Як Расія руйнуе ўкраінскую прыроду

Любая вайна ўплывае на навакольнае асяроддзе, а ў кантэксце цяперашняй вайны Расіі супраць Украіны кажуць нават пра экацыд – масавае руйнаванне навакольнага асяроддзя. Але што менавіта адбываецца? Як баявыя дзеянні  ўплываюць  на  клімат  і прыроду, высвятляў «Зялёны партал».

Фота Анастасія Уласава, Getty Images

Фота Анастасія Уласава, Getty Images

20 кастрычніка Генеральны пракурор Украіны Андрэй Косцін заявіў на прэс-канферэнцыі, што Украіна стала «першай краінай у гісторыі», якая расследуе экацыд як вайсковае злачынства.

Чыноўнік сказаў, што, мэтанакіравана руйнуючы навакольнае асяроддзе, РФ «спрабуе зруйнаваць будучае жыццё ўкраінцаў».

За некалькі месяцаў да гэтага Генеральная пракуратура адсправаздачылася, што Украіна расследуе больш за 200 вайсковых злачынстваў супраць навакольнага асяроддзя і 15 выпадкаў генацыду. Але пра што менавіта гаворка?

Найвялікшае міннае поле ў свеце

Паводле звестак Генеральнай пракуратуры, выбуховыя прылады можна знайсці прыблізна на 30% усёй тэрыторыі Украіны. Сусветны банк падлічыў, што поўнае размінаванне краіны будзе каштаваць больш за 37 мільярдаў долараў, і што Украіна, відавочна, не справіцца з гэтым самастойна і будзе карыстацца дапамогай сваіх партнёраў.

УСУ дужа цяжка ісці ў контрнаступ на замінаваных землях, але праблема не толькі ў гэтым. Міны з’яўляюцца небяспекай для жыццяў шасці мільёнаў чалавек, а таксама замінаваныя тэрыторыі немагчыма выкарыстоўваць у сельскай гаспадарцы, што ўплывае і на ўнутраную эканоміку, і на гандлёвыя ланцугі і экспарт.

Як мінімум 264 мірныя жыхары Украіны загінулі ад мін і яшчэ больш за 830 атрымалі розныя параненні. Кожны восьмы чалавек, што падрываўся на міне, – дзіця. Важна разумець, што гэтыя звесткі не ахопліваюць часова акупаваныя тэрыторыі, бо весці там статыстыку ўкраінскім уладам цяпер немагчыма.

Каб расчысціць ад мін украінскія землі звычайнымі спосабамі, спатрэбіцца 757 гадоў, але Украіна выкарыстоўвае для гэтага таксама штучны інтэлект і, паводле міністаркі эканомікі Юліі Свірыдэнка, ёсць пэўны план, як вярнуць у сельскую гаспадарку 80% замінаваных земляў за 10 гадоў.

Глядзіце таксама

Але пакуль што ўсё дужа складана. У 2022 годзе вытворчасць ва Украіне зернавых і алеявых культур скарацілася на 37%, а амаль 90% дробных сельскагаспадарчых вытворцаў заявілі пра зніжэнне прыбытку праз вайну.

Кожны чацвёрты спыніў альбо значна скараціў сваю дзейнасць. Відавочна, што забруджанне земляў мінамі стала не адзінай прычынай, але адмаўляць яе як адну са спісу было б несправядліва.

Цяпер сапёрных груп не хапае, і ім даводзіцца выстаўляць прыярытэты. Найперш яны расчышчаюць населеныя пункты і дарогі, якія вядуць да іх. Часта на дэакупаваных тэрыторыях гэта ўскладняецца наяўнасцю так званых расцяжак, якия пры адступленні пакідаюць расійскія вайсковыя.

Таксама акупанты мініруюць целы забітых людзей і жывёлаў, тэхніку і прадметы ў дамах. На жывых жывёлаў таксама ўсталёўваюць выбуховыя прылады.

Глядзіце таксама

Кахоўскага вадасховішча больш не існуе

Дамба на Кахоўскай ГЭС была зруйнаваная 6 чэрвеня 2023 года. На той момант яна ўжо больш за год была пад кантролем расійскіх вайскоўцаў. Паводле журналістаў-расследавальнікаў з The New York Times, найбольш верагоднай прычынай гэтай катастрофы стала дэтанацыя зараду выбухоўкі, закладзенага ў тэхнічны праход побач з бетонным аснаваннем.

Наступствы гэтага былі і ёсць катастрафічныя. Колькасць загінулых ад затапленняў невядомая, бо вялікая частка затопленых тэрыторый знаходзіцца пад часовай акупацыяй.

Глядзіце таксама

У Херсонскай і Запарожскай абласцях каля 90% арашальных сістэм засталіся без вады, а ўсяго ў мацерыковай частцы Украіны больш за 500 000 гектараў зямлі засталіся без арашэння (у тым ліку на часова акупаваных тэрыторыях).

