Еўрадэпутат: Тыя, каго сёння рэпрэсуюць, у будучыні стануць героямі гэтай барацьбы

Радаслаў Сікорскі упэўнены: Беларусь стане вольным і паважаным членам еўрапейскай сям'і.

Фота Bild

Фота Bild

Экс-кіраўнік МЗС Польшчы Радаслаў Сікорскі ў інтэрв'ю DW назваў беларускае правасуддзе фарсам і выказаўся аб закрытым судзе над Сяргеем Ціханоўскім.

— Адзінае злачынства Ціханоўскага толькі ў тым, што ён спрабаваў паводзіць сябе як грамадзянін нармальнай краіны, у якога ёсць палітычныя амбіцыі. Яго злачынства складалася ў спробе быць абраным на пасаду прэзідэнта Беларусі. Вось чаму беларускі дыктатар наважыў выкарыстоўваць яго для застрашвання астатняга грамадства.

На думку еўрадэпутата, такія меры (суд у СІЗА ў закрытым рэжыме) прымаюцца, паколькі Лукашэнка хоча быць упэўнены, што суд падпарадкуецца і вынесе менавіта тое рашэнне, якое ён загадае.

Радаслаў Сікорскі патлумачыў, чаму вырашыў узяць шэфства над Сяргеем Ціханоўскім:

— Я ўдзельнік руху «Салідарнасць». Яшчэ ў 1981 годзе, калі ў Польшчы было ўведзена ваеннае становішча, здавалася, што рэжым аднавіў кантроль, і ўся надзея страчана. Тым не менш праз восем гадоў Польшча стала свабоднай краінай, дэмакратычнай, краінай, якая ідзе шляхам далучэння да ЕС і іншых заходніх інстытутаў.

Зараз цёмная фаза ў гісторыі Беларусі, але гэта момант абуджэння беларускага народа як праеўрапейскага, які патрабуе адпаведных стандартаў у грамадскім жыцці. Патрабуе дэмакратыі і больш цесных стасункаў з Еўрапейскім Саюзам.

І тыя, хто сёння падвяргаецца рэпрэсіям, у будучыні стануць героямі гэтай барацьбы. Я ў гэтым упэўнены.

Таму я звяртаюся да Сяргея Ціханоўскага, яго паплечнікаў і сем'яў усіх рэпрэсаваных: «Не губляйце надзеі! Рана ці позна любая дыктатура падзе. Калі-небудзь Беларусь стане вольным і паважаным членам еўрапейскай сям'і. Жыве Беларусь!»

Паводле «Салідарнасці».