Гродзенскі суд адхіліў скаргу журналіста Дзяніса Івашына на змяненне меры ўтрымання
21 лютага ў Кастрычніцкім судзе Гродна адбылося пасяджэнне па разглядзе скаргі Дзяніса Івашына на змяненне меры ўтрымання. Суд адхіліў скаргу.
«Асабліва гэта нічога не змяняе, наўрад ці, ва ўмовах адсутнасці законаў, можна было разлічваць на тое, што ў асобным Гродне ў дачыненні да Дзяніса ў кагосьці з сістэмы раптам прачнулася б сумленне і прафесійны гонар», — каментуе Беларускай асацыяцыі журналістаў Вольга Івашына, жонка Дзяніса.
Журналіст, аўтар «Новага часу» Дзяніс Івашын знаходзіцца за кратамі з 12 сакавіка 2021 года. Яго абвінавачваюць па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса — «умяшанне ў дзейнасць супрацоўніка органаў унутраных спраў» (артыкул 365) і «здрада дзяржаве» (артыкул 356). Дзянісу пагражае да 15 гадоў зняволення.
Праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала Дзяніса Івашына палітвязнем.
За 11 месяцаў зняволення Дзяніс не меў ніводнага спаткання, 5 месяцаў ад яго няма лістоў.