Бацька Мікалая Дзядка: Проста пачуць голас сына – ужо радасна

«Жывем тым, чым жыве сёння наш сын. І чакаем, што, можа быць, што-небудзь зменіцца да лепшага. Стараемся падтрымаць яго лістамі, словам, парадай», —  бацька зняволенага журналіста і блогера, актывіста анархічнага руху Мікалая Дзядка распавёў «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад сына.

photo_2022_08_23_00_13_31_1.webp

Нагадаем, Мікалая Дзядка затрымалі 11 лістапада 2020 года. Журналіста прызналі вінаватым па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса: арт. 342 — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; арт. 361 — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; арт. 295-3 — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.

Суд прызначыў яму пакаранне ў выглядзе 5 гадоў пазбаўлення волі, хаця сам Мікалай Дзядок віну не прызнаў.

У мінулым годзе МУС Беларусі ўнесла Міколу Дзядка ў спіс асобаў, якія датычныя да экстрэмісцкай дзейнасці.

Палітвязень адбывае пакаранне у Гродзенскай турме №1…

Глядзіце таксама

“Вось мае “колькасныя паказчыкі” за мінулы год, — напісаў не так даўно на волю Мікалай. — Спортам я займаўся 157 разоў на год (у сярэднім адзін занятак на 2,4 дні), ёгай — 78 разоў.

Арабскай мовай адносна мала — адзін раз у 6,5 дзён, але на працягу пяці месяцаў у мяне не было падручнікаў. За вывучэнне новых англійскіх слоў браўся 103 разы.

Прачытаў за год роўна 60 кніг. Пры гэтым з 365 дзён амаль трэць (106 дзён) правёў у ШІЗА. У цэлым, я лічу, нармальна”.

Глядзіце таксама

Раней Мікалай Дзядок паведаміў, што яму дапамагае трымацца ва ўмовах турмы і прэсінга.

“Першае, што дапамагае трымацца – гэта дакладнае разуменне таго, дзеля чаго ты церпіш, а для гэтага ў цябе павінен быць дастатковы багаж ведаў, — напісаў Мікола. – Другое – разуменне гістарычнасці і асэнсаванасці ўсяго, што з табой адбываецца. І трэцяе – вельмі пажадана мець моцны круг блізкіх аднадумцаў”.

— Апошнім часам сувязь з сынам ёсць, на гэтым тыдні я атрымаў ад яго два лісты запар, — кажа Аляксандр Дзядок, бацька зняволенага блогера. – Да яго таксама мае лісты як быццам даходзяць. Таксама прыкладна тыдзень таму Мікола мне тэлефанаваў.

— Якія навіны ад яго?

— У турме ён сядзіць у адзіночнай камеры. Шмат чытае. Ёсць некаторыя праблемы са здароўем, але мы робім захады, каб трохі яму дапамагчы – выслалі медыцынскія прэпараты.

Больш нічога экстраардынарнага з Міколам не здараецца. Раней яго адпраўлялі і ў ШІЗА, і ў ПКТ, але апошні месяц, мяркуючы па ўсім, туды не трапляе.

— Перадачы яму забаронены?

— Так, турэмны рэжым іх не прадугледжвае. Як і спатканні. Дазволены толькі медыцынскія перадачы. І тэлефануе дзесьці раз у месяц. Размаўляем прыклада па 5-7 хвілін.

— За такі кароткі час шмат навін не паведаміш…


Глядзіце таксама

— Мы Міколу пра сябе амаль нічога і не распавядаем, жывем тым, чым жыве сёння наш сын. І чакаем, што, можа быць, што-небудзь зменіцца да лепшага.

Стараемся падтрымаць яго лістамі, словам, парадай. Ды і проста пачуць голас сына – ужо радасна.

Таксама перавялі на яго рахунак у турме грошы і купілі кнігі, якія сын прасіў – розныя даведнікі, падручнікі па вывучэнні замежных моў…

— Мікола паведаміў, што ў турме вывучае арабскую мову…

— І вучыць яе не першы год. Наколькі мне вядома, у гэтым плане ў сына нядрэнныя вынікі.

Мікола ў свой час вучыўся ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце і ва ўніверсітэце Вітаўта Вялікага ў Каўнасе, і тады пісаў свае дыпломныя работы на тэмы, звязаныя з Бліжнім Усходам. Таму і пачаў вывучаць арабскую мову.

— Фізічную форму ў турме сын таксама падтрымлівае?

— Наколькі магчыма, бо памер адзіночнай камеры зусім малы. Напрыклад, калі стаць пасярод яе і развесці рукі ў бакі, то можна дастаць амаль да дзвюх сценак. А вось столь высокая – да 5 метраў у вышыню.

Гродзенская турма – гэта ж старая пабудова, яна пачала працаваць яшчэ ў 1820 годзе, таму там і сёння хапае розных экзатычных памяшканняў.

Дарэчы, Мікола на сталай аснове ўжо даўно займаецца ёгай і працягвае гэта рабіць нават у турме.