Выбары-2024: у рэжыму ўсё схоплена і пад кантролем, але заўсёды ёсць «але»

«Беларускі штогоднік» выпусціў агляд спраў унутры краіны за 2023 год. У ім Аліса Лісіцкая разважае пра тое, ці ўдасца Лукашэнку за кошт выбараў «перагарнуць старонку».

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

Ілюстрацыйнае фота «НЧ»

У кіруючага класа атрымалася стварыць камфортныя ўмовы для правядзення выбараў у прадстаўнічыя органы дзяржавы. Выбарчая кампанія ўжо фактычна стартавала — прынамсі, для ідэалагічнай вертыкалі. Дэмсілы, у сваю чаргу, альбо заклікаюць да байкоту, альбо зусім ігнаруюць выбары ў парламент і мясцовыя саветы. У якасці альтэрнатывы палітарганізацыі з кааліцыі Ціханоўскай прасоўваюць ідэю абрання чарговага складу Каардынацыйнай рады. У гэтай сітуацыі новай хвалі пратэстаў у лютым 2024 года чакаць не даводзіцца. Ці ўдалося Лукашэнку адкінуць грамадства па-за межы 2020 года (пра што раней так марыў нязменны кіраўнік)?

На выбарах 25 лютага 2024 года ў Палату прадстаўнікоў плануецца абраць 110 дэпутатаў. Улады істотна скарацілі колькасць дэпутацкіх акруг па выбарах у мясцовыя саветы. У 2018 годзе было абрана крыху больш за 18,0 тысяч «народных прадстаўнікоў» усіх узроўняў. У 2024 годзе дэпутатаў мясцовых саветаў стане на траціну менш — плануецца закрыць 12 514 вакансій у мясцовых прадстаўнічых органах.

Шмат у чым гэтае скарачэнне звязана з традыцыйным дэфіцытам кандыдатур на дэпутацкія мандаты ў сельскай мясцовасці. Яшчэ экс-кіраўніца Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына прапаноўвала скасаваць выбары ў сельсаветы праз цяжкасці з пошукам прыстойных кандыдатур у сельсаветы. Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года і палітычнага крызісу, які рушыў услед, узніклі цяжкасці з адборам лаяльных рэжыму Лукашэнкі дэпутатаў не толькі ў сельскай мясцовасці.

Ці варта чакаць з'яўлення ў прадстаўнічых органах дэпутатаў з альтэрнатыўным меркаваннем пасля выбараў 25 лютага 2024 года? Наўрад ці.

Глядзіце таксама

Нават у адносна «траваедныя» 2000-я — 2010-я гады рэжым Лукашэнкі імкнуўся цалкам «зачысціць» парламент і мясцовыя саветы ад актывістаў дэмакратычнага руху. Эксперымент з увядзеннем дзвюх прадстаўніц ад грамадзянскай супольнасці і апазіцыі (Ганны Канапацкай з АГП і Алены Анісім з ТБМ) у Палату прадстаўнікоў VI склікання (2016-2019 гады) не быў працягнуты на парламенцкіх выбарах 2019 года.

У сваю чаргу, мясцовая вертыкаль усе апошнія скліканні жорстка фільтравала праходжанне кандыдатур ад апазіцыйных арганізацый у мясцовыя саветы дэпутатаў. Калі апошнія 10 гадоў сярод 18 -20 тысяч дэпутатаў і зацясняўся альтэрнатыўны вылучэнец, інфармацыі ў публічнай прасторы пра яго / яе не прасочвалася.

Падобное стараннае фільтраванне і адбор у прадстаўнічыя органы прынеслі плён у перыяд найбольш вострай фазы палітычнага крызісу, які пачаўся ў жніўні 2020 года. У жніўні–верасні палітычна актыўныя выбаршчыкі спрабавалі актыўна ўцягнуць «народных прадстаўнікоў» у вырашэнне палітычнага крызісу, але беспаспяхова. Дэпутаты парламента і мясцовых саветаў, хоць і не выходзілі на абарону Лукашэнкі, але ізаляваліся ад падзей, якія адбываліся, і чакалі буры народнага абурэння (за рэдкімі выключэннямі).

