Ці верне расійскі суд беларускаму холдынгу зніклыя мільёны?

Хто нагрэў рукі на пастаўках беларускага малака і мяса ў Расію?

moloko_10.jpg

Амаль 13 мільёнаў долараў асноўнага доўгу і пені па ім спрабуе спагнаць са свайго ж расійскага трэйдара камунальнае прадпрыемства «Мінаблмясамалпрам» — кіруючая кампанія холдынгу «Мясамалпрам». Пазоўнік дабіўся адпаведнага судовага рашэння ў Беларусі — і звярнуўся з заявай пра прызнанне гэтага рашэння і яго выкананне ў Арбітражны суд Масквы.

Судовае пасяджэнне прызначанае на 15 траўня бягучага года, сведчаць дадзеныя судовых органаў Расіі.

Справа адметная тым, што гэта адна з найбуйнейшых па агучанай суме судовых разглядаў, якія ўзніклі па выніках паставак беларускага харчавання на расійскі рынак.

Адказчыкам выступае кампанія «Мінскаблпрадукт», якая да 2017 года з'яўлялася самым буйным пастаўшчыком беларускай малочкі і мяса ў Расію. Кампанія была заснаваная ў 2008 годзе найбуйнейшымі малака- і мясаперапрацоўчымі прадпрыемствамі Мінскай вобласці. Сярод яе саўладальнікаў, паводле дадзеных расійскага рэестра rusprofile.ru, — Слуцкі сыраробны камбінат, Слуцкі мясакамбінат, Маладзечанскі малочны камбінат, Мінскі мясакамбінат, «Здравушка-мілк», Барысаўскі мясакамбінат №1, а таксама (з 2015 года) і сам холдынг «Мясамалпрам».

Аб'ёмы выручкі «Мінскаблпрадукт» у 2015–2016 гадах перавышалі 10 мільярдаў расійскіх рублёў, што дазваляла кампаніі ўваходзіць у першую дзесятку беларускіх экспарцёраў у Расіі.

У першай палове 2017 года, аднак, па іску пракурора Эканамічны суд Мінскай вобласці вынес рашэнне аб спагнанні з трэйдара на карысць кіруючай кампаніі холдынгу «Мясамалпрам» доўгу і пені на суму 843 428 889,6 расійскіх рублёў (каля 13 мільёнаў долараў). У канцы 2017 года ў «Мінскаблпрадукт» змяніўся генеральны дырэктар (замест Ігара Чухлея ім стаў Віталь Казак), а выручка па выніках года скарацілася амаль у дваццаць разоў. На працягу 2018 года трэйдар зноў атрымаў новага кіраўніка — у базах цяпер фігуруе Алена Сідарава.

Пазовы супраць «Мінскаблпрадукт» звязаныя з гучнай крымінальнай справай. Прысуд у дачыненні да яго галоўных фігурантаў быў вынесены ў сакавіку гэтага года. У прыватнасці, былі асуджаныя былы генеральны дырэктар КУП «Мінаблмясамалпрам» — кіруючая кампанія холдынгу «Мясамалпрам» Дзмітрый Ракомсін. Яго абвінавацілі ў перавышэнні службовых паўнамоцтваў і прысудзілі да 7 гадоў пазбаўлення волі. Другім асуджаным стаў экс-кіраўнік «Мінскаблпрадукт» Ігар Чухлей, які атрымаў 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму.

Пра падрабязнасці гэтай справы можна прачытаць на сайце Вярхоўнага суда Беларусі.

Паводле www.zautra.by