Ігар Барысаў: Рэкамендавалі нашым сябрам самастойна вызначацца з пазіцыяй на рэферэндуме
Дзейнічаць паводле сваіх перакананняў. Такое партыйнае рашэнне прынялі ў Беларускай сацыял-дэмакратынай партыі «Грамада» на перыяд канстытуцыйнага рэферэндума.
Пра гэта паведаміў «Радыё Рацыя» старшыня партыі Ігар Барысаў.
Палітык нагадвае, што ў партыі ёсць свой праект «Канстытуцыі», якому ўжо каля двух гадоў, але яго ўлады не ўлічвалі пры падрыхтоўцы зменаў. Праект прадугледжвае парламенцкую рэспубліку, увогуле без пасады прэзідэнта – толькі ўрад.
– Парламент на чале з міністрам, гэта тое, што адрознівае не толькі наш праект, але і нас ад усіх іншых палітычных арганізацыяў, у тым ліку дэмакратычных. Па-другое, мы гэты праект рассылалі ў дзяржаўныя органы, шмат куды – і ў Палату прадстаўнікоў, і ў Савет міністраў, і ў Адміністрацыю прэзідэнта. Нам прыйшлі адказы, што калі будуць рабіцца змены, то абавязкова ўлічаць нашыя прапановы. Дзякавалі нам за гэта, але па факце нічога яны не ўлічылі.
«Нашыя прапановы не ўлічылі, няма даверу да выбарчай сістэмы. Партыя гэтыя факты зафіксавала», – кажа Ігар Барысаў. А таму сябрам партыі рэкамендавалі самастойна вырашаць, як дзейнічаць у перыяд кампаніі па рэферэндуме.
– Сыходзячы з гэтага, мы рэкамендавалі нашым сябрам самастойна вызначацца з пазіцыяй: галасаваць «за», галасаваць «супраць», ісці на выбары, не ісці на выбары. Таму што фактычна мы не суб’екты, мы не можам уздзейнічаць на працэс прыняцца рашэння, плюс у нас ёсць недавер да самой выбарчай сістэмы.
Рэферэндум у Беларусі мае адбыцца 27 лютага. Там толькі адно пытанне з фармулёўкай: «Ці прымаеце Вы змяненні і дапаўненні Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь?». Беларусы будуць галасаваць за безальтэрнатыўны праект, які распрацавалі ўлады Аляксандра Лукашэнкі.