Пратэрмінаваныя выбары: back to USSR або пад крыло Расіі?

Выбары ў парламент і мясцовыя саветы адбудуцца 25 лютага 2024 года, гэта значыць у адзіны дзень галасавання, прыняты на расійскі манер у выніку апошняга плебісцыту Лукашэнкі 2022 года. Дзеючы дэпутацкі корпус мясцовых саветаў прасядзеў у крэслах дадатковыя два гады. Парламентарыям пашанцавала менш: іх мандаты працягнулі ўсяго толькі на некалькі месяцаў.

Кіруючы клас расцягнуў электаральны цыкл, бо баяўся праводзіць выбары ў мясцовыя саветы і парламент у заканадаўчыя тэрміны. Перанос электаральнай кампаніі быў звязаны з зацяжным палітычным крызісам, праз які Лукашэнка ледзь не пазбавіўся крэсла кіраўніка дзяржавы ў выніку паслявыбарчых пратэстаў 2020 года.

Глядзіце таксама

Апошнія тры гады рэжым быў заняты ўціхамірваннем грамадства і прыгнётам пратэсных настрояў, аднаўленнем лаяльнасці вертыкалі і «зачысткай» дзяржсектара ад іншадумцаў. Лукашэнку было не да легітымізацыі дзяржаўных інстытутаў, а тым больш не хацелася бударажыць грамадства правядзеннем чарговых выбараў. Уладу ледзь удалося ўтрымаць дубінкамі сілавікоў, а таксама за кошт безініцыятыўнасці і шэрасці вертыкалі: выканаўчай, прадстаўнічай і судовай. Дыпламатычная і фінансавая падтрымка Крамля таксама адыгралі не апошнюю ролю ў захаванні рэжыму Лукашэнкі.

Спачатку кіруючы клас марыў вярнуць грамадства ў стане да 2020 года, але апетыт прыходзіць падчас ежы — вырашылі рэгрэсаваць яшчэ далей. Ідэолагі і прапагандысты зноў загаварылі пра камбэк савецкіх практык. Але нават у Савецкім Саюзе выбары перыядычна праводзіліся. Да народнага волевыяўлення кіруючы клас вырашыў падрыхтавацца грунтоўна і з савецкім размахам.

Партыйнае поле: без апазіцыі, але з (псеўда-)ідэалагічнай разнастайнасцю

Кіруючы клас цалкам «зачысціў» партыйнае поле, пакінуўшы толькі тры лаяльныя палітпартыі ў дадатак да новастворанай «Белай Русі». Відавочна, у намерах архітэктараў рэжыму было стварэнне партыйнай сістэмы, у якой усе ідэалагічныя нішы былі б запоўненыя. Найбольш блізкай і праверанай часам мадэллю для пераймання стала расійская сістэма з чатырма парламенцкімі партыямі — але з некаторымі ўласнымі беларускімі варыяцыямі.

У выніку ўлады пакінулі зарэгістраванай Камуністычную партыю Беларусі. Гэтая партыя карыстаецца адмысловымі прэферэнцыямі дзякуючы настальгіі кіраўніка рэжыму па слаўных былых часах, што ён не раз падкрэсліваў.

Любоў кіруючага класа да вялікай і моцнай дзяржавы патрабавала пакінуць у «абойме» яшчэ адну партыі з левага спектру, але больш ўмераную і без адмоўных камуністычных канатацый. Выбар спыніўся на Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці.

Глядзіце таксама

Правы спектр быў заслупаваны яшчэ з часоў позняга СССР. Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі з'яўляецца своеасаблівым аскепкам Ліберальна-дэмакратычнай партыі Савецкага Саюза. ЛДП пад кіраўніцтвам Гайдукевіча далёкая (паводле слоў яе ж кіраўніка) як ад лібералізму, так і ад дэмакратыі, але чамусьці лічыць сябе правацэнтрысцкай сілай.

Гледзячы па ўсім, партыйныя архітэктары вылучылі вядучую ролю ў новай партыйнай канфігурацыі Белай Русі, створанай на аснове аднайменнага рэспубліканскага грамадскага аб'яднання з каля 200 тысячамі спісачных членаў. Аднак гэты наменклатурны наватвор недалюблівае сам Лукашэнка, нягледзячы на запэўніванні партыйных функцыянераў у лаяльнасці.

Астатнія 12 палітычных партый, як праўладных, так і апазіцыйных, пайшлі пад нож Мінюста. Здаецца, што кіруючы клас пакінуў сваім апанентам выбар без выбару: прагаласаваць за кандыдатаў ад 4 лаяльных Лукашэнку партый з праграмай «Усебеларускага народнага сходу».

Хоць для апазіцыянераў даступная яшчэ такая опцыя: проста не хадзіць на выбары (пакуль адказнасці за гэта не прадугледжана). Галоўнае, каб падаткі ў бюджэт у поўным аб'ёме і своечасова ўносілі, ды не дармаедствавалі. Праўда, у найбольш адчайных актывістаў засталася яшчэ шчыліна — вылучацца зборам подпісаў, але ў дэмсіл у гэтым электаральным сезоне падобны падыход не з'яўляецца папулярным.

Парадак дня дэмсіл: міжнародная ізаляцыя і пераслед рэжыму, альтэрнатыўныя выбары ў КР

Дэмакратычныя сілы ўгразлі ў тэматыцы міжнароднай ізаляцыі рэжыму, легітымізацыі ў вачах заходніх партнёраў і кансалідацыі пакінутых прыхільнікаў. Уплыў на ўнутраны парадак апанентаў Лукашэнкі скараціўся да мінімуму.

У якасці альтэрнатывы дэмсілы разглядаюць магчымасць правядзення выбараў у Каардынацыйную раду. Аднак падобныя электаральныя гульні апанентаў Лукашэнкі могуць быць прывабнымі толькі для вузкай групы асоб, якія знаходзяцца пераважна ў эміграцыі. Уплыў КР на ўнутрыпалітычную павестку з'яўляецца мізэрным, а яе роля і функцыі ў дэмакратычным руху — не да канца ясныя.

Да таго ж, апанентам Лукашэнкі з кожным месяцам становіцца ўсё цяжэй данесці свае ідэі да беларускай аўдыторыі.

Глядзіце таксама

Ахоўнікі рэжыму «зачысцілі» інфармацыйную прастору ад незалежных медыя. Многіх журналістаў рэпрэсавалі і кінулі ў турмы. Частка рэдакцый рэлакавалася і працягнула сваю дзейнасць у выгнанні, але аднавіць былы ўзровень прысутнасці ў медыяпрасторы не ўдалося. Хутчэй наадварот: аўдыторыя незалежных медыярэсурсаў паступова скарачаецца, што звязана з пастаяннымі канвеернымі «зачысткамі» і паказальнымі рэпрэсіямі ў дачыненні да спажыўцоў прадукцыі незалежных СМІ. Ахоўнікі рэжыму рэгулярна прызнаюць незалежныя медыйныя праекты з хоць трохі значнай аўдыторыяй «экстрэмісцкімі» — з усімі вынікаючымі для працы наступствамі.

Такім чынам, пакуль для кіруючага класа ўсё складваецца адносна ўдала, і нічога не прадказвае якіх-небудзь будучых узрушэнняў. Хутчэй наадварот: у рэжыму ўсё схоплена і пад кантролем. Аднак у апошнія гады фартуна раз-пораз адварочвалася ад старога аўтакрата, восень якога ўжо даўно пры канцы. Перыядычна на гарызонце з'яўляюцца чорныя лебедзі, якіх забранзавелы кіраўнік ужо наўрад ці можа бачыць сваім прытупленым ад доўгага знаходжання ва ўладзе позіркам.