Ганна Канапацкая: Я перажыву шмат каго, хто сёння ва ўладзе

Былая дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Ганна Канапацкая заявіла аб прэзідэнцкіх амбіцыях. Яна возьме ўдзел у праймарыз і ўжо апублікавала асноўныя тэзісы сваёй праграмы. У інтэрв’ю belsat.eu Канапацкая патлумачыла, якія змены неабходныя Беларусі, і распавяла, ці будзе заклікаць на акцыі пратэсту.

2_1_8.jpg

«Ёсць механізмы, акрамя пратэстаў, якія дазваляюць разарваць Саюзную дамову»

– У вашых тэзісах вы кажаце пра незалежнасць Беларусі як асноўную каштоўнасць. Ці значыць гэта, што вы плануеце далучыцца да руху супраць інтэграцыі з Расіяй, удзельнічаць у пратэстах, калі яны паўторацца?
– Яшчэ ў красавіку гэтага года, калі стала вядома, што плануецца кампанія па ўзмоцненай інтэграцыі з Расіяй, я пачала збор подпісаў за дэнансацыю дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы. Я абвясціла пра гэта яшчэ летась падчас святкавання Дня Волі… Што да пратэстаў – я лічу, сёння існуюць іншыя механізмы, якія дазваляюць разарваць дамову. Так, я вельмі ўдзячная тым людзям, якія выйшлі і, безумоўна, падтрымліваю тых, хто мае магчымасць і мужнасць выходзіць у падтрымку нашай незалежнасці. Але ў мяне не атрымлівалася ўдзельнічаць, я была ў замежных камандзіроўках.
– Свае праграмныя тэзісы вы суправадзілі лозунгам «За дзесяцімільённую Беларусь». Чаму менавіта гэтая лічба?
– Бо колькасць насельніцтва, нават паводле афіцыйнай статыстыкі, імкліва падае – нас 9 мільёнаў 400 тысяч. Гэта праблема, якая сёння датычыць кожнага жыхара Беларусі. Палітыка ўладаў (не тая, што дэкларуецца, а тая, што рэальна праводзіцца) не спрыяе нараджэнню і выхаванню дзяцей, яна накіраваная на тое, каб грамадзяне, якія валодаюць ведамі, досведам, пакідалі краіну. У нас вялізарная эміграцыя працаздольнага насельніцтва. Беларусь каторы год утрымлівае лідарства па выдачы яе грамадзянам шэнгенскіх візаў…
– Ці не падаецца вам, што ваш лозунг будзе ў свядомасці людзей пераклікацца з вядомым лозунгам праўладных сіл – «За квітнеючую Беларусь»?
– Не, бо я маю на ўвазе як раз тое, што ўлады сёння, кажучы пра «квітнеючую Беларусь», забываюцца: асновай гэтага росквіту ёсць чалавек, грамадзянін. Які павінен жыць у незалежнай краіне, абараняць свае інтарэсы ў незалежным судзе, рэалізоўваць свае патрэбы ў сацыяльнай сферы. Сённяшнія ўлады прапагандуюць краіну, забываючы пра асобнага чалавека, які, дарэчы, уяўляе каштоўнасць для гэтай жа ўлады.

І ўсе 10 мільёнаў грамадзянаў павінны быць уцягнуты ў прыняцце рашэнняў на любым узроўні дзяржаўнага кіравання: будзь гэта на ўзроўні сваёй вёскі або на ўзроўні рэферэндуму па Канстытуцыі.

«Калі ўмоўны Алексін законна зарабіў свае грошы – я не буду іх адбіраць»

– Вы кажаце аб намеры рэфармаваць і мадэрнізаваць эканоміку. Якія канкрэтныя крокі, на вашую думку, варта зрабіць дзеля гэтай мадэрнізацыі? – Неэфектыўнасць вытворчасці павінна быць закрыта пераразмеркаваннем і пераарыентаваннем працоўных рэсурсаў і ўзмацненнем сацыяльнай абароны асобаў, што згубілі месцы працы. Пад неэфектыўнымі я маю на ўвазе не толькі прамысловыя прадпрыемствы, але і сельскагаспадарчыя. Сістэма калгасаў у Беларусі павінна быць перабудаваная. Адным з фундаментальных момантаў будзе ўзмацненне прыватнай уласнасці. Не важна: на завод або на зямлю. Натуральна, мадэрнізацыя будзе ўключаць у сябе прымяненне інавацый, перадавых тэхналогій у вытворчасці.
– Але ці не адбудзецца сацыяльнага выбуху пасля закрыцця стратных заводаў? Рабочыя ж застануцца без заробкаў.
– Яны не застануцца без прыбытку. Я прапаную надаць ім адрасную сацыяльную дапамогу: як мінімум 3 месяцы чалавек будзе атрымліваць сярэдні заробак і перанавучацца. Або ён атрымае новую адукацыю, або павысіць кваліфікацыю ў залежнасці ад патрэбаў эканомікі. Рынак працы ў Беларусі трэба зрабіць больш мабільным.
Акрамя таго, гаворачы пра мадэрнізацыю эканомікі, я выступаю за амністыю капіталу за апошнія 15 гадоў. Гаворка пра людзей, якія выкарыстоўвалі магчымасці вываду капіталу ці пра тых, чыя маёмасць была незаконна нацыяналізаваная. Яна падлягае вяртанню на падставе заканадаўчых актаў. Гэта не азначае стоадсоткавай рэстытуцыі, якая была ў суседняй Латвіі… Але гэтыя факты павінны быць перагледжаныя. 
– А што рабіць з алігархамі, якія зарабілі капітал пры Лукашэнку? Ці будуць расследавацца схемы іхнага ўзбагачэння?
– А якія ў нас алігархі?!
– Аляксей Алексін, напрыклад.
– Калі ён зарабіў гэтыя грошы законнымі спосабамі, то няхай мае хоць сто мільярдаў – я не буду іх адбіраць! Прэзумпцыю невінаватасці ніхто не адмяняў.

