Дракахруст: Падпарадкаванне Беларусі — «ваенна-тэхнічныя адказы» Захаду ад Масквы

Расія абяцае забраць сваю ядзерную зброю з Беларусі, калі ЗША прыбярэ сваю зброю з Еўропы. Ці адначае гэта, што цяпер ядзерная зброя ў нашай краіне надоўга?

nuclear_briefcase_3__2_.png

Палітычны аглядальнік Юрый Дракахруст у каментары «Филину» разважае пра новы крамлёўскі шантаж з вобласці невыканальнага.

— Прадстаўнік расійскага МЗС Аляксей Палішчук агучыў умовы, пры якіх Масква гатова будзе вывесці сваю тактычную ядзерную зброю з беларускай тэрыторыі: калі ЗША выведзе з Еўропы сваю зброю і знішчыць там адпаведную інфраструктуру.

То-бок у сённяшніх варунках гэта азначае ніколі? Ці гэта такое запрашэнне паразмаўляць на гэтую тэму?

— Так, я думаю, што тут хутчэй пра «ніколі». У той ступені, наколькі гэта будзе залежаць толькі ад Расіі. Калі ўявіць сабе, што Лукашэнка зробіць нейкі моцны разварот на Захад альбо ў Беларусі прыйдзе да ўлады чалавек, які захоча прыбраць адсюль расійскую зброю, то ўсялякае можа быць.

Але пазіцыя, заяўленая намеснікам міністра Палішчуком, адпавядае пазіцыі, якую Пуцін агучыў яшчэ да 25 сакавіка: у амерыканцаў праграма «Nuclear sharing» дзейнічае ў Еўропе ад канца 1950-х, дык вось мы цяпер яе «адлюструем».

Маўляў, пакуль вы будзеце трымаць сваю ядзерную зброю ў Еўропе, мы сваю будзем трымаць у Беларусі.

Да слова, здаецца, міністр РФ Лаўроў агучваў яшчэ адну опцыю — уступленне ў НАТА Фінляндыі. Як дадатковы аргумент для размяшчэння зброі на беларускай тэрыторыі.

Вы змянілі стратэгічную канфігурацыю — дадалася новая краіна, а яшчэ адна, Швецыя, можа далучыцца неўзабаве. Вось і мы зменім стратэгічную канфігурацыю.

Па-сутнасці, гэта паўтарэнне на новым узроўні ўльтыматуму канца 2021 года, калі прагучала ў бок Захаду: «Вы падбярыце лапкі да ўзроўню 1997-га, і мы тады нічога не будзем рабіць». 

А калі не, то, як казаў тады Пуцін, вас будзе чакаць ваенна-тэхнічны адказ.

Зараз таксама гучыць ваенна-тэхнічны адказ. Ім аказаўся ўвод ядзернай зброі ў Беларусь.

Нейкія дробныя саступкі тут наўрад ці задаволяць Маскву, каб гэтую зброю вывесці. Іншая справа, што Злучаныя Штаты, якія задаюць тон у дыскурсе Захаду, дэманстратыўна не рэагуюць на гэты крок Крамля.

То-бок магла быць эскалацыйная рэакцыя. Тым больш што ёсць прапанова польскага боку. Польскі прэм’ер-міністр Маравецкі нядаўна выказваў пажаданне, каб амерыканская ядзерная зброя была размешчана ў Польшчы.

Амерыканцы вельмі халодна на гэта адрэагавалі: маўляў, няма пра што размаўляць. Нават не спрабавалі патлумачыць, могуць яны гэта абмеркаваць або ім гэта не падыходзіць. Генерал Кірбі, прэс-сакратар Рады бяспекі ЗША, адказаў, што ў яго няма на гэты конт каментара.

А з іншага боку, той жа Кірбі, ды і іншыя амерыканскія топ-чыноўнікі з сакавіка, калі зброі яшчэ не было, неаднаразова, як мантру, паўтаралі, што няма патрэбы ў нейкіх стратэгічных дзеяннях у адказ на размяшчэнне расійскай зброі ў Беларусі.

То-бок калі Пуцін насамрэч хацеў такім чынам справакаваць эскалацыю, то яму на гэта эскалацыяй не адказваюць. Увёў зброю — і ўвёў, стратэгічна гэта нічога не мяняе. Беларусам, канечне, кепска ад гэтага. Але ЗША не горш ад гэтага, чым было дагэтуль.

Дарэчы, у Польшчы рабілі апытанне восенню мінулага года, тады большасць выступала за размяшчэнне амерыканскай ядзернай зброі. Але ў пытаннях ядзерных пагроз у амерыканцаў абсалютная прэрагатыва ў вырашэнні, што нясе небяспеку, а што бяспечнае.