Эдуарда Пальчыса перавялі ў Жодзіна
Пра гэта паведаміў актывіст Павал Юхневіч.
На мінулым тыдні стала вядома, што Эдуард Пальчыс, меркаваны стваральнік і аўтар рэсурсу 1863x.com вядомы пад псеўданімам Jhon Silver, экстрадаваны ў Беларусь з Расеі і знаходзіцца ў СІЗА № 1 г. Менску. Калі адбыўся ягоны этап у Жодзіна, невядома.
Адвакатка Пальчыса Ганна Бахціна паведаміла Радыё Свабода, што дагэтуль пазбаўленая магчымасці сустрэцца са сваім падабаронным.
9 чэрвеня пад сценамі СІЗА № 1 адбыўся пікет салідарнасці з Эдуардам Пальчысам.
Раней Следчы камітэт паведаміў Радыё Свабода, што ўпраўленнем Следчага камітэту па Менску раследуецца крымінальная справа ў дачыненні да 25-гадовага ўраджэнца Гарадзенскай вобласці паводле ч. 1 арт. 130 (распальванне расавай, нацыянальнай ці рэлігійнай варожасці або розьні) і ч. 2 арт. 343 (распаўсюджванне парнаграфічных матэрыялаў) Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.
За «распальванне варожасці» Пальчысу пагражае арышт на тэрмін да 6 месяцаў ці абмежаванне альбо пазбаўленне волі на тэрмін да 5 год. За «распаўсюд парнаграфіі» — пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох год.
«Вызначана, што падследны, з'яўляючыся адміністратарам сайту www.1863x.com, размяшчаў на ім матэрыялы, якія ўтрымліваюць прыкметы распальвання нацыянальнай варожасці або розьні, а таксама выявы парнаграфічнага зместу. Гэта пацвярджаецца вынікамі праведзеных экспертызаў», — паведамілі ў СК.
Радыё Свабода