Як улады Градна з прадстаўнікамі апазіцыі сустракаліся

Упершыню за 20 гадоў гарадскія ўлады Гродна ініцыявалі сустрэчу з прадстаўнікамі апазіцыйных дэмакратычных арганізацыяў, каб абмеркаваць сітуацыю вакол Дэкрэту №3.

Гродзенскія апазіцыянеры сустрэліся з уладамі свайго гораду

Гродзенскія апазіцыянеры сустрэліся з уладамі свайго гораду

Упершыню за 20 гадоў гарадскія ўлады Гродна ініцыявалі сустрэчу з прадстаўнікамі апазіцыйных дэмакратычных арганізацыяў, каб абмеркаваць сітуацыю вакол Дэкрэту №3.

Размова доўжылася цягам двух гадзінаў, аднак прадстаўнікоў СМІ на сустрэчу ў гарвыканкаме не пусцілі.

Як сцвярджае прадстаўнік партыі БНФ у Гродна Вадзім Саранчукоў, большую частку размовы заняла лекцыя пра тое, як развіваецца горад, як шмат усяго робіцца і якія планы ў гарадскога кіраўніцтва.

«Дэмакратычныя сілы выказалі сваю пазіцыю, якая была ўзгодненая ўчора. Мы маем тры асноўных патрабаванні для аднаўлення грамадзянскага дыялогу. Перш за ўсё, мы настойваем на ініцыяванне праз інстанцыю поўнай адмены Дэкрэту №3. Не мараторый, не частковую замарозку, а канчатковую адмену дэкрэту, які парушае заканадаўства Беларусі, канстытуцыю, міжнародныя нормы і ўвогуле здаровы сэнс. Другое — мы патрабуем аднаўлення свабоды сходаў у Беларусі. Гэта тое, што, безумоўна, цікавіць кожную арганізацыю, бо з канца 90-х гадоў не задаволена ніводная заяўка на масавае мерапрыемства. Трэцяе — мы патрабуем спынення палітычнага пераследу актывістаў. Тыя пратаколы, якія атрымоўваюць людзі за выказванне сваёй грамадзянскай пазіцыі, яны безумоўна павінны быць судом адмененыя», — кажа Вадзім Саранчукоў.

«Аднак канкрэтнага адказу на прапановы не паступіла, — дадае прадстаўнік партыі БНФ. — Былі дзяжурныя справы пра тое, што вельмі добра, што мы размаўляем. Так, мы хочам атрымаць ад Вас нейкія прапановы. Так, мы хочам сустракацца. Спадар Гой дэклараваў, што такія сустрэчы будуць праводзіцца неаднаразова на перадзе. Але пры ўсім пры гэтым, тая пазіцыя, з якой мы прыйшлі, іх не задавальняе».

Што да масавых мерапрыемстаў, прадстаўнікі апазіцыі запрасілі прадстаўнікоў гарвыканкаму ў парк Жылібера на мітынг, які адбудзецца 15 сакавіка. На што было заяўлена, што ўлада адказна ставіцца да арганізацыі мерапрыемстваў і таму не можа даць ніякіх дазволаў на правядзенне мітынгаў у горадзе.

img_1496.jpg


Замест адмяніць — «абваляць»

 Андрэй Ярмоленка, які прадстаўляў партыю АГП лічыць, што патрабаванні апазіцыі і грамадства не былі пачутыя:

«Яны пыталіся, як мы бачым папраўкі дэкрэту, як яго спрасціць, змяніць. «Абваляць», як кажуць, каб ён стаў больш гладкім. Было шмат сказана, але я думаю, што нашыя патрабаванні яны не пачулі. Яны зробяць свае вывады. На сваім мясцовым узроўні яны не гатовы прымаць такія рашэнні».


img_1592.jpg

Прадстаўнік праваабарончага Цэнтру «Вясна» Віктар Сазонаў выказаў спадзяванне на вырашэнне справы адносна пратаколаў, складзеных на ўдзельнікаў «Маршу недармаедаў», які прыйшоў у Горадні 19 лютага.

«Мы паднялі гэтае пытанне. На што нам адказалі: ёсць заканадаўства, складзеныя пратаколы, зараз усё будуць вырашаць суды. Але, калі гэтыя словы рэальна пачутыя, то мы ўбачым мяккую пазіцыю судоў. Таму што ў нашай сітуацыі суд не ўлічыць пазіцыю гораду не можа».

 belsat.eu