Аляксей Арастовіч: У Лукашэнкі яшчэ захоўваецца шанец застацца гістарычнай фігурай

Экс-дарадца офіса Зяленскага ў вялікім інтэрв'ю каналу «Рацыя» паразважаў, якім чынам можа змяніцца сітуацыя ў Беларусі, якімі могуць быць гэтыя змены, як Лукашэнка можа «выслізнуць» з сітуацыі і якая роля свабоднай Беларусі ў будучым сцэнары еўрапейскай бяспекі.

Фота з jokerweb.org

Фота з jokerweb.org

— Лёс Беларусі залежыць ад лёсу Лукашэнкі. А лёс Лукашэнкі — наўпрост ад лёсу Пуціна, — мяркуе палітык. — Калі Пуціна ў адзін дзень не стане, у Беларусі з'яўляецца гістарычны шанец пайсці шляхам свабоды замест шляху кантролю, звязанага са страхам, тэрорам і ўсім, што адбываецца.

Лукашэнка вельмі паспяхова манеўруе: больш за год ужо няма ўдараў па Украіне з беларускай тэрыторыі. Ён гандлюецца з Захадам, балансуе з Пуціным. Камплімент Пуціну ў адным інтэрв'ю, камплімент украінцам — у іншым. Ён спецыяліст па ўтрыманню ўлады праз сістэму балансавання. Гэта можа працягвацца бясконца, пакуль яму хапае фізічнага здароўя і пакуль хапае здароўя Пуціну.

Арастовіч мяркуе, што калі знікне Пуцін, расійскія сілы не будуць апекаваць Лукашэнку. І тады ў Беларусі могуць адбыцца перамены, здарыцца гэта можа двума спосабамі:

— Першы — гэта калі Лукашэнку хопіць розуму абвясціць палітычную амністыю і правесці адкрытую выбарную кампанію. Я ўпэўнены, што Лукашэнка не пераможа, але нават калі гэта здарыцца, парламент будзе апазіцыйным. І тады пачнецца нармальны палітычны працэс.

Другі спосаб — гэта шлях рэвалюцыі. Завяршэнне справы, якая была пачата ў 2020 годзе. Наколькі гэта паўстанне будзе мірным або ўзброеным, будзе залежаць ад сітуацыі.

Але я практычна не сумняваюся, што Беларусь пойдзе шляхам свабоды, таму што яна гістарычна моцна звязаная з іншымі краінамі Усходняй Еўропы, якія заўсёды супрацьстаялі дыктатурам.

Патэнцыял, які Беларусь выявіла ў 2020 годзе, быў вельмі жорстка задушаны, але захаваўся вопыт, які паказвае, што пасля першага засвоенага ўрока ніхто ўжо другі шанец не аддасць.

Аналітык мяркуе, што Украіна, Польшча і краіны Балтыі зацікаўленыя ў перамозе свабоднай Беларусі, таму што «Люблінскі трохкутнік», Усходнееўрапейскі інтэграцыйны праект «Міжмор'е» без Беларусі не працуюць:

— Беларусь — гэта краевугольны камень усяго будаўніцтва Усходняй Еўропы як самастойнага гульца ў міжнароднай палітыцы.

Са слоў Арастовіча, калі ён быў на форуме «Міжмор'е» ў Румыніі, на ім неаднаразова ўздымалася пытанне Беларусі. Гучала, што без нашай краіны гэты праект не ўвянчаецца поспехам.

Аналітык таксама мяркуе, што на Лукашэнку ляжыць вялікая гістарычная адказнасць:

— Сума злачынстваў, якія ён учыніў у дачыненні да беларускага народа яшчэ з пачатку 1990-х, ужо дастатковая для таго, каб запісаць яго ў міжнародныя злачынцы. Але ў яго дагэтуль захоўваецца шанец.

Ён напалову яго выкарыстоўвае, не даючы ўцягнуць Беларусь у вайну, і ў яго ёсць шанец на гістарычную амністыю, калі ён пасля падзення Пуціна пойдзе шляхам добраахвотнай перадачы ўлады праз належным чынам праведзеныя выбары: мясцовыя, парламенцкія, прэзідэнцкія.

Калі ён гэта зробіць, я думаю, нават беларускі народ здольны яму дараваць або змякчыць ступень вінаватасці. Гэта значыць, ён яшчэ можа застацца гістарычнай фігурай, якая знайшла ў сабе сілы забяспечыць мірную перадачу ўлады.

Калі ён будзе супраць гэтага, то назаўжды застанецца ў гісторыі Беларусі як тыран, які здзекаваўся з уласнага народа і скончыў прыблізна так, як Чаўшэску.

Пры гэтым, па словах Аляксея Арастовіча, на шляху да свабоды ў Беларусі «занадта шмат чорных лебедзяў»:

— Можна сказаць адно — для таго, каб змянілася ўлада ў Беларусі, павінна змяніцца ўлада ў Маскве. І я на сто адсоткаў упэўнены, што рана ці позна гэта адбудзецца. Калі — сказаць немагчыма. Наша задача цяпер — не дапусціць уцягвання Беларусі ў вайну і захаваць патэнцыял людзей, якія змогуць выступіць генератарамі пераменаў.

Паводле «Салідарнасці»

Глядзіце таксама