«З беларускімі ўладамі ёсць праблема: яны як пачалі жартаваць, дык і не могуць спыніцца»

Аўтар тэлеграм-канала «Лісты да дачкі» разважае пра тое, што жарты беларускага кіраўніцтва могуць нечакана адбіцца на «беларускім эканамічным цудзе». Грошы беларускія ўлады любяць больш, чым віртуальна ваяваць з NATO, але цяпер цяжка саскочыць з «эскалацыі стабільнасці».

Сцяна на мяжы Польшчы і Беларусі. Фота з charter97.org

Сцяна на мяжы Польшчы і Беларусі. Фота з charter97.org

Сёння па законах жанру трэба было б падводзіць якія-небудзь вынікі. Але ты ж ведаеш, як я не люблю гэтага рабіць. Таму і не буду. Напішу табе свой звычайны ліст. 

Учора Польшча паведаміла, што адправіць на беларускую мяжу дадатковую тысячу жаўнераў. Літва не сказала, колькі дадатковых жаўнераў яна адправіць, але паабяцала павялічыць кантынгент аховы мяжы. А Латвія ўвяла на мяжы з Беларуссю ўзмоцнены рэжым. І, мяркуючы па некаторых відэа, таксама адпраўляла да гэтай мяжы ўсякую вайсковую тэхніку.

Увогуле, цяпер адразу відаць, дзе праходзіць тлустая чырвоная лінія, якая аддзяляе донара міру і стабільнасці ад усяго астатняга свету.

І, вядома, у святле ўсіх гэтых навін пра дадатковыя кантынгенты, танкі і баявыя верталёты перспектыва закрыцця заходніх меж ужо неяк не падаецца галоўнай праблемай. Хоць гэтая перспектыва цяпер як ніколі пераканаўчая. Беларускім уладам трэба літаральна яшчэ крыху пастарацца. Прыкласці кропельку высілкаў.

А яны ж стараюцца. Вось задумалі вучэнні ў абстаноўцы, максімальна набліжанай да баявой ля самых меж Сувалкаўскага калідора. Таго самага, які адзін расійскі дэпутат абяцаў захапіць сіламі цяпер ужо беларускіх «вагнераўцаў».

І, вядома, для беларускіх улад перспектыва закрыцця меж такая ж непрыемная, як для нас з табой. А можа быць, нават і больш. Таму што мы з табой знойдзем спосаб. Няхай сабе нават дарагі і нязручны. А вось у беларускага гандлёва-эканамічнага цуда будуць салідныя непрыемнасці.

Глядзі, за паўгода імпарт у Беларусь з краін, якія не Расія, вырас на 70 адсоткаў. І я моцна падазраю, што справа тут не толькі ў росце дабрабыту беларускага насельніцтва. Пры ўсёй маёй да яго (росту дабрабыту) павазе. А галоўная прычына — у чароўных уласцівасцях беларускай зямлі. Таму што, патрапіўшы ў Беларусь, заходні імпарт лёгкім рухам рукі з пячаткай ператвараецца ў беларускі экспарт у Расію. І калі Літва і Польшча па-сапраўднаму закрыюць межы, то цуд ператварэння імпарту ў экспарт паўтарыць не атрымаецца.

А як бы беларускія ўлады не любілі віртуальна ваяваць з NATO, грошы яны ўсё роўна любяць больш. Але з беларускімі ўладамі ёсць такая праблема, што яны як пачалі жартаваць, дык ужо не могуць спыніцца. Як той панылы клоўн. Нікому адразу не было смешна, а ён усё роўна жартуе.

Вось хто дакладна не жартаваў, дык гэта сокалы, якія скінулі пацука на прыступкі Дома ўрада ў дзень адмовы ў рэгістрацыі Бабарыку і Цапкалу.

Глядзіце таксама