Ціханоўская: «На дадзены момант я не буду прымаць удзел у наступных выбарах»

Былая кандыдатка ў прэзідэнты і сімвал беларускага пратэсту Святлана Ціханоўская 22 студзеня правяла прэс-канферэнцыю ў Таліне.

Святлана Ціханоўская ў Таліне /  tsikhanouskaya.org

Святлана Ціханоўская ў Таліне /  tsikhanouskaya.org


Працягваецца рабочы візіт Святланы Ціханоўскай у Талін. Падчас яго яна сустрэлася з прэзідэнткай Эстоніі Керсці Кальюлайд, прэм'ер-міністрам Юры Ратасам і правяла анлайн-званок з міністрам замежных спраў Урмасам Рэйнсалу. На сёння ў Ціханоўскай была запланаваная прэс-канферэнцыя ў Таліне.
Як паведамляе interfax.by, падчас яе Святлана Ціханоўская заявіла, што не мае намеру ўдзельнічаць у наступных прэзідэнцкіх выбарах, а таксама прапанавала пашырыць санкцыйныя захады супраць беларускіх структур улады: «Раней гвалт супраць нязгодных быў фізічным. Цяпер у турмах знаходзяцца не толькі палітвязні, але і людзі, якім не прад'яўленыя абвінавачанні. Можа быць, іх не катуюць, але яны пакутуюць у турмах кожны дзень», — у сувязі з чым, на думку Ціханоўскай, санкцыі «важна ўжываць не толькі ў дачыненні да вышэйшых чыноў. Важна ўвесці ў гэты спіс суддзяў, супрацоўнікаў сілавых структур, якія збівалі людзей. Перад тым, як збіваць людзей, яны павінны зразумець, што іх дзеці не змогуць нічога зрабіць у Еўропе».
Міністр замежных спраў Эстоніі Урмас Рэйнсалу, які браў удзел у канферэнцыі ў анлайн-рэжыме, выказаў меркаванне, што санкцыі працуюць і уплываюць на рэжым Лукашэнкі і што іх трэба пашыраць далей: «Важна, каб Захад працягваў палітыку санкцый. Цяпер санкцыі ўжытыя ў дачыненні да 88 асоб і сямі кампаній, гэты спіс трэба павялічыць».
Падчас сустрэч Ціханоўскай з кіраўніцтвам Эстоніі быў абмеркаваны шэраг пытанняў:
— сітуацыя ў Беларусі і тое, як міжнародная супольнасць можа падтрымаць беларускі народ;— 4-ы пакет санкцый ЕС у дачыненні да рэжыму, пра які будуць гаварыць на наступным тыдні ў Брусэлі;— правядзенне пасяджэння Савета Бяспекі ААН на тэму Беларусі;— падтрымка Эстоніяй адукацыйных і медыйных праектаў, ініцыятыў, звязаных з Беларуссю, агулам на 1 мільён еўра;— правядзенне агульнанацыянальнай вакцынацыі беларусаў пры падтрымцы ЕС.
Міністр замежных спраў уручыў Святлане Ціханоўскай дзяржаўную ўзнагароду — крыж «За заслугі». Урмас Рэйнсалу адзначыў уклад Ціханоўскай у барацьбу за свабоду Беларусі.
Святлана Ціханоўская заўважыла, што ў Таліне няма беларускага помніка ці знака, і прапанавала падтрымаць ініцыятыву беларускай дыяспары ў Эстоніі ўсталяваць крыж Еўфрасінні Полацкай у сталіцы — насупраць амбасады Беларусі.