Як Зяленскі парадзіраваў Лукашэнку (відэа)

У кіраўніка Беларусі заўжды былі добрыя стасункі з прэзідэнтамі Украіны, хто б ім ні быў. І з Кучмам, і з Юшчанкам, і з Януковічам, і з Парашэнкам. А як будзе з Уладзімірам Зяленскім, які не раз жартаваў з Лукашэнкі ў сваіх гумарыстычных шоу і нават асабіста яго парадзіраваў?

Фота: UNIAN

Фота: UNIAN

«Новы Час» сабраў некаторыя жарты Зяленскага і яго калег са «Студыі Квартал 95». Таксама мы вывучылі, як перасякаліся з Беларуссю бізнес-інтарэсы ўкраінскага алігарха Ігара Каламойскага, якога называюць лялькаводам і спонсарам выбарчай кампаніі кандыдата ў прэзідэнты Уладзіміра Зяленскага.
Што да Каламойскага, які з'яўляецца суўладальнікам групы кампаніяў «Прыват», то ў свой час яго авіякампанія «АвіяСвіт» спрабавала ладзіць палёты Кіеў-Мінск-Кіеў, аднак у 2013 годзе збанкрутавала.
Цяпер з Беларуссю бізнес Каламойскага канкурэнтна перасякаецца ў паліўнай галіне. Так, увесну мінулага года кампанія «Укртатнафта», якая ўваходзіць у «Прыват», чарговым разам патрабавала ад украінскага Міністэрства эканамічнага развіцця і гандлю абмежаваць аб'ёмы паставак беларускіх нафтапрадуктаў. Рэч у тым, што паводле Энергетычнай стратэгіі Украіны доля энергарэсурсаў адной краіны (крыніцы) на мясцовым унутраным рынку павінна быць не болей за 30%. Пры гэтым кампанія Каламойскага аб'ядноўвае ў адну сыравінную крыніцу з Расіяй і Беларусь. Зрэшты, увядзенне квотаў на нафтапрадукты з Беларусі можа не спатрэбіцца, бо новыя паліўныя пагадненні Мінска і Масквы істотна абмяжоўваюць для нашай краіны рээкспарт.
Што тычыцца гумарыстычнай творчасці Уладзіміра Зяленскага, то Аляксандру Лукашэнку ад яго даставалася не раз. Праўда, гэтыя жарты былі больш лагодныя, чымсьці на расійскім тэлебачанні.
Вось як Зяленскі жартаваў некалькі гадоў таму з Лукашэнкі і прэзідэнцкай выбарчай кампаніі-2015 у шоу «Чыста News». Намер кіраўніка Беларусі зноў балатавацца быў іранічна названы «сенсацыяй». Але пры гэтым было заўважана, што «няслушна ставіцца да выбараў прэзідэнта Беларусі як да прадказальнага і руціннага працэсу: бо пакуль незразумела, хто зойме другое і трэцяе месцы».
Што да інтрыгі на цяперашніх украінскіх выбарах, то, нагадаем, перад першым турам Аляксандр Лукашэнка выказаў перакананне, што прэзідэнтам Украіны застанецца Пётр Парашэнка. Думаецца, што такая самая яго стаўка і перад другім турам нягледзячы на падвойную перамогу Зяленскага ў першым.
Калі ж прэзідэнт ва Украіне памяняецца, то падчас сустрэчаў з Лукашэнкам Зяленскі наўрад ці будзе блазнаваць. Як, напрыклад, у нумары «Нармандская чацвёрка», дзе комік асабіста парадзіруе Лукашэнку як гаспадара мінскіх перамоваў па сітуацыі на паўднёвым усходзе Украіны паміж Аландам, Меркель, Парашэнкам і Пуціным. Палітыкі тут прадстаўленыя як музыкі гурта «Яшчэ тыя жукі».


Беларусі як Бацькарусі былі прысвечаныя і некалькі частак мультсерыялу «Казачная Русь».