Калі ў вас ёсць доказы, што капітал умоўнага Алексіна нажыты незаконным шляхам – я гатовая ўзяць гэтыя дакументы і звярнуцца ў суд, міліцыю, пракуратуру. Але я не буду адступаць ад прынцыпу верхавенства права, як бы каму ні хацелася.

«Дзяржава мусіць рабіць усё, каб жанчына не абірала аборт»

– У сваіх тэзісах вы напісалі, што будзеце выступаць за легалізацыю альтэрнатыўных сем'яў. Гэта значыць, вы патрымаеце аднаполыя шлюбы? – У нас цяпер у грамадстве склаўся інстытут сям’і, традыцыйныя сямейныя каштоўнасці. Аднак грамадзянскі шлюб, які набывае сёння папулярнасць, – гэта і ёсць альтэрнатыўная сям’я, таму што яна іншая, адрозніваецца ад існуючых канонаў юрыдычна і практычна. Чаму адразу аднаполыя? Калі мы кажам «альтэрнатыўная служба» – гэта ж не значыць, што людзі пойдуць у нейкія гомасексуальныя войскі? Канешне, альтэрнатыва – гэта і стасункі паміж мужчынам і мужчынам, жанчынай і жанчынай, такое таксама мае месца быць. Але гэта не павінна неяк рэкламавацца, папулярызавацца…
– Вы таксама прапануеце знізіць узрост, з якога дазволены шлюб, да 17 гадоў. Навошта гэта патрэбна?
– Са згоды бацькоў. Гэта будзе спрыяць вырашэнню дэмаграфічных праблем у краіне. Гэта ёсць у законах 85%, калі не 90% еўрапейскіх краін. У Грамадзянскім кодэксе Беларусі таксама ёсць паняцце эмансіпацыі, што дазваляе прызнаць няпоўнагадовых дзеяздольнымі з 15 гадоў, але трэба дадаткова прапісаць у Кодэксе аб шлюбе і сям’і права пабрацца шлюбам з 17 гадоў. Бо ў нас існуе вялікая праблема абортаў у раннім узросце. Я лічу, кожны чалавек мусіць рабіць свой выбар сам, але я за тое, каб дзяржава зрабіла ўсе для таго, каб жанчына не абірала аборт.
– А якія яшчэ ўзроставыя абмежаванні вы б змянілі?
– Павялічыла б узрост, з якога дазволена прадаваць алкаголь, да 21 году. Як мінімум.

«Рэвалюцыі, бунты, хунты – гэта нецывілізаваны шлях»

