«Ідзе нетаропкая рэвізія». Што азначае скасаванне пагадненняў паміж Украінай і Беларуссю?
Пасля 24 лютага 2022 года Беларусь і Украіна паступова абразаюць стасункі, якія наладжваліся дзесяцігоддзямі. Чаму суседзі проста не спыняць адносіны на дыпламатычным узроўні? А галоўнае — як будуць узнаўляцца гэтыя адносіны пасля вайны? «Новы Час» пагаварыў з гісторыкам, палітычным аглядальнікам Аляксандрам Фрыдманам.
Украіна перманентна разрывае розныя пагадненні з Беларуссю: аб узаемных пастаўках узбраенняў, аб барацьбе са злачыннасцю, аб узаемным прызнанні дыпломаў і гэтак далей. Афіцыйны Мінск таксама шчыруе на гэтай глебе: літаральна ў кастрычніку спынена дзеянне пагаднення пра рэгуляванне працэсу перасялення і абароне правоў перасяленцаў і членаў іх сем’яў, падпісанае ў далёкім 2003 годзе.
— Беларусь усё-такі не агрэсар, а суагрэсар, актыўна ў вайне не ўдзельнічае, асабліва на дадзены момант, таму да поўнага разрыву адносін справа пакуль не дайшла, — мяркуе Аляксандр Фрыдман. – Ідзе своеасаблівая рэвізія двухбаковых стасункаў: пагадненняў сапраўды заключана багата за ранейшы перыяд, Украіна пераглядае ўсё, ад таго, што лічыць для сябе непатрэбным, проста пазбаўляецца. Ідзе не хірургічная праца (узяў і адрэзаў), а руплівая мэтанакіраваная: калі нейкае пагадненне іх больш не цікавіць, альбо супярэчыць іх інтарэсам, альбо трэба паказаць Лукашэнку стаўленне да ягонага рэжыму, то ўкраінскі бок проста яго разрывае.
Калі не адбудзецца нейкага радыкальнага абвастрэння, звязанага з удзелам рэжыму Лукашэнкі ў вайне, то спакойная і нетаропкая рэвізія працягнецца; калі ўсё-такі пачнецца абвастрэнне, Украіна можа пачаць дзейнічаць вельмі радыкальна. У цэлым Кіеў паказвае, што адносіны з рэжымам Лукашэнкі прынцыпова не зменяцца, пакуль не зменіцца геапалітычная сітуацыя. То-бок паляпшэння двухбаковых стасункаў, пакуль Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе, чакаць не выпадае.
— Але і пагаршэння, відаць, таксама: Мінск адклікаў беларускага амбасадара на самым пачатку вайны, Кіеў — пазней…
— Украіна разглядае сітуацыю ў дынаміцы: будзе пагаршэнне — будуць дзеянні.
Але Кіеў па-ранейшаму прытрымліваецца думкі, што Лукашэнку не трэба правакаваць (з Расіяй ён супрацоўнічае — за гэта атрымлівае), не трэба яго падштурхоўваць да новых крокаў, больш радыкальных. Як мне падаецца, у Кіеве прытрымліваюцца такой пазіцыі.
— Разрыў дыпламатычных стасункаў мог бы расцэньвацца як падштурхоўванне Лукашэнкі да прамога ўдзелу ў вайне?
— Так. Але пры гэтым Украіна захоўвае магчымыя рычагі ўплыву на сітуацыю ў будучыні — ніхто ж не ведае, як павернецца сітуацыя заўтра. Калі Лукашэнка са свайго боку пойдзе на абвастрэнне, тады і Украіна можа разарваць дыпламатычныя стасункі. Украіне таксама важна захоўваць прастору для манеўру — на той выпадак, калі здарыцца нешта надзвычайнае; калі ты вычарпаеш усе свае магчымасці, тады нечым будзе адказаць.
— Але мы часам назіраем дзіўныя рашэнні ўкраінскіх улад: мінадукацыі выключае творы Васіля Быкава са школьнай праграмы, недзе беларускую мову прыбіраюць з навучальнага працэсу… У той час як і рэжым Лукашэнкі вынішчае ўсё беларускае, а значыць — варожае.
— Трэба сказаць, што ва Украіне назіраецца неразуменне сітуацыі ў Беларусі. Там асабліва не цікавіліся працэсамі, якія адбываліся ў нас: якое стаўленне да культуры, мовы — там проста не ведаюць унутранай сітуацыі. Крокі, якія робяцца з боку Украіны, носяць фармальны характар, маўляў, Беларусь — краіна-суагрэсар, хай атрымлівае за гэта. Нічога дзіўнага не бачу, бо менавіта ў такім жа рэчышчы Украіна ставіцца і да Расіі: калі ідзе перайменаванне вуліц, плошчаў, то там не глядзяць на тое, хто гэты аўтар і якая ў яго пазіцыя. Падыход адзін: аўтар расійскі — дзякуй, не трэба.
