Экс-намеснік міністра абароны Польшчы: палітыка РФ не супадае з інтарэсамі Беларусі

Як Расія можа выкарыстаць супрацьстаянне ЗША з КНДР? Ці ёсць рызыка вайны на мяжы Беларусі ды Польшчы? Чаго баяцца палякі?

Рамуальд Шарамецьеў. Палітык, былы намеснік міністра абароны Польшчы, былы в.а міністра абароны, доктар вайсковых навук, афіцэр запасу.

Рамуальд Шарамецьеў. Палітык, былы намеснік міністра абароны Польшчы, былы в.а міністра абароны, доктар вайсковых навук, афіцэр запасу.

 Пра гэта — размова з былым намеснікам міністра абароны Польшчы Рамуальдам Шарамецьевым.

Сяргей Пеляса: Добры вечар, спадару міністру.

Рамуальд Шарамецьеў: Добры вечар.

СП: Ці ў Польшчы адчуваюць пагрозу з боку Беларусі? Бо з Расіяй усё відавочна, але ці ўспрымаюць Беларусь, хаўрусніка Расіі, як пагрозу Польшчы?

РШ: Не, прынамсі, я не ўспрымаю. Мне падаецца, што Беларусь не мае агрэсіўных тэндэнцыяў у дачыненні Польшчы. І калі мы чаго і баімся ў Польшчы ў звязку з Беларуссю, гэта расійскай дзейнасці з боку Беларусі. Яна можа прыняць такую форму, што Беларусь падпарадкуецца дзеянням Расіі, не маючы выбару. Пакуль Беларусь імкнецца захаваць сваю незалежнасць, наколькі гэта можа зрабіць у адносінах з Расіяй…

СП: Ці сапраўды імкнецца захаваць?

РШ: Мне падаецца, што так.

Лукашэнка не хацеў бы граць ролю губернатара беларускай губерні ў межах Расійскай Федэрацыі. Быць прэзідэнтам асобнай дзяржавы — крыху лепшая пазіцыя. Думаю, у беларусаў з’яўляецца ўсведамленне таго, што яны іншы народ, не расійцы, і што ў Беларусі іншыя нацыянальныя і дзяржаўныя інтарэсы, чым у Расійскай Федэрацыі. Мне падаецца, палітыка, што вядзе Расія ў нашым рэгіёне, не супадае з нацыянальнымі інтарэсамі Беларусі.

СП: Шмат кажуць пра тое, што Расія заатакуе адну ці некалькі балтыйскіх дзяржаваў, і ў гэты канфлікт будуць уцягнутыя і Беларусь, і Польшча. Што трэба зрабіць беларусам і палякам, каб пазбегчы вайны?

РШ: Гэта вельмі складаная сітуацыя. Улічваючы стан міжнародных адносінаў сёння і адносіны паміж сіламі Расіі ды сіламі Паўночна-атлантычнага альянсу, мне падаецца, што ўваход Расіі на тэрыторыю адной з дзяржаваў NATO быў бы вельмі рызыкоўным. На маю думку, пакуль не будзе вонкавых фактараў, што аслабяць пазіцыі NATO, напрыклад, аслабяць волю супольнай абароны, Расія на наважыцца на такую вайсковую аперацыю. Аднак я баюся, што такія ўмовы могуць з’явіцца ў будучыні. Напрыклад, калі пачаўся бы канфлікт на Далёкім Усходзе.

СП: Калі б ЗША заатакавалі Паўночную Карэю?

РШ: Так. У 90-я гады апублікавалі кнігу, напісаную былым міністрам абароны ЗША Уайнбэргерам і публіцыстам Швайцэрам пад назваю «The Next War» («Наступная вайна»). Там сцэнар будучай вайны пачынаецца з канфлікту на Карэйскім паўвостраве Тады Расія атрымлівае свабоду дзеянняў на Захадзе пад прыкрыццём гэтага канфлікту і пачынае. На жаль, такая сітуацыя можа мець месца.

СП: Шмат экспертаў сцвярджае, што Расія ў рэгіёне, дзе размяшчаюцца Беларусь і Польшча ў Еўропе, мае вялікую вайсковую перавагу. Што робяць Польшча, NATO, ЗША, каб адсутнасць гэтага балансу ўраўнаважыць?

РШ: Па-першае, як вядома, ужо на саміце NATO у Варшаве, што прайшоў не так даўно, пастанавілі значна ўзмацніць усходні фланг NATO. У вайсковым сэнсе гэта не ўраўнаважвае таго, чым валодае Расія, але прысутнасць не толькі польскіх войскаў у гэтым рэгіёне, але і амерыканскіх, брытанскіх і гэтак далей — гэта ўжо ўзмацненне. Гэта паказвае расійскаму боку ўзровень складанасці. Прасцей уваходзіць, калі няма амерыканцаў. Па-другое, у Польшчы вельмі сур’ёзна ўспрынялі ўзмацненне ўласнага абарончага патэнцыялу.

СП: На што Польшча цяпер робіць акцэнт? На якога тыпу рыхтаванне ці ўзбраенне?

РШ: У першую чаргу павялічваецца адсотак выдаткаў на ўзбраенне. Па-другое, апрацавалі новую канцэпцыю абароны Рэчы Паспалітай. Таксама прынялі рашэнні ды пачалі набываць тэхніку ды ўзбраенне. Вялікі недахоп польскай абароны, што мы безабаронныя, калі Расія пастановіць выкарыстаць ракеты «Іскандэр».

СП: То бок, патрэбныя амерыканскія сістэмы «Патрыёт», каб запоўніць гэтую нішу?

РШ: Так, тады ў нас была б магчымасць збіваць гэтая ракеты, што азначала б значны параліч расійскіх наступальных магчымасцяў датычна нашай абароны. Мы развіваем розныя сістэмы абарончага характару.

Польскія ўлады выразна заявілі, што мы канцэнтруемся на абароне межаў. Раней, як вядома, шмат гадоў мы будавалі экспедыцыйнае войска, што было звязана з замежнымі місіямі. Калі рыхтуеш экспедыцыйную армію, іншы можа баяцца, што экспедыцыя можа датычыць і ягонай тэрыторыі. Цяпер выразна акцэнты перасунулі на абарону ўласных межаў.

СП: Абарона ўсёй тэрыторыі, мадэрнізацыя войскаў і стварэнне войскаў тэрытарыяльнай абароны?

РШ: Так, таксама.

СП: І гэта значныя змены ў параўнанні з тым, што было раней. Дзякуй за размову, спадар міністр.

 belsat.eu