Беларусь высылае амбасадара Латвіі
Як паведамляюць тэлеграм-каналы са спасылкай на дзяржаўнае інфармагенцтва БЕЛТА, амбасадару Латвіі прапанавалі пакінуць Беларусь цягам 24 гадзін.
Сёння ў МЗС Беларусі быў выкліканы амбасадар Латвіі Эйнарс Семаніс. Гэта было звязана з тым, што сёння ў цэнтры Рыгі, дзе вывешаныя сцягі краін-удзельніц чэмпіянату свету па хакеі, мэр горада замяніў чырвона-зялёны сцяг на бел-чырвона-белы. Міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей назваў гэта «актам дзяржаўнага вандалізму».
Праз гэта Беларусь высылае амбасадара Латвіі і ўсіх супрацоўнікаў амбасады, яны павінны пакінуць краіну цягам 24 гадзін.
Тым часам да амбасады Латвіі ў Мінску прыйшлі людзі з чырвона-зялёнымі сцягамі і пад кіраўніцтвам лідара ЛДПБ Алега Гайдукевіча сталі ладзіць мітынг «супраць умяшальніцтва ва ўнутраныя справы Беларусі».