Актывісты Руху «За Свабоду» распачынаюць «Карусель пікетаў» супраць вайны ва Украіне

Акцыю «Карусель пікетаў» распачынаюць актывісты Руху «За Свабоду» Арцём Лява і Алесь Марчанка. Яны прапануюць кожны дзень падаваць заяўкі на пікеты каля амбасады Расіі з патрабаваннем спыніць ваенныя дзеянні ва Украіне.



salidarnyja_z_ukrainaj.jpg

Ідэя «Каруселі пікетаў» у тым, каб людзі кожны дзень падавалі заяўкі адзіночныя пікеты ля пасольства, патлумачыў сайту Pyx.by Алесь Марчанка. Заяўкі на першыя пікеты 19 і 20 верасня ён і сябра Рады Руху "За Свабоду" Арцём Лява ўжо падалі, сёння ў Мінгарвыканкам звернецца яшчэ адзін актывіст, які папросіць дазволу на правядзенне акцыі 21 верасня.

«Калі знойдзецца шмат жадаючых, і на кