Ціханоўская заклікала беларусаў да байкоту выбараў. Стратэгія правалу ці перамогі?
Арцём Шрайбман называе 5 прычын, па якіх удзел у выбарах падаецца рацыянальным.
«Так званы адзіны дзень галасавання, які прызначыў рэжым, — гэта "бязвыбары", рытуал без сэнсу і справядлівасці», — заявіла дэмакратычная лідарка Святлана Ціханоўская ў звароце 24 лістапада на сваім ютуб-канале.
Паводле яе слоў, якія прыводзіць выданне pozirk.online, пад выглядам дэмакратычнага працэсу дыктатар спрабуе ўмацаваць уладу, за якую ён так старанна трымаецца "пасінелымі пальцамі".
«Падрыхтоўка да гэтага дня больш нагадвае ваенную аперацыю. Імёны ў выбарчых камісіях засакрэцілі, а на ўчасткі збіраюцца паставіць міліцыю і вайскоўцаў», — сказала палітык.
Лукашэнка, паводле яе пераканання, «баіцца, што нешта зноў можа пайсці не па плане, як гэта было ў 2020-м».
«Ён баіцца любой канкурэнцыі. Каб усё прайшло стэрыльна і ціха, рэжым ліквідаваў усе апазіцыйныя партыі, а іх лідараў кінуў у турмы. Любая палітычная актыўнасць крыміналізаваная», — падкрэсліла Ціханоўская.
Рэжыму, дадала яна, «няма чаго прапанаваць беларусам, акрамя рэпрэсій». «Кожны дзень людзей арыштоўваюць, катуюць. Любое іншадумства прызнаецца экстрэмізмам. Пра якое свабоднае волевыяўленне можа ісці гаворка ў такіх умовах?» — задаецца пытаннем дэмакратычная лідарка.
«Яны хочуць, каб беларусы маўчалі. Маўчалі і баяліся. Але рэжым памыляецца, калі думае, што рэпрэсіямі можна спыніць волю людзей да свабоды», — адзначыла палітык.
Яна заклікала беларусаў «быць пільнымі і не даць сябе падмануць», «пазбягаць удзелу ў рэжымных мерапрыемствах», а таксама «распаўсюджваць дакладную інфармацыю» і «падтрымліваць адно аднаго».
«Толькі сумеснымі намаганнямі мы зможам адбудаваць краіну, дзе закон цэніцца, голас кожнага ўлічваецца, а ўлада змяняецца», — рэзюмавала Ціханоўская.
У 2024 годзе ўпершыню ў Беларусі пройдуць аб'яднаныя выбары ў Палату прадстаўнікоў і мясцовыя саветы. Адзіны дзень галасавання прызначаны на 25 лютага. На працягу 60 дзён пасля яго адбудзецца першае пасяджэнне Усебеларускага народнага сходу ў новым статусе.
Падчас выбараў будзе забаронена фатаграфаваць і выкладваць у Інтэрнэт запоўнены бланк бюлетэня — як падчас датэрміновага галасавання, так і ў дзень выбараў. За парушэнне гэтага патрабавання пагражае адміністрацыйная адказнасць.
З 1996 года незалежныя назіральнікі не прызналі аніводную выбарчую кампанію ў Беларусі транспарэнтнай і адпаведнай стандартам АБСЕ.
Палітычны аналітык і эксперт «Зеркала»Арцём Шрайбман заўважае, што ў стратэгіі байкоту так званых выбараў доўгая гісторыя:
«Хоць да 2020 года гэтыя спрэчкі ўжо вяліся, тады гэты сэнс было нескладана знайсці. І таму ў лагеры "байкотчыкаў" ужо больш за 20 гадоў была не занадта заўважная меншасць апазіцыйных сіл. Астатнія ў той ці іншай ступені выкарыстоўвалі нават зрэжысаваную працэдуру выбараў, каб паспрабаваць дамагчыся іншых мэт.
Калі прайсці па іх адна за адной, праблема сённяшняга моманту становіцца больш зразумелай. Спробы дасягнуць большасці з іх сталі альбо бессэнсоўнымі, альбо небяспечнымі, альбо і тымі, і іншымі адначасова.
Мэта №1 — сваім удзелам мабілізаваць людзей і выкарыстоўваць гэтую энергію. Для гэтага трэба паказаць людзям персанальную і ідэйную альтэрнатыву ўладзе, і таму выкарыстанне нават фальшывай працэдуры апраўдана, бо мэта намаганняў — гэтую машыну фальсіфікацый зламаць.
