Дзяржсакратар ЗША адмяніў візіт у Маскву
Дзяржаўны сакратар ЗША Майк Пампеа перад паездкай у Расію, анансаванай раней, паедзе ў Брусель, піша «Радыё Свабода».
13 траўня ён будзе гаварыць там з еўрапейскімі лідарамі пра Іран і іншыя пытанні, паведамляе Дзяржаўны дэпартамент ЗША.
Згодна з паведамленнем, паездку Майка Пампеа ў Маскву вырашылі адмяніць, але ён павінен сустрэцца з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і кіраўніком расійскага МЗС Сяргеем Лаўровым 14 траўня ў Сочы.
Раней у Дзярждэпартаменце ЗША паведамлялі, што Пампеа 13 траўня павінен быў прыехаць у Маскву, дзе павінен быў сустрэцца з прадстаўнікамі амбасады ЗША і амерыканскай бізнес-супольнасцю, занепакоенай арыштам у Расіі ў апошнія месяцы двух мараканцаў, сярод іх вядомага інвестара Майкла Калві. А 14 траўня дзяржсакратар павінен быў прыехаць у Сочы на перамовы з прэзідэнтам і міністрам замежных спраў Расіі.
Гэта будзе першы візіт Пампеа ў Расію на пасадзе дзяржсакратара ЗША, і ён будзе адбывацца на фоне ўсё большай напружанасці паміж дзвюма краінамі.
Раней у Вашынгтоне заяўлялі, што, акрамя амерыкана-расійскіх рознагалоссяў па кантролі над узбраеннямі, тэмамі перамоваў Пампеа і Пуціна будуць, у прыватнасці, становішча ва Украіне, Сірыі, крызіс у Венесуэле, а таксама Іран — ва ўсіх гэтых выпадках пазіцыі Вашынгтона і Масквы прама супрацьлеглыя.
Як сказаў журналістам неназваны прадстаўнік Дзярждэпартаменту, «калі мы абмяркоўваем нашу палітыку ў дачыненні да Расіі, мы павінны зыходзіць з таго, ...што адкрыта прызнаць: Расія ажыццявіла на сусветнай сцэне шэраг агрэсіўных і дэстабілізуючых дзеянняў».