Як дамагчыся візавай свабоды для беларусаў?
Палітык і журналіст Сяргей Навумчык разважае пра гуманны падыход Захаду да беларусаў і пра магчымасць дамагчыся ад яго візавай свабоды.
— Дарадца Святланы Ціханоўскай Франак Вячорка сказаў, што прапрацоўваецца варыянт «гуманітарнага калідору» для беларусаў на выпадак баявых дзеянняў і параіў тым, каму пагражае арышт, звяртацца ў амбасады па візы.
Мне цяжка сказаць, у якой ступені рэальным будзе такі калідор пры цалкам зачыненай Лукашэнкам мяжы. Мне падаецца такая ідэя ўтапічнай — але, магчыма, у офісе Ціханоўскай ведаюць тое, чаго не ведаем мы.
Затое добра вядома, наколькі складана цяпер атрымаць візу, увогуле дамагчыся прыёму ў амбасадах, якія былі вымушаныя істотна скараціць штаты супрацоўнікаў. І гэта я яшчэ апускаю факт, што ўсе наведнікі фіксуюцца спецслужбамі.
Давайце праўду. Уплыў Ціханоўскай, увогуле «штабо»” на сітуацыю ў Беларусі — мінімальны, калі ўвогуле не нулявы. Рэальнага ўплыву не мае цяпер ніхто з замежжа, і тут не трэба самападману. Гэта — факт.
Але Ціханоўская, як ніхто на сённяшні дзень, мае шырокія кантакты з еўрапейскімі палітыкамі, і гэта таксама факт. Ёсць меркаванне, што было б разумным сканцэнтраваць намаганні на тым, каб дамагчыся ад ЕС, назавем яе гэтак, — візавай свабоды для беларусаў.
Гэта азначае, што кожны, хто жадае пакінуць Беларусь, каб уратавацца ад дзяржаўнага тэрору, мусіць мець магчымасць гэта зрабіць — ва ўсякім разе, з боку ЕС для гэтага не павінна рабіцца ніякіх перашкодаў.
Гэта быў бы якраз гуманны падыход Захаду да беларусаў, які ён неаднаразова ў найноўшай гісторыі выяўляў да іншых народаў.
Такі падыход, дарэчы, у свой час прадэманстраваў да іншых народаў Еўропы і беларускі народ, добраахвотна і без усякіх умоваў адмовіўшыся ад ядзернай зброі.