Берасцейскую актывістку «Маладой Беларусі» выклікаюць ў КДБ
Сёння стала вядома, што актывістку руху “Маладая Беларусь” з Берасця, Наталлю Папкову выклікаюць ва Упраўленне КДБ па Берасцейскай вобласці.
У позве пазначаны дата і час допыту — 15 красавіка 14.00 і нагода — у межах закона аб аператыўна-вышуковай дзейнасці, а таксама супрацоўнік, які выклікае, — Сямёнаў Дзяніс Валер’евіч.
Сама Наталля Папкова цягам апошніх некалькіх год актыўна ўдзельнічала ў большасці масавых акцыяў у Мінску, збірала подпісы ў Берасці, была назіральніцай за выбарамі, збіраецца ёй быць і на будучых Прэзідэнцкіх выбарах. Вылучалася ў якасці кандыдата ў дэпутаты ў Берасцейскі гарадскі Савет дэпутатаў на мясцовых выбарах 2014 года, але не была зарэгістраваная.
24 сакавіка 2015 г. Наталля, разам з калегамі па арганізацыі раздавала ў цэнтры Берасця бел-чырвона-белыя стужкі. Напачатку красавіка яна павінна была прымаць удзел у семінары ў Кіеве.
На погляд самой Наталлі і калег па арганізацыі, выклік яе ў КДБ, з’яўляецца спробай запалохвання рэгіянальных актывістаў перад прэзідэнцкай выбарчай кампаніяй, а таксама страхам сілавых структураў да сувязі беларускіх арганізацый з украінскімі.
Паводле прэс-службы руху “Маладая Беларусь”