БНФ у шосты раз уручыць традыцыйны памятны знак імя Віктара Івашкевіча
Сёлета Партыя БНФ у шосты раз абвесціць лаўрэата памятнага знаку імя Віктара Івашкевіча, якім партыя традыцыйна адзначае арганізатараў найбольш значных і гучных вулічных акцыяў.
Гэты знак быў заснаваны Беларускім Народным Фронтам у памяць пра выбітнага палітыка-фронтаўца, арганізатара шматлікіх дэманстрацыяў ды шэсцяў, які пайшоў з жыцця ў 2013 годзе. Сёлета ўзнагарода будзе ўручаная ў шосты раз. Традыцыйна ўручэнне прымеркаванае да 27 ліпеня – гадавіны абвяшчэння Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі.
Управай Фронту быў складзены шорт-ліст намінантаў:
- сябра Сойму Партыі БНФ ВІТАЛЬ АМЯЛЬКОВІЧ: за арганізацыю і правядзенне рэгулярнай акцыі з нагоды гадавіны Слуцкага Збройнага Чыну, якая традыцыйна з’яўляецца адной з найважнейшых рэгіянальных падзеяў у патрыятычным календары Беларусі;
- сябры Сойму Партыі БНФ ВІТОЛЬД АШУРАК і СЯРГЕЙ ПАНТУС: за правядзенне акцыяў дзеля прыцягнення ўвагі на забруджванне прытока Нёмана (рака Дзітва) шкоднымі выкідамі, якая прывяла да выяўлення арганізацыяў, што вінаватыя ў забруджваньні вады і парушэнні прыродаахоўнага заканадаўства;
- праваабаронца РАМАН КІСЛЯК: за ўдзел у арганізацыі серыі акцыяў супраць пабудовы шкоднага для навакольнага асяроддзя Берасця акумулятарнага завода, што прывялі да прыпынення падрыхтоўкі завода да запуску;
- намеснік старшыні Партыі БНФ ВАДЗІМ САРАНЧУКОЎ: за арганізацыю мітынгу-канцэрту ў Гродназ нагоды 101-й гадавіны абвяшчэння Трэцяй Устаўной граматы БНР, які стаўся найбольш маштабнай імпрэзай у сёлетнім адзначэнні беларускай незалежнасці і стварыў прэцэдэнт, калі галоўная пляцоўка найвялікшага патрыятычнага свята месціцца па-за Мінскам;
- сустаршыня БХД ПАВАЛ СЕВЯРЫНЕЦ: за каардынацыю даўгатэрміновай грамадскай варты пратэсту супраць адкрыцця забаўлялна-рэстарацыйнага комплексу «Поедем, поедим» каля Курапатаў.
Уладальнік памятнага знаку будзе вызначаны галасаваннем сябраў Сойму Партыі БНФ і абвешчаны 27 ліпеня.
Штогадовым памятным знакам імя Віктара Івашкевіча уганароўваюцца выбітныя асобы альбо арганізацыі, якія былі ініцыятарамі найбольш значных масавых акцый, у тым ліку мітынгаў, дэманстрацый, пікетаванняў, шэсцяў, аўта ці велапрабегаў.
У мінулым годзе памятным знакам імя Віктара Івашкевіча быў уганараваны грамадзкі актывіст, сябра БНФ і ўладальнік крамы symbal.by Павал Белавус – такім чынам быў адзначаны ягоны ўнёсак у арганізацыю маштабнага святкавання «Свята Незалежнасці» 25 сакавіка 2018 года ў Мінску з нагоды стагоддзя абвяшчэння трэцяй устаўной граматы БНР.
У ранейшыя годы знак імя Віктара Івашкевіча ўручаўся лідару грамадзкай арганізацыі «Альтэрнатыва» Алегу Корбану, кінарэжысёрцы і грамадскай актывістцы Вользе Мікалайчык, лідару «Маладога Фронта» Змітру Дашкевічу, ветэрану нацыянальна-адраджэнскага руху Ніне Багінскай.
narodny.org