Там, дзе раней вырошчвалі да 4 мільёнаў тон зерневых на год, цяпер немагчыма займацца земляробствам. Паводле Міністэрства аграрнай палітыкі, «палі на поўдні Украіны ўжо ў наступным годзе могуць пераўтварыцца ў пустыню».

Фота: SCANPIX

Фота: SCANPIX

Ад затаплення пацярпелі таксама жывёлы і птушкі, у тым ліку рэдкія чырвонакніжнікі накшталт сляпца пяшчанага і емуранчыка Фальц-Фейна. Емуранчык жыве пад зямлёй, і вада, якая расцяклася з вадасховішча і стала паступова ўпітвацца ў глебу, фактычна пазбавіла яго жытла. Не могуць больш гняздзіцца на гэтай тэрыторыі і рэдкія птушкі – жоўтая чапля, малая чэпура, кулік-сарока і іншыя.

Руйнаванне Кахоўскай ГЭС звязана і з праблемай мінавання, пра якую мы казалі раней – плыні вады, якія расцякаліся па палях, гарадах і вёсках, неслі з сабой таксічныя хімікаты, звычайнае смецце і міны.

Пад вадой апынуліся скотамагільнікі, дзе былі пахаваныя ў тым ліку жывёлы з сібірскай язвай. Мясцовыя жыхары і чыноўнікі фіксавалі масавы мор рыб на пацярпелых тэрыторыях. Знішчэнне Кахоўскага вадасховішча адбылося адразу пасля нерасту шмат якіх рыб, і на абмялелым былым ужо вадасховішчы ікра папросту высыхала.

Гінулі і хатнія жывёлы на затопленых тэрыторыях – сабакі, што ўтрымліваліся на цэпах, козы, каровы, хатнія коткі. Сацыяльныя сеткі поўніліся фатаздымкамі і відэа таго, як людзі ратавалі жывёл, але відавочна, што вывезці атрымалася не ўсіх. У прыватным кантактным заапарку «Казачная дуброва» загінулі ўсе жывёлы, якія там знаходзіліся.

Эксперты «Украінскай прыродаахоўнай групы» аб’ядноўваюць усе наступствы ад знішчэння Кахоўскай ГЭС у тры катэгорыі: наступствы асушэння дна Кахоўскага вадасховішча, наступствы затаплення тэрыторый ніжэй за дамбу і наступствы для Чорнага мора.

Яны кажуць, што ў доўгатэрміновай перспектыве можа аказацца, што больш мэтазгодна будзе аднавіць натуральнае цячэнне Дняпра, а мясцовую эканоміку – перапрафіляваць і зрабіць упор на жывёлагадоўлю.

Глядзіце таксама

Сотні тысяч тон будаўнічага смецця

За першыя паўтары гады поўнамаштабнага ўварвання расійскае войска зруйнавала і пашкодзіла амаль 60 тысяч аб’ектаў, большая частка з якіх – гэта жылыя будынкі (48 тысяч). Незалежна ад таго, ці прыводзілі руйнаванні будынкаў да смерцяў людзей і жывёл, там заўжды з’яўлялася будаўнічае смецце – цэгла, бетон, кераміка, шкло і іншае. У пачатку лета 2023 года ва Украіне было 450 тысяч тон будаўнічага смецця.

Фота: mepr.gov.ua

Фота: mepr.gov.ua

Гэтае смецце можна пахаваць, утылізаваць ці паўторна выкарыстаць. Пакуль што Украіна робіць упор на першыя два спосабы. Напрыклад, у Кіеўскай вобласці ёсць 48 пляцовак для часовага захоўвання будаўнічых адкідаў, і ў сукупнасці гэтыя пляцоўкі займаюць плошчу ў 55 гектараў.

На ёй маглі б размясціцца 77 футбольных палёў. Праблема яшчэ ў тым, што ў гэтым смецці шмат шкодных матэрыялаў і рэчываў, якія могуць з часам трапляць у глебу і грунтовыя воды, атручваючы іх.

Акрамя гэтага, як сцвярджае Цэнтр нацыянальнага супраціву, Расія плануе пабудаваць тры палігоны для смецця на часова акупаваных украінскіх тэрыторыях.

У Растоўскай вобласці самой Расіі вырашылі не будаваць новы палігон праз пратэсты мясцовых жыхароў, і мясцовыя чыноўнікі вырашылі, што свае праблемы можна вырашыць за кошт часова акупаваных тэрыторый. Цяпер ідзе праца над праектнай дакументацыяй. Расія плануе і далей руйнаваць украінскія экасістэмы.

Глядзіце таксама

Наста Захарэвіч, greenbelarus.info