не прымаецца.

Глядзіце таксама

— Сёлета Сьвятлана Ціханоўская агучыла выразны геапалітычны выбар дэмакратычных сілаў Беларусі на карысьць Эўропы, Эўразьвязу, эўраінтэграцыі. Падчас выбараў 2020 году яна нічога такога не заяўляла. Якую рэакцыю ў Эўропе гэта выклікала? Ці ўспрынялі там гэта як выбар Беларусі?

— Гэтая ініцыятыва разглядаецца як выбар прынамсі значнай часткі беларускага грамадзтва. Рэакцыя на гэтую ініцыятыву — тое, што ў ЭЗ адрозьніваюць грамадзтвы Беларусі і Расеі. Там разумеюць, што ў Беларусі іншая грамадзкая думка, чым у РФ. Што ладная, калі ня большая частка беларусаў хоча добрых стасункаў з ЭЗ. І гэта добра ўспрымаюць у Эўразьвязе.

Людзі ў Беларусі не пратэстуюць, Лукашэнка праводзіць такую ж палітыку, як Расея, і, чаго хоча народ Беларусі, ніхто ня ведае. А Ціханоўская агучвае іншы выбар, і пра Беларусь у Эўропе не забываюць. Другі момант — гэта падтрымка грамадзянскай супольнасьці. Гэта складана цяпер рабіць унутры краіны, офіс Эўракамісіі ў Менску рэалізуе цяпер зусім невялічкія праекты. Таму цяпер падтрымка грамадзянскай супольнасьці — гэта падтрымка яе ў дыяспары.

Зараз пачынаюцца перамовы аб уступленьні ў ЭЗ Малдовы і Ўкраіны. Пры зьмене рэжыму ў Беларусі ёсьць такая ж магчымасьць распачаць эўраінтэграцыю. Калі будзе жаданьне ў новых уладаў і ў большасьці беларускага народу, Беларусь таксама можа ісьці гэтым шляхам.

— Ці можна сьцьвярджаць, што сёлета адбывалася «паўзучае» прызнаньне інстытутаў дэмакратычных сілаў (кансультацыйная група АПК з ЭЗ, стратэгічны дыялёг з ЗША)? Калі так, то чаму ўсё ж не адбылося афіцыйнага прызнаньня АПК легітымным урадам у выгнаньні, а Ціханоўскай — прэзыдэнтам-электам?

— Называць Ціханоўскую прэзыдэнтам-электам, а АПК урадам у выгнаньні ня будуць, бо ёсьць прыклад Вэнэсуэлы. І настроі падчас галасаваньня ў 2020 годзе, і альтэрнатыўны падлік галасоў на плятформе «Голас» паказалі, што за Ціханоўскую прагаласавала больш, чым за Лукашэнку, і ня выключана, што яна перамагла ўжо ў першым туры. Сымбалічнае прызнаньне яе адбылося ўжо тады.

Але інстытуцыйнае прызнаньне займае час. Справа ня ў назвах, але зь Ціханоўскай сапраўды размаўляюць як зь легітымнай прадстаўніцай беларускага народу. Гэта ня значыць, што для Захаду Лукашэнка — ніхто, звычайны беларус. Усе разумеюць, што ён кіруе краінай, ён ажыцьцяўляе рэпрэсіі і вядзе вонкавую палітыку ў расейскім рэчышчы. Але на Захадзе падзяляюць рэжым і народ. Людзі зь Беларусі празь Ціханоўскую могуць даносіць свае погляды і жаданьні, якой яны хочуць бачыць Беларусь.

— Чаго можна чакаць у адносінах Беларусі з Захадам у 2024 годзе?

— Я мяркую, што адносіны паміж дэмакратычнымі сіламі і краінамі Захаду будуць больш інстытуцыяналізавацца. Ня думаю, што Ціханоўская страціць свой уплыў (у 2024 годзе дакладна не). Яна будзе разглядацца як легітымная прадстаўніца беларускага народу. Мяркую, што і пасьля 2025 году яна будзе разглядацца гэтаксама.

Прэзыдэнцкія выбары 2025 году ня будуць прызнаныя ні справядлівымі, ні дэмакратычнымі. Я мяркую, што з боку Захаду павялічыцца фінансавая падтрымка грамадзянскай супольнасьці, у тым ліку і праектаў, зьвязаных зь беларускай культурай і ідэнтычнасьцю.

Хада падзеяў унутры Беларусі будзе вельмі залежаць ад хады вайны ва Ўкраіне. Невядома, ці будуць ЗША і далей у тым жа аб’ёме працягваць падтрымліваць Украіну. І ня выключана, што пры пэўных абставінах Эўропе давядзецца ўзяць на сябе ўвесь кошт узбраеньня Ўкраіны.

Захаваны правапіс арыгіналу