Польшча падтрымала «замарозку» санкцый ЕС адносна Беларусі

Намеснік міністра замежных спраў Польшчы Конрад Шыманскі 10 лютага заявіў, што Варшава падтрымлівае абмежаванне еўразвязаўскіх санкцый супраць прадстаўнікоў Беларусі.



poland_450.jpg

Па словах польскага дыпламата, якія перадае zn.ua, ЕС гатовы падкарэктаваць сваю цяперашнюю палітыку ў дачыненні да Беларусі ў бок большай адкрытасці, і Польшча падтрымлівае гэтую вялікую адкрытасць. «Гэта азначае, што цяперашняя палітыка санкцый у дачыненні да Мінска будзе скарочана да захавання эмбарга на гандаль зброяй і пакіданне ў санкцыйным спісе толькі чатырох чалавек, якія непасрэдна датычныя да знікнення апазіцыянераў у 1999-2000 гадах», — паведаміў Шыманскі.

Таксама ён дадаў, што лібералізацыя візавага рэжыму паміж ЕС і беларускімі чыноўнікамі будзе звязана з выкананнем правоў нацыянальных меншасцяў у Беларусі і асноў вяршэнства права і дэмакратыі.

Нагадаем, 28 кастрычніка Еўрасаюз прыпыніў на чатыры месяцы санкцыі супраць прадстаўнікоў Беларусі. Пад «замарозку» трапілі 171 фізічная і 10 юрыдычных асоб.

Да канца лютага Савет міністраў замежных спраў павінен прыняць рашэнне адносна далейшага лёсу санкцыяў. У «чорным спісе» пакуль што застаюцца чатыры чалавекі.