– У сваіх тэзісах вы кажаце пра неабходнасць «уцягваць насельніцтва ў забеспячэнне правапарадку» і павышаць прэстыж праваахоўных органаў. Якім чынам вы збіраецеся гэта рабіць?
– Чыноўнік, асабліва ў сілавых структурах, павінен адчуваць адказнасць перад канкрэтным чалавекам, а не перад сваім кіраўніцтвам. З іншага боку, само грамадства павінна прадпрымаць меры, каб мінімізаваць злачыннасць. У Беларусі цяпер ідзе барацьба з наступствамі, а не з прычынами, бо існуюць усе перадумовы для ўзнікнення карупцыі. Павышэнне дабрабыту грамадзянаў аўтаматычна будзе спрыяць зніжэнню карупцыі. Калі чалавек ведае, што ён можа зарабіць грошы, ён не пойдзе іх красці.
– Што да «прэстыжу органаў»: ці будзеце дамагацца раскрыцця архіваў КДБ? Напрыклад, дакументаў па Плошчы-2010?
– І раскрыцця па справе Ганчара, і па справе Захаранкі – так, канешне.
– Магчыма, ініцыюеце працэдуру рэабілітацыі асуджаных па палітычных справах?
– Калі дзяржава здзейсніла памылку, яна ў любым разе павінна несці адказнасць. Калі чалавек, будучы пры пагонах, зрабіў злачынства, ён падлягае пакаранню. Але гэта ўстанаўліваю не я – незалежна ад таго, прэзідэнт я, прэм’ер або дэпутат. Гэта вызначае суд на падставе закону.
– У вашай праграме ёсць цікавы тэзіс пра «цывілізаваную і бяскроўную змену ўлады», але нічога не гаворыцца пра спосаб гэтай змены. Пад «бяскроўнай зменай» неабавязкова ж маюцца на ўвазе выбары. Гэта можа быць і аксамітавая рэвалюцыя, і палацавы пераварот…
– Існуе адзіны цывілізаваны спосаб змены ўлады – гэта выбары. Ён рэалізуецца ва ўсіх дэмакратычных краінах і ў тых, якія намагаюцца выйсці на дэмакратычны шлях развіцця. Рэвалюцыі, бунты, хунты – гэта нецывілізаваны шлях. Адзіны цывілізаваны – для Беларусі, для ЗША, для Вялікай Брытаніі, для Ірану – выбары. Прынцып дэмакратыі для ўсіх адзін.
– Але ў Беларусі няма справядлівых і празрыстых выбараў. Што рабіць у такім разе?
– Як дэпутат Палаты прадстаўнікоў я рабіла вельмі шмат для таго, каб гэтыя выбары ў адпаведнасці са стандартамі АБСЕ былі ў Беларусі. Я ўнесла законапраект аб зменах у выбарчы кодэкс… Я ведаю, што гэта можа адмоўна адбіцца на маім рэйтынгу, але я гатовая сёння высоўваць прэтэнзіі да грамадзянаў, якія ў агульнай масе сваёй апалітычныя і не гатовыя змагацца за тое, каб у Беларусь вярнуліся выбары.
– Паводле Ганны Канапацкай гэта апалітычныя людзі вінаватыя ў адсутнасці выбараў? Перакладаеце на іх адказнасць?
– Перакладаць адказнасць – гэта іншае. Вы кажаце іншыя словы. Я не абвінавачваю нашых грамадзянаў, я проста канстатую факт. Людзі не актыўныя не толькі ў палітычнай сферы, але і ў грамадзянскай. Прыбраць снег ля машыны – гэта ўжо праблема для беларусаў! Так, ёсць людзі, якія самі бяруць рыдлёўку і робяць, але большасць чакае, што за іх гэта зробіць хтосьці іншы. Вось бытавая праява патэрналізму, які беларуская дзяржава ўсяляк узрошчвае.

«Я маладая і поўная сіл»

– Дапусцім, вы выйгралі праймарыз і сабралі неабходныя 100 тысяч подпісаў, але ЦВК вас не рэгіструе. Што будзеце рабіць у такім разе?
(смяецца) Вы ўжо кажаце, што мяне не зарэгіструюць. А я пакуль кажу, што спачатку трэба сабраць 100 тысяч подпісаў. У любым разе існуюць прававыя механізмы абскарджання рашэнняў ЦВК.
– Ну, вось вас не зарэгістравалі кандыдатам у дэпутаты летась…
– Так, але гэта не значыць, што я не рэалізавала прававыя механізмы аспрэчвання гэтага рашэння…
– Добра, вы аспрэчылі, але эфекту для краіны гэта не прынесла.
(уздыхае) Я таму і іду на праймарыз. Бо з аднаго боку ведаю, што выбараў у краіне няма, але з іншага боку разумею, што гэта адзіны законны спосаб змены ўлады і правядзення неабходных для краіны рэформаў.
 – Ці будзеце вы заклікаць на акцыю пратэсту, калі вас незаконна не зарэгіструюць?
– Я вам яшчэ раз кажу: сёння ў Беларусі існуюць прадугледжаныя законам механізмы аспрэчвання. Хто будзе ўстанаўліваць законнасць або незаконнасць маёй нерэгістрацыі? Гэта кампетэнцыя суду або пракуратуры. Альбо мы будуем прававую дзяржаву і пачынаем з сябе альбо мы спыняем размову.
Я не магу браць на сябе адказнасць і заклікаць людзей на несанкцыянаваныя акцыі, бо разумею, якая гэта адказнасць і якія наступствы гэта пацягне. Калі вы запытаеце асабіста пра мяне – так, я буду выходзіць на акцыі пратэсту, я буду ў іх удзельнічаць.
– Адкуль вы бераце сілы, каб цяпер удзельнічаць у палітычнай кампаніі, змагацца за ўладу?
– Я проста не стамілася. Я маладая, поўная сіл, ідэяў, здароўя і ў сілу абʼектыўных прычын перажыву многіх, хто сёння знаходзіцца ва ўладзе.
Кацярына Андрэева, фота Арцёма Лявы, Belsat.eu