Баданні з Расіяй ды святочная вакханалія

Стасункі Беларусі і Расіі — найлепшы серыял. То любяцца, то сварацца, то заміраюцца, то б’юцца — а вынік нікому не вядомы да самай апошняй серыі.

Фота www.правдинформ.рф

Фота www.правдинформ.рф

Дзякуючым доўгім выходным, тыдзень прайшоў даволі ціха і мірна. Адны бавілі час на агародах, другія завіслі ў чэргах на мяжы з Літвой ды Польшчай, трэція аддавалі пашану памерлым сваякам на могілках, чацвёртыя ратаваліся ад дажджоў і холаду пад коўдрамі ды папівалі гарачую гарбату.

І толькі нястомнае КДБ, дбаючы пра дзяржаўныя справы, працягвала шукаць ворагаў. І знайшло — пад арышт адправілі трох грамадзян Расійскай Федэрацыі, якія падазраюцца ў дачы хабару. Навіна, падаецца, не топавая, калі б не факт, што днямі тое самае КДБ арыштавала кіраўніка «Белтэлекама» Сяргея Сівадзедава і намесніка дзяржаўнага сакратара Рады бяспекі Андрэя Уцюрына — і якраз за атрыманне хабараў ад расійскіх грамадзян. Зрэшты, пакуль КДБ не пракаментавала, ці звязаныя гэтыя эпізоды між сабой.

Праўда, што да Андрэя Уцюрына, дык многія лічаць: «атрыманне хабару» — гэта ўсяго толькі прыкрыццё сапраўдных прычын. Вядомы расійскі журналіст, кіраўнік «Эхо Москвы» Аляксей Венядзіктаў выказаў меркаванне, што Уцюрына, які з 1995 па 2007 год працаваў у Службе аховы Аляксандра Лукашэнкі, апошнія 7 гадоў з якіх — на пасадзе кіраўніка Службы бяспекі, арыштавалі паказальна. Мэта — прадэманстраваць Крамлю, што ўсе сувязі высокіх чыноўнікаў з Масквой трымаюць пад кантролем, што пра любыя іх рухі кіраўніку Беларусі добра вядома. Акрамя гэтага, арышт Уцюрына — гэта і сігнал беларускай палітычнай эліце. Маўляў, будзеце шушукацца з Масквой, тым больш напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, — сядзеце на нары побач з Уцюрыным, які б высокі статус ні займалі.

Нявырашаным застаецца і эканамічны канфлікт з Расіяй, выкліканы пастаўкамі няякаснай нафты і, як вынік, спыненнем транзіту нафты праз тэрыторыю Еўропы. Мазырскі НПЗ дагэтуль не прыступіў да апрацоўкі чыстай нафты, на прадпрыемстве працягваюць прамываць абсталяванне ад забруджванняў.

granica_belarus_rossiya_mogilevskaya_oblast_14.jpg

Тым часам Следчы камітэт Расіі заявіў, што вінаватыя ў псаванні нафты знойдзеныя — чацвёра з іх ужо арыштаваныя, а яшчэ двое ўцяклі. Гэта кіраўніцтва невялікіх расійскіх кампаній «Нафтаперавалка», «Петранафта» і «Магістраль». Паводле следчых, падазраваныя больш за паўгода кралі «чорнае золата», а пасля вырашылі схаваць нястачу, дадаўшы ў вузел зліву ў Волжскім раёне няякасную нафту. Версія даволі дзіўная — няўжо ў падазраваных не было іншых спосабаў схаваць знікненне нафты ўсяго на 15 тысяч долараў, як толькі праз блакіроўку трубаправода?

Эксперты кажуць, што кароткае спыненне транзіту нафты выгоднае Беларусі — маўляў, дадатковы інструмент ціску на Маскву. Але і Масква заўжды ведае, як можна адказаць на прэтэнзіі суседкі, — з 8 траўня Рассельгаснагляд чарговы раз забараніў пастаўкі малака і малочнай прадукцыі з 37 беларускіх прадпрыемстваў і пастаўкі мясной прадукцыі з 4 айчынных заводаў.

Зрэшты, і мы не абораю хлеб кроім — у Беларусі зноў не дазволілі правесці «Бессмяротны полк», што ўжо некалькі гадоў лабіруюць прарасійскія сілы. У Мінску, праўда, адбылася такая акцыя, але хутчэй «на адчапіся» — пасля ўсіх афіцыйных мерапрыемстваў удзельнікам акцыі дазволілі коратка прайсціся ад дамка РСДРП да манумента на Плошчы Перамогі. Аляксандр Лукашэнка раней даў дакладна зразумець, што ён катэгарычна супраць «Бессмяротнага палку» — маўляў, у нас ёсць уласная акцыя «Беларусь памятае». А насуперак меркаванню Лукашэнкі чыноўнікі нічога не будуць рабіць.

Што канкрэтна Беларусь і беларусы памятаюць пра падзеі Другой сусветнай вайны, шчыра кажучы, зразумець цяжка. Калі меркаваць па праграме святкаванняў, беларусы памятаюць, што падчас вайны людзі елі салдацкую кашу, насілі пілоткі і танчылі пад «Кацюшу». З усёй прапагандысцкай вакханаліі выдзяляецца фемінісцкая акцыя «Беларускага саюзу жанчын». У межах праекта «Беларусь памятае. Жаночы твар перамогі» ўдзельніцы саюза высадзілі алею плакучых вербаў побач з Курганам Славы ў гонар жанчын-ветэранаў.

Агулам танальнасць дзяржаўных святкаванняў застаецца ўсё той жа — славім пераможцаў ды нясем праз пакаленні памяць пра народны подзвіг. Сенатарка Мар’яна Шчоткіна дагаварылася наогул да таго, што «трэба ра­біць усё, каб вайна не стала далёкім мінулым». Чым жа ёй стаць — сучаснасцю, будучыняй?

У сваёй віншавальнай прамове Аляксандр Лукашэнка традыцыйна сказаў пра «святую дату», «гераізм», «самаахвярнасць працаўнікоў тылу», «прыклад стойкасць ды патрыятызму» ды іншыя ўсім вядомыя пафасныя фразы. Нездарма беларускі бок не прыняў удзелу ў адзначэнні Дня памяці і прымірэння, якое прайшло ў Мінску па ініцыятыве ўкраінскага пасольства напярэдадні 9 траўня, — гэта не ўкладваецца ў канцэпт усеагульнага свята: з кім мірыцца, калі мы ўсіх перамаглі? Аднак ёсць і пэўная рацыя ў словах усіх гэтых чыноўнікаў — пакуль жывыя ветэраны, падзеі вайны не забудуцца. Пакуль жывыя тыя, хто памятае гэтае пекла, — паўп’яныя гоп-ля-ля пад «Кацюшу» ля сцэны ў раённым парку заўжды будуць выглядаць абразліва.