Як «русский мир» уплывае на Беларусь?

Толькі нацыянальная ідэнтычнасць можа стрымаць уплыў ідэалогіі «русского мира» на Беларусь, упэўнены гісторык Павел Церашковіч.

cihi_supraciu_dzmitryj_dzmitryeu_novy_czas5_logo__1_.jpg

На фоне вайны ва Украіне адбылася сінхранізацыя прапаганды Беларусі і Расіі. У кабінетах беларускіх сілавікоў цяпер вісяць плакаты з Z-сімволікай. Рэктараў правяраюць на лаяльнасць не толькі Лукашэнку, але і Пуціну. А падручнік з ідэямі «русского мира» ўвайшоў ва ўніверсітэцкую праграму, піша «Нямецкая хваля». 

Днямі эксперты абмеркавалі ў Вільні, як ідэі «русского мира» паўплывалі на беларускае грамадства. 

Хто прасоўвае ідэі «русского мира» ў Беларусі?

Прафесар і гісторык Павел Церашковіч адзначае, што з пачаткам поўнамаштабнай вайны інфармацыйная прастора ў Беларусі цалкам кантралюецца Расіяй. Істотны ўплыў могуць аказаць ідэі «русского мира», якія ўсё часцей за расійскай прапагандай падхоплівае беларуская. «Таксама Расія эфектыўна выкарыстоўвае інструменты «мяккай сілы» — розныя фонды, праз якія і распаўсюджваюцца ідэі аб тым, што Расія павінна быць у цэнтры новага светапарадку», — удакладняе прафесар. 

Глядзіце таксама

Прафесар прыводзіць у прыклад Рассупрацоўніцтва. «У гэтай арганізацыі ў кожнай краіне, дзе яна працуе, звычайна два прадстаўніцтвы, але ў Беларусі іх ужо пяць. Бюджэт — каля 50 мільёнаў долараў на год, — кажа Церашковіч. — У 2014 годзе, калі адбылася анексія Крыма, аддзяленні Рассупрацоўніцтва адыгрывалі актыўную ролю. Гэты фонд прадастаўляе стыпендыі на навучанне ў расійскіх ВНУ. За апошнія пяць гадоў колькасць грантаў для беларускіх студэнтаў павялічылася ў 18 разоў — да 1300 у 2024-м».

Глядзіце таксама

Далей эксперт прыводзіць у прыклад фонд «Русский мир», бюджэт якога да 150 мільёнаў долараў на год. 

«Пакуль у Беларусі ён не вельмі актыўны — адзін цэнтр і два кабінеты ў школах, — кажа Церашковіч. — Значна большую пагрозу ўяўляе фонд імя Гарчакова, у якога ўсяго два філіялы ў свеце — у Мінску і Тбілісі. Колькі атрымлівае дадзеная арганізацыя, невядома, але ў яе склад уваходзяць расійскія мільянеры. Гэты фонд дае дастаткова шмат стыпендый беларускім навукоўцам, найперш гуманітарыям». 

Трывожныя сігналы ў беларускай адукацыі

У Беларусі таксама дастаткова ўнутраных правайдэраў ідэй «русского мира», лічыць прафесар. Сярод самых уплывовых ён называе кіраўніка верхняй палаты парламента Наталлю Качанаву. «Яна вядомая тым, што правяла праграму замены большасці рэктараў універсітэтаў на тых, хто падтрымліваюць ідэю «русского мира». Акрамя таго, датычная да русіфікацыі некалькіх школ. Наўпрост супрацоўнічае з Фондам Гарчакова», — заявіў Павел Церашковіч. 

Эксперт згадвае «самую прарасійскую сілавую арганізацыю» ў Беларусі — ГУБАЗіК: «Задакументаваныя ўспаміны затрыманых, якія згадваюць, што бачылі ў кабінетах ГУБАЗ і знакі расійскай агрэсіі супраць Украіны, расійскія сцягі і партрэты Пуціна». 

Яшчэ адна знакавая структура — Свята-Елісавецінскі манастыр і адукацыйны цэнтр «Каўчэг» пры ім. 

