Бацька Мікалая Дзядка: Ёсць указанне ціснуць на яго
Палітзняволенага Мікалая Дзядка 22 лютага ў калоніі ў Горках наведала адвакатка. Ён распавёў, што з самага пачатку на яго пачалі ціснуць.
— Ён прыбыў у калонію 12 лютага, і адразу яму паспрабавалі ўручыць так званую нізкастатусную працу — прыборка тых месцаў, якія, па непісаных законах, выконваюць людзі з пэўным статусам, — расказаў «Новаму Часу» бацька палітвязня Аляксандр Дзядок. — Натуральна, ён ад гэтага адмовіўся, бо гэта аўтаматычна пераводзіла б яго ў той самы нізкі статус. Ну і тут жа атрымаў 7 сутак штрафнога ізалятара, пазбаўленне доўгатэрміновага спаткання і змяншэнне атаваркі да 2 базавых.
Апроч таго да Міколы Дзядка не даходзяць лісты ад людзей, якія не з'яўляюцца яго блізкімі сваякамі, і ад яго лісты таксама не выпускаюць.
— Я ад яго атрымаў ліст, датаваны 13 лютага, караценькі, дзе ён піша, што ў яго шмат арганізацыйных клопатаў. Я адправіў яму два заказныя лісты, спадзяюся, ён іх атрымае.
Па словах Аляксандра Дзядка, са здароўем у Міколы нармальна, бо ёсць свежае паветра і кормяць лепш, чым у магілёўскай турме.
— Ён бадзёры, цудоўна разумее, што гэтага варта было чакаць. Хаця, шчыра кажучы, ён чакаў, што будзе досыць спакоўная абстаноўка. Але, відаць, ёсць указанне ціснуць на яго, — заключае бацька палітвязня.
Нагадаем, актывіст анархічнага руху, журналіст і блогер Мікалай Дзядок у лістападзе 2021 года быў асуджаны на 5 гадоў калоніі. Яго прызналі вінаватым па трох артыкулах:
арт. 342 Крымінальнага кодэкса — Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх; арт. 361 Крымінальнага кодэкса — Заклікі да дзеянняў, скіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь; арт. 295-3 Крымінальнага кодэкса — Незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснавана на выкарыстанні гаручых рэчываў.
Палітвязень віну не прызнаў.
Адрас для лістоў: ПК №9, 213410, г. Горкі, вул. Дабралюбава, 16, Дзядку Мікалаю Аляксандравічу, (на лістах пазначайце «каранцін»).