«Amnesty International» заклікала дыпламатаў у Беларусі весці жывую трансляцыю акцый у Дзень Волі
Заявы беларускіх улад напярэдадні дэманстрацый, запланаваных на 25 сакавіка (Дзень Волі), выклікаюць сур'ёзную занепакоенасць з нагоды таго, што меры міліцыі ў адказ зноў будуць адзначаны жорсткім гвалтам, заявіла сёння «Amnesty International», заклікаючы да міжнародных дзеянняў па абароне правоў мірных пратэстоўцаў.
Паколькі многія журналісты, якія дакументавалі міліцэйскі гвалт у Беларусі, былі ўзятыя пад варту, «Amnesty International» заклікала дыпламатычных прадстаўнікоў весці назіранне за вулічнымі пратэстамі і паказваць падзеі ў жывым эфіры, выкарыстоўваючы свой дыпламатычны імунітэт для выкрыцця магчымага гвалту з боку міліцыі. Арганізацыя таксама заклікала ўсе прадпрыемствы, якія працуюць у Беларусі, тэрмінова правесці комплексную праверку, каб пераканацца, што яны сваімі дзеяннямі не выклікаюць і не спрыяюць парушэнням правоў чалавека ў краіне.
«Улады Беларусі дастаткова выразна заявілі, што яны гатовыя і маюць усе намеры адказаць на пратэсты ў Дзень Волі гвалтам, калі яны сутыкнуцца з масавымі акцыямі, падобнымі да тых, што праходзілі летась. Цягам апошніх васьмі месяцаў беларускі ўрад давёў сітуацыю да паўнавартаснага крызісу ў галіне правоў чалавека, адзначанага масавымі адвольнымі арыштамі, турэмным зняволеннем журналістаў, незаконным ужываннем сілы падчас пратэстаў, а таксама катаваннямі і забойствамі мірных дэманстрантаў. Сігнал, які пасылаецца беларусам зверху, зразумелы: любая спроба ажыццявіць права на свабоду мірных сходаў або выказвання меркаванняў будзе бязлітасна падаўленая. Свет не можа стаяць убаку перад абліччам гэтых пагроз», — заявіла Мары Стразерс, дырэктарка «Amnesty International» па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі.
«Сусветныя лідары павінны заклікаць сваіх дыпламатычных прадстаўнікоў у Беларусі сачыць за пратэстамі 25 сакавіка і весці жывую трансляцыю падзей. Міжнародныя прадстаўнікі могуць распавесці гісторыі, за распаўсюд якіх былі заключаны ў турму беларускія журналісты. Важна, каб злоўжыванні, якія адбываюцца ў Беларусі, працягвалі выкрывацца», — падкрэсліла яна.
«Мы таксама заклікаем міжнародны бізнес гарантаваць, што ён не будзе датычны да якіх-небудзь парушэнняў правоў чалавека з боку беларускіх улад у будучыні. Для гэтага павінны быць прыняты канкрэтныя меры па зніжэнні любых падобных рызык. Напрыклад, кампаніі, паслугі якіх могуць быць выкарыстаныя для абмежавання вольнага абмену інфармацыяй у Беларусі, павінны распачаць крокі для эфектыўнага прадухілення такіх злоўжыванняў. Калі тэлекамунікацыйныя кампаніі не могуць прадухіліць адключэнне інтэрнэту або мабільнай сувязі, ім варта па магчымасці змякчыць неспрыяльнае ўздзеянне, напрыклад, загадзя паведаміўшы карыстальнікам, абмежаваўшы працягласць і геаграфічнае распаўсюджванне збояў і знайшоўшы спосабы паменшыць іх уздзеянне на ўразлівыя і важныя службы — такія, як бальніцы», — таксама адзначыла Стразерс.
«Салідарнасць з беларускім народам патрабуе рашучых і мэтанакіраваных дзеянняў з боку міжнароднай супольнасці».