«У «Каўчэгу» праводзяцца сустрэчы, у тым ліку сумесна з Качанавай, куды запрашаюць прадстаўнікоў Беларускай Праваслаўнай Царквы, Мінкультуры і Мінадукацыі для каардынацыі дзеянняў па прасоўванні ідэй «русского мира». У «Каўчэгу» ёсць вучэбная праграма, заснаваная выключна на расійскай гісторыі і вайсковай падрыхтоўцы», — кажа прафесар.

Лукашэнка і Качанава ў прэзідыуме Усебеларускага народнага сходу, люты 2011 года. Фота: Maxim Guchek / BelTA / REUTERS

Лукашэнка і Качанава ў прэзідыуме Усебеларускага народнага сходу, люты 2011 года. Фота: Maxim Guchek / BelTA / REUTERS

У беларускай адукацыі ўжо ёсць і іншыя трывожныя сігналы. У 2022 годзе ў ВНУ быў уведзены курс «Сучасная палітычная эканомія», у спісе абавязковай літаратуры — кніга аднаго з ідэолагаў «русского мира» Аляксандра Дугіна «Асновы геапалітыкі». Параграфы па геапалітыцы ўключаны і ў школьныя падручнікі за 10 і 11 клас. 

Глядзіце таксама

Як у Мінску сабатуюць ідэі Масквы

Падчас дыскусіі эксперты таксама згадвалі даследаванне выкладчыка Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце РБ. У сваёй кнізе пра «русский мир» у Беларусі яна сцвярджае, што дадзеныя ідэі не маюць значнага ўплыву на грамадскую думку ў Беларусі. Да такой высновы яна прыйшла пасля апытання чыноўнікаў і студэнтаў, якія навучаюцца ў Акадэміі, адзначаюць эксперты. 

Пры гэтым сам Лукашэнка часта дэманструе прыхільнасць ідэям «русского мира», лічыць украінскі палітолаг Яўген Магда: «Ён не толькі падзяляе тэзіс аб «трыадзінстве» рускага народа, але і бачыць сябе правадніком гэтай ідэі. Пры гэтым падпарадкаванне беларускай прапаганды расійскай у суперпрэзідэнцкай Рэспубліцы — феномен, які можа стаць пагрозай для рэжыму».

Менавіта таму, на думку экспертаў, беларускія ўлады часта звяртаюцца да тактыкі сабатажу, калі не згодныя з тэзісамі, якія навязвае Масква. 

Глядзіце таксама

Так, 2023-м, калі праводзіўся год гістарычнай памяці, на базе Акадэміі кіравання адбылася сустрэча, на якой абмяркоўвалі самыя знакавыя гістарычныя падзеі для Беларусі. Было зацверджана 12 знамянальных дат, ні адна з іх не тычылася «русского мира». 

Вясной 2022-га Дзмітрый Мядзведзеў заклікаў Беларусь адзначыць 250-годдзе падзелу Рэчы Паспалітай. Аднак ніхто ў Мінску не адгукнуўся на ягоную прапанову.

fota_dzmitryja_dzmitryeva__8__logo_1.jpg

А беларусы падтрымліваюць «русский мир»?

Спасылаючыся на даследаванне аналітычнай майстэрні «Дыскамфорт грамадскай думкі», Церашковіч паказвае, што беларускае грамадства падзеленая на тры групы:

  • праеўрапейская (21%),
  • прарасійская (31%)
  • інертная (48%).

Да 80% беларусаў выступаюць супраць непасрэднага ўдзелу Беларусі ў вайне, 29% падтрымліваюць у канфлікце Расію, 24% — Украіну, 29% займаюць нейтральную пазіцыю.  

«Канчатковую мэту ідэалогіі «русского мира» ў дачыненні да Беларусі падтрымлівае не больш за 5% апытаных, — падкрэслівае Павел Церашковіч. — Аднак пагроза ўсё ж высокая. «Русский мир» мае вялікую інфраструктуру інстытутаў мяккай сілы і ўнутраную сетку ўплывовых прыхільнікаў. Акрамя таго, у значнай часткі грамадства — 48% — да канца не сфарміравана нацыянальная ідэнтычнасць, менавіта з гэтай групай трэба ўзмоцнена працаваць. Расія ўлівае велізарныя сродкі для прасоўванне сваіх інтарэсаў. Толькі нацыянальная ідэнтычнасць можа стрымаць уплыў ідэалогіі «русского мира».

Глядзіце таксама