Беларускія дэмсілы правялі першую афіцыйную сустрэчу з Радай Еўропы
Увечары 7 лістапада беларускія дэмакратычныя сілы распачалі афіцыйнае супрацоўніцтва з Радай Еўропы. У кантактную групу ўвайшлі 10 чалавек, якія прадстаўляюць беларускія дэмакратычныя сілы, у тым ліку Каардынацыйную раду.
Як паведамляе прэс-служба Каардынацыйнай рады, Святлана Ціханоўская падчас выступу на мерапрыемстве
сказала, што стварэнне групы — першы крок па ўступленні Беларусі ў Раду Еўропы.
Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі прыярытэты, сярод якіх правы
чалавека, палітвязні, інстытуты дэмакратыі і вяршэнства права.
Асабліва адзначылі важнасць накіравання ўсіх дзеянняў на беларусаў унутры Беларусі.
— Мы дамовіліся аб выпрацоўцы канкрэтнага плана дзеянняў і
праграм супрацоўніцтва, — распавядае ўдзельніца ад КР. — Вельмі важна
адзначыць, што група адкрытая для прапановаў звонку. Яна не абмяжоўваецца
канкрэтным складам удзельнікаў і будзе запрашаць экспертаў па розных напрамках
да супрацоўніцтва.
У групу з боку Рады Еўропы ўваходзяць прадстаўнікі ўсіх
ключавых палітычных арганізацыяў РЕ, уключаючы ПАРЭ і Офіс камісара па правах
чалавека.
Нагадаем, што супрацу з афіцыйнымі беларускімі ўладамі Рада
Еўропы прыпыніла ў сакавіку 2022 года ў сувязі з удзелам Беларусі ў вайсковай
агрэсіі супраць Украіны. У той жа час камітэт вырашыў падтрымліваць і
ўмацоўваць адносіны з беларускай грамадзянскай супольнасцю і дэмакратычнымі
сіламі Беларусі.