Такі ж падыход практыкуецца і ў дачыненні да Беларусі: ага, беларускі аўтар, з краіны-суагрэсара, нам такія не патрэбны. Такія перагібы сапраўды існуюць ва Украіне, і досыць распаўсюджаныя. Часта гэта робіцца проста на эмоцыях.
— Значыць, Украіна са свайго боку ўжо зраўняла Беларусь і Расію ў адказнасці за агрэсію?
— Пакуль яшчэ не на сто адсоткаў, але блізка. Цяжка разлічваць прапорцыі ў лічбах, я б назваў 60-70 адсоткаў. Усё ж крокі ў дачыненні да Беларусі больш мяккія, чым да Расіі: палітыкаў з Расіі, якія нават падтрымліваюць Украіну, там не прымаюць, з імі ніякіх кантактаў няма, а беларускіх прадстаўнікоў тым не менш прымаюць. Нядаўна ў Львове, напрыклад, прайшоў чарговы форум Астрожскіх. Стаўленне да Беларусі больш лагоднае, бо і адказнасць лукашэнкаўскага боку за вайну непараўнальная з адказнасцю Расіі. Ва Украіне разумеюць, што роля Лукашэнкі — усё-такі дапаможная…
— Усе войны раней ці пазней заканчваюцца. Усе абрэзаныя цяпер, на хвалях прагматызму або эмоцый, нітачкі давядзецца ткаць наноў. Ці пра аднаўленне добрасуседскіх стасункаў рана казаць?
— Да гэтага вельмі далёка. Многае залежыць ад вынікаў вайны: чым яна закончыцца, якія сілы прыйдуць да ўлады ва Украіне, якія грамадскія настроі будуць панаваць у краіне. Але, як мне падаецца, нармалізацыя адносін пакуль у Беларусі ва ўладзе Лукашэнка, а ў Расіі — Пуцін, немагчымая.
Гэтую старонку перагарнуць ужо немагчыма: гэтыя асобы зрабілі свой выбар, і хто б ва Украіне ні прыйшоў да ўлады — Лукашэнку ўжо не даруюць. Так што ні ў Лукашэнкі, ні ў Пуціна на ўкраінскім напрамку больш нічога не атрымаецца.
А ў будучыні многае залежыць ад таго, хто возьме ўладу ў Беларусі, як гэтыя ўлады ацэняць ролю Лукашэнкі. Ёсць шмат непрыемных пытанняў: гаворка ідзе і пра маральную адказнасць, і пра выбачэнні за саўдзел у вайне, дый у парадку дня стаіць пытанне і грашовай кампенсацыі. Усе гэтыя праблемы Лукашэнка пакіне нашчадкам. Цяпер Лукашэнка махае шашкай: час пройдзе — украінцы нас зразумеюць, Украіна будзе нашай. Але такі сцэнар выглядае зусім нерэалістычна. Украіна не забудзе і не даруе ўсе жахі, якія ёй давялося перажыць — застанецца цэлы воз праблем, якія будуць адмоўна ўплываць на будучыя стасункі.
— На ваш погляд, ці павінна Беларусь плаціць матэрыяльную кампенсацыю за саўдзел у вайне?
— Пытанне вельмі і вельмі цяжкае. У гісторыі хапае прыкладаў, калі саўдзельнікі плацілі за сваю віну матэрыяльна. Тут ужо апошняе слова застанецца за Украінай — як яна палічыць патрэбным выбудоўваць адносіны з новай Беларуссю. З пункту гледжання Украіны, такія патрабаванні трэба вылучаць у кароткатэрміновай перспектыве, бо яна знаходзіцца ў жахлівым стане, і ёсць падставы патрабаваць кампенсацыю: ракетныя абстрэлы з тэрыторыі Беларусі, уварванне з тэрыторыі Беларусі. Падставы ёсць, але калі мэтай Украіны з’яўляецца атрымаць Беларусь у якасці надзейнага суседа, з якім можна будзе наладзіць добрыя адносіны, то больш разумна было б гэтыя пытанні ўсё ж не ўздымаць, прынамсі — радыкальна.
Наступныя беларускія ўлады павінны выбачыцца за свайго папярэдніка — тут няма ніякага сумневу. Прычым выбачацца давядзецца за вельмі многае, што нарабіў Лукашэнка. І мы не можам сказаць: маўляў, гэта ўсё ён, мы да гэтага не маем ніякага дачынення. На жаль, не: Лукашэнка робіць свае чорныя справы ад імя Беларусі. Трэба рыхтавацца і да таго, што будзе ўзнята і пытанне матэрыяльнай кампенсацыі.