Foreign Policy: Наш знаёмы дыктатар з Мінска

«Незадоўга да Калядаў я прыехаў у Беларусь, спадзяючыся зразумець, чаму ЕС падлізваецца да дыктатара. Я апынуўся ў пустым кафэ ў Мінску з Мікалаем Статкевічам, які трапіў у турму падчас перадвыбарнай прэзідэнцкай кампаніі, падчас якой ён выступіў супраць Аляксандра Лукашэнкі, якога часта называюць апошнім дыктатарам Еўропы», — піша навуковы супрацоўнік Лонданскай школы эканомікі Браян Клаас ў артыкуле для Foreign Policy.



lu_minsummit(1).jpg

«За кавай Статкевіч распавёў мне, як гэта — знаходзіцца ў зняволенні амаль пяць гадоў», — узгадвае Клаас.

«Яны патрабавалі, каб я прызнаўся і прасіў аб памілаванні ў прэзідэнта. Калі ты падпішаш гэты дакумент, казалі яны мне, то ты зможаш вярнуцца дадому заўтра. Я адмовіўся. Праз некалькі гадоў ціску і ізаляцыі яны паспрабавалі новы падыход. Замест таго, каб ізаляваць мяне, яны пасадзілі мяне ў адну камеру з псіхам, чалавекам, афіцыйна прызнаным шалёным. Я жыў разам з ім у камеры два месяцы. Мне дазвалялася сустракацца з сям’ёй толькі адзін раз у год, кожны раз па некалькі гадзінаў, за шклом... Але я ўсё роўна адмаўляўся падпісаць», — распавядаў Статкевіч.

«Пакуль ён расказваў мне пра свае выпрабаванні, у кафэ ўвайшла маладая жанчына. Замест таго, каб сесці за любы з дзясятка свабодных столікаў, яна наўпрост прайшла да століка побач з нашым. Яна села насупраць мяне, дастала тэлефон і прыкінулася, што чытае», — распавядае Клаас.

Статкевіч спыніўся, нахіліўся наперад і прашаптаў: «Я абраў кафэ без схаваных у сталах мікрафонаў, так што ім даводзіцца рабіць гэта старым спосабам».

«Гадамі Захад цураўся Беларусі з-за адкрыта сфальсіфікаваных выбараў і пастаянных парушэнняў правоў чалавека. Але ўсяго толькі праз некалькі дзён гэта стаўленне можа рэзка змяніцца. 15 лютага ЕС вырашыць, ці аднаўляць эканамічныя санкцыі супраць краіны, уведзеныя ў 2004 годзе з-за гвалтоўнага знікнення чатырох палітычных актывістаў і прыпыненыя пасля таго, як выбары ў кастрычніку 2015 года прайшлі адносна мірна», — гаворыцца ў артыкуле.

«Нестабільнасць на суседняй Украіне і ў Крыме і пагаршэнне стасункаў Расіі з Захадам ператварылі Беларусь у вачах заходніх дыпламатаў з месца, якому тэрмінова неабходная дэмакратыя і правы чалавека, у месца, якое проста павінна захоўваць стабільнасць», — адзначае аўтар.

lu.jpg

«Мы крыху знізілі планку, — сказаў Клаасу вышэйшы заходні дыпламат. — Мы спрабуем крыху больш звяртацца да перніка, крыху менш — да бізуна».

«З пункту гледжання Вашынгтона, Лондана і Бруселя, пераважная цяпер мудрасць заключаецца ў тым, каб суіснаваць з д’яблам дыктатуры, які знаёмы ім у асобе Лукашэнкі, а не рызыкаваць выклікам чарговага крызісу пры дапамозе д’ябла дэмакратыі, які ім невядомы. У якасці дадатковага бонуса перавабіць Беларусь на свой бок, адвёўшы яе ад Пуціна, было б перамогай на глабальнай шахматнай дошцы», — гаворыцца ў артыкуле.

«Падыход Захаду можна зразумець, але ён няправільны. Лукашэнка імкнецца сутыкнуць рускіх і ЕС, каб дамагчыся максімальных саступак, пры гэтым нічога не мяняючы ў сваім аўтарытарным кіраванні. Калі ён не прад’явіць дарожную карту сапраўднай рэформы, з каляндарным планам, то еўрапейскія санкцыі павінны быць адноўлены. Любое далейшае пацяпленне павінна залежаць ад рэальных, правераных крокаў да дэмакратыі і захавання правоў чалавека», — лічыць Клаас.

Паводле Inopressa.ru