Мабілізацыя мае сэнс як этап на шляху да чагосьці, як рэсурс, які можна потым у нешта канвертаваць. Гэтае "нешта" — неабавязкова штурм палаца Лукашэнкі. Гэта можа быць стварэнне партыі ці руху пасля выбараў. Або масавы паход у назіральнікі, якія патрабуюць сумленнага падліку галасоў, ствараючы тым самым ціск на людзей у выбаркамах, што можа падарваць іх гатоўнасць фальсіфікаваць выбары. Такая паломка сістэмы можа пацягнуць за сабой і масавыя пратэсты, і параліч іншых структур рэжыму — калі ўсе, уключаючы яго верных слуг, бачаць, што ўлада прайграла ў галасаванні.
Мэта №2 — трэніроўка актыву і падтрыманне яго ў тонусе. Улада дае некалькі месяцаў адноснай свабоды агітацыі і збору подпісаў. Гэты час можна выкарыстоўваць, каб у соцень энтузіястаў у партыях і групах падтрымкі палітыкаў "рукі памяталі", як праводзіць кампанію. Гэта падтрыманне рэсурсу на будучыню, калі ў сітуацыі больш свабодных выбараў спатрэбяцца людзі, якія хаця б ведаюць, як арганізаваць працу штаба.
Мэта №3 (з мірных часоў) — прымусіць уладу да фальсіфікацый, каб гэта ўсё ўбачылі, і не дапусціць міжнароднай легітымізацыі рэжыму. Бо калі апазіцыя і яе выбаршчык не пойдуць на выбары, уладзе не спатрэбіцца нічога фальсіфікаваць, акрамя яўкі (бар'ер якой на парламенцкіх выбарах даўно адменены). Міжнародныя назіральнікі ўбачаць адносна сумленны працэс, развядуць рукамі і дадуць пазітыўную ацэнку, бо рэжым не прымушаў апазіцыю байкатаваць, самі вырашылі ўхіліцца.
Сёння легітымізацыя беларускай улады на Захадзе не пагражае па выніках любых выбараў пры Лукашэнку і мінімум паўтары тысячах палітвязняў. Нават калі галасы будуць палічаныя крышталёва чыста, гэтага, мяркуючы па ўсім, ніхто нават не ўбачыць, бо Мінск пакуль нават не сабраўся запрашаць назіральнікаў АБСЕ на выбары. А калі пакліча, далёка не факт, што яны адправяць на выбары місію, улічваючы, што проста цяпер Мінск і Масква блакуюць працу арганізацыі, не даючы Эстоніі заняць месца старшыні.
Мэта №4 — падняць важныя пытанні на парадак дня, карыстаючыся інструментамі выбараў. Напрыклад, кіраўнік закрытай уладамі партыі "Зялёных" Дзмітрый Кучук нядаўна абвясціў, што ідзе ў кандыдаты ў дэпутаты, каб падняць пытанне амністыі палітвязняў. На сайце, на які Кучук спасылаецца як на сваю палітычную праграму, нядаўна была апублікаваная канцэпцыя адпаведнага законапраекта.
Давайце на секунду пакінем у баку падазрэнні, што ўлады папрасілі або прымусілі Кучука вылучацца, каб сімуляваць нейкі плюралізм, і возьмем за аснову версію, што актывіст пераступіў страх і вырашыў пагаварыць з беларусамі і ўладай пра важную тэму.
Калі гэта так, то ўчынак Кучука варты каласальнай павагі, незалежна ад зыходу і працягласці яго кампаніі. Чалавек ідзе на відавочную рызыку і падымае найважнейшую тэму. Хаця б некалькі тыдняў ён зможа гаварыць пра палітвязняў з людзьмі падчас збору подпісаў. Калі здарыцца цуд і яго зарэгіструюць, некалькі тыдняў ператворацца ў пару месяцаў. Ці вызваляць праз гэта палітвязняў? Сумняюся. Але ўвагі да гэтай праблемы заўсёды недастаткова, таму — чым яе больш, тым лепш.
Нарэшце, мэта №5 — даць выбаршчыкам апошнюю легальную магчымасць выказаць свой пратэст. У гэтага практыкавання няма асабліва палітычнай мэты, яна хутчэй псіхатэрапеўтычная — каб не атрафіраваць у аднадумцаў здольнасць рабіць нейкае непрыемнае для ўлады калектыўнае дзеянне.
На рэферэндуме па новай Канстытуцыі ў 2022 годзе гэтай ідэяй былі "два крыжыкі" — гэта значыць, па сутнасці, псаванне бюлетэняў, якое падтрымала амаль уся апазіцыя. На выбарах, дзе ёсць графа "супраць усіх", менавіта яна магла б стаць апошнім бяспечным шанцам зрабіць хоць нешта, што не ўкладаецца ў план улады».