Італія прыпыніла праграму выдачы «залатых віз» для беларусаў і расіян
Італія прыпыніла для грамадзян Расіі і Беларусі выдачу двухгадовых віз у абмен на іх інвестыцыі.
Паводле паведамлення, размешчанага на сайце Міністэрства па справах прадпрыемстваў і прадукцыі Італіі, краіна прыпыніла для грамадзян Расіі і Беларусі выдачу двухгадовых віз у абмен на іх інвестыцыі.
Гэта рашэнне было прынята ў адпаведнасці з рэкамендацыяй уладаў Еўрасаюза, піша theins.ru.
Так званыя «залатыя візы» для грамадзян дзяржаў, якія не ўваходзяць у ЕС, пачалі выдаваць у 2017 годзе. На іх маглі разлічваць тыя, хто рабіў значны ўнёсак у італьянскую эканоміку, а таксама чальцы іх сем'яў. Падобныя праграмы ёсць у Грэцыі, Іспаніі і Партугаліі. Яны былі больш папулярныя, чым італьянская, паколькі ўваходны парог інвестыцый у іх быў ніжэйшы.
Для прасоўвання праграмы падчас эпідэміі кавіда італьянскі ўрад знізіў гэты парог. Тады атрымаць «залатую візу» стала магчыма, інвеставаўшы ў італьянскі стартап на суму больш за 250 тысяч еўра, уклаўшы ў мясцовую кампанію 500 тысяч еўра, зрабіўшы дабрачынны ўнёсак памерам у 1 мільён еўра або ўклаўшы ў сацыяльна значныя ініцыятывы 2 мільёны еўра.
Для ўладальнікаў такіх віз даступны асаблівы падатковы рэжым, і яны могуць прэтэндаваць на грамадзянства краіны праз дзесяць гадоў, атрымліваючы яго на агульных падставах.
Рэкамендацыя Еўрасаюза па адмене такіх праграм для расіян была выпушчаная пасля пачатку вайны. У ёй гаварылася, што падобныя схемы ўяўляюць сабой небяспеку для Еўропы і яе каштоўнасцяў.
Як піша РІА «Навіны», праграмай Investor Visa for Italy ў цэлым скарысталіся 200 расійскіх грамадзян, у мінулым годзе яе атрымалі прыкладна 30 расіян.
Партугалія перастала выдаваць «залатыя візы» ў лютым 2023 года — прычым наогул усім іншаземцам. Тым жа, хто іх ужо атрымаў, будуць падаўжаць іх, толькі калі яны ўвесь час жывуць у набытай у краіне нерухомасці або здаюць яе ў арэнду на працягу доўгага часу.
З кастрычніка 2012 года, калі была запушчана праграма, Партугалія выдала па ёй больш за 11 тысяч ВНЖ і прыцягнула больш за €6 мільярдаў інвестыцый. Усяго за гэты час «залатыя візы» атрымалі 5258 грамадзян Кітая, 1178 грамадзян Бразіліі і 558 амерыканцаў. Расіянам жа ў Партугаліі адмовілі ў выдачы такіх віз пасля пачатку вайны ва Украіне.