Брудныя выбары
Выбары нельга лічыць дэмакратычнымі і празрыстымі. Працэдура падліку галасоў не можа сведчыць пра дакладнае адлюстраванне волевыяўлення выбаршчыкаў. Пра гэта заявілі прадстаўнікі кампаніі
«За свабодныя выбары».
«За гэтым сталом павінен быў яшчэ знаходзіцца старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, які ўчора быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі». З гэтага паведамлення пачалася
20 снежня прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў кампаніі «За свабодныя выбары».
Блакада
Выбары нельга лічыць дэмакратычнымі і празрыстымі. Працэдура падліку галасоў не можа сведчыць пра дакладнае адлюстраванне волевыяўлення выбаршчыкаў. Пра гэта заявілі прадстаўнікі кампаніі
«За свабодныя выбары».
«За гэтым сталом павінен быў яшчэ знаходзіцца старшыня Беларускага Хельсінскага камітэта Алег Гулак, які ўчора быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі». З гэтага паведамлення пачалася
20 снежня прэс-канферэнцыя прадстаўнікоў кампаніі «За свабодныя выбары».
Блакада
Яны адзначылі, што на працягу дня 19 снежня вельмі складана было збіраць інфармацыю ад назіральнікаў у сувязі з дрэннай працай інтэрнэта. Сайты перыядычна блакаваліся. На раніцу 20 снежня
праваабаронцы змаглі атрымаць інфармацыю толькі з 222 выбарчых участкаў замест запланаваных 300. У дзень галасавання на офісе праваабарончага цэнтра «Вясна» быў адключаны
стацыянарны тэлефон. А ноччу міліцыя канфіскавала ўсе кампутары.
71 працэнт назіральнікаў паведаміў, што яны не маглі бачыць змест бюлетэняў. «Сябры камісіі, як правіла, калі лічылі галасы, стаялі спінамі да назіральнікаў вакол стала. Такім чынам
,назіральнікі фактычна не мелі магчымасці аглядаць, што там адбываецца», — сказаў юрыст «Вясны» Валянцін Стэфановіч. А 46 працэнтаў назіральнікаў засведчылі, што
камісіі не агалошвалі вынікі асобнага падліку бюлетэняў з розных скрыняў (для датэрміновага галасавання, для галасавання на ўчастку і па месцы знаходжання выбаршчыкаў).
«І назіральнікі ў асноўным былі сведкамі падліку галасоў, пры якім сябры камісіі адначасова ўсе лічылі галасы, — зазначыў Валянцін Стэфановіч. — Кожны лічыў пэўную
колькасць бюлетэняў, перадаючы дадзеныя старшыні камісіі, які потым запаўняў пратакол аб выніках галасавання. Такую працэдуру, па нашым глыбокім перакананні, ніяк немагчыма назваць транспарэнтнай як
для назіральнікаў, так і для кожнага сябра выбарчай камісіі паасобку».
Па датэрміновым назіранні ёсць факты сур’ёзных разыходжанняў у лічбах назіральнікаў і ўчастковых камісій па колькасці тых, хто прагаласаваў. Прыводзяцца прыклады, калі на суседніх
участках, дзе няма назіральнікаў, яўка выбаршчыкаў па звестках камісій у разы болей, чым там, дзе вядзецца назіранне.
Кропкі над «і»
У СМІ з’явіліся сведчанні назіральнікаў пра фальсіфікацыі. Так, у інтэрв’ю радыё «Свабода» Дар’я Каткоўская распавяла пра маніпуляцыі з бюлетэнямі на
ўчастку №17 у Фрунзенскім раёне Мінска.
«Я стаяла ў метры ад стала — мяне трымаў кіраўнік камісіі, мяне трымала міліцыя. Але, прынамсі, я бачыла, як не лічаць галасы. …Я бачыла, што галасы адных і тых жа
кандыдатаў кладуць у розныя стосы. Гэта значыць, што бюлетэні, дзе крыжыкі стаяць у розных месцах, кладуць то ў адну, то ў другую стопку».
Назіральніца галасавала на гэтым жа ўчастку і напісала на бюлетэні: «Саня паедзе ў Гаагу». Але сярод трох сапсаваных бюлетэняў яго не было. На патрабаванне Дар’і знайсці
яго, бюлетэнь адшукалі ў стосе за Лукашэнку. «Гэта значыць, што калі «Саня едзе ў Гаагу», то гэты бюлетэнь чамусьці кладуць у яго стос. …І ў выніку на нашых вачах
больш за 80 працэнтаў было аддадзена Аляксандру Лукашэнку. Там быў 71 голас за Рыгора Кастусёва з дзвюх тысяч. Хаця адзіны стос, які я магла бачыць, гэта быў стос якраз за Рыгора Кастусёва. Я магу
сказаць, што там было каля 200 бюлетэняў, калі яны клалі першапачаткова ў гэты стос», — паведаміла Дар’я Каткоўская.
Па папярэдніх афіцыйных дадзеных, Лукашэнка атрымаў 79,67% галасоў. Яўка на выбарах склала 90,66%. Андрэю Саннікаву далі 2,41%, Рыгору Кастусёву і Яраславу Раманчуку аднолькава — па 1,97%,
Уладзіміру Някляеву — 1,77%, Віталю Рымашэўскаму — 1,1%, Міколе Статкевічу — 1,04%. А па дадзеных «нелегальнага» экзіт-пола, які праводзілі ўкраінскія
спецыялісты з Міжнароднага цэнтра сацыялагічных даследаванняў «SOCIUM», Лукашэнка атрымаў 38,4% галасоў апытаных выбаршчыкаў. Уладзімір Някляеў атрымаў 18,7%, Андрэй Саннікаў
— 12,2%, Мікола Статкевіч — 7,8%, Яраслаў Раманчук — 5,4%, Рыгор Кастусёў — 4,8%, Віталь Рымашэўскі — 4,1%.
«Асабліва апошнія дні гэтай выбарчай кампаніі, а менавіта дні папярэдняга галасавання і апошні дзень, расставілі ўсе кропкі над «і», — адзначыў кіраўнік
праваабарончага цэнтра «Вясна» Алесь Бяляцкі. — Мне здаецца, што калі сказаць, што гэта брудныя выбары, гэта ацэнка дакладна падыходзіць да гэтых выбараў. І здзіўляцца
масаваму пратэсту, які адбыўся 19 снежня, уладам асабліва няма чаго. Таму што ісці на чацвёрты тэрмін сумлення хапае. Фальсіфікаваць выбары сумлення хапае. А масавыя пратэсты ўспрымаць сіл не
хапае».