Юстас Палецкіс: Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі выклікае асцярогу
Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі «застаецца сумнай і выклікае асцярогу». Пра гэта гаворыцца ў справаздачы, якую дакладчык дэлегацыі Еўрапарламента (ЕП) па Беларусі Юстас Палецкіс падрыхтаваў для Савета ЕС, Еўракамісіі і Службы знешніх дзеянняў.
9 ліпеня камітэт па замежных справах ЕП ухваліў даклад у другім чытанні пасля таго, як у дакумент было ўнесена каля 300 паправак. Сёння тэкст ухваленага дакумента апублікаваны на сайце
Еўрапарламента.
У выніковым варыянце даклада гаворыцца: «Нягледзячы на змяншэнне ў
абсалютных лічбах палітычна матываваных арыштаў (паводле даных праваабарончага цэнтра "Вясна", з 868 у 2011 годзе да 235 у 2012-м), захоўваецца атмасфера рэпрэсій і
запалохвання».
У дакуменце таксама зазначаецца, што маючы адбыцца ў лістападзе ў Вільнюсе саміт Усходняга партнёрства «можа стаць важнай магчымасцю
для паляпшэння адносін паміж Беларуссю і ЕС пры ўмове, што беларускія ўлады вызваляць і рэабілітуюць усіх палітзняволеных», а ў палітычны дыялог паміж
Мінскам і Бруселем, які магчымы пры выкананні вышэйзгаданай умовы, павінны быць уцягнутыя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і апазіцыі Беларусі.
Еўракамісіі, Вярхоўнаму прадстаўніку ЕС па знешняй палітыцы і палітыцы бяспекі, Савету ЕС і дзяржавам — членам ЕС еўрапарламентарыі рэкамендуюць заклікаць беларускія ўлады паважаць
правы чалавека і рухацца ў кірунку дэмакратычных рэформ, каб спыніць самаізаляцыю краіны ад Еўропы.
ЕС таксама павінен яшчэ раз ясна акрэсліць: перадумовай якога-небудзць прагрэсу, які мог бы прывесці да зняцця санкцый і разблакіроўкі двухбаковых адносін, з'яўляецца безумоўнае і
неадкладнае вызваленне і рэабілітацыя ўсіх палітзняволеных, падкрэсліваецца ў дакладзе.
Еўрапарламент таксама мяркуе, што Расію і краіны Усходняга партнёрства варта запэўніць заклікаць Беларусь неадкладна вызваліць палітзняволеных.
ЕС, гаворыцца ў дакладзе, павінен «з найбольшай карысцю
выкарыстаць часовае прыпыненне візавых санкцый у дачыненні да міністра замежных спраў Беларусі як дыпламатычнага канала сувязі, і яго магчымы ўдзел у саміце Усходняга партнёрства найперш для таго,
каб садзейнічаць вырашэнню пытання аб палітзняволеных».
ЕС таксама павінен «заахвочваць дыялог з тымі чыноўнікамі, якія не былі персанальна ўцягнутыя ў рэпрэсіі, для таго, каб садзейнічаць развіццю беларуска-еўрапейскага супрацоўніцтва, а таксама іх
узаемадзеянню з беларускай грамадзянскай супольнасцю, каб у выніку аблегчыць правядзенне рэформ».
У справаздачы гаворыцца і пра тое, што Беларусь павінна выканаць усе рэкамендацыі Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека АБСЕ, зняць любыя абмежаванні на ажыццяўленне права на
свабоду сходаў, выказванняў, мірных сходаў, слова для прадстаўнікоў апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і няўрадавых арганізацый, у тым ліку ліквідаваць любыя перашкоды па рэгістрацыі НДА.
Апрача таго, зазначаецца ў дакладзе, у Беларусі неабходна правесці рэформы, якія гарантавалі б незалежнасць судовай сістэмы, не прыводзіць у выкананне вынесеныя ў 2013 годзе смяротныя прыгаворы
і ўвесці мараторый на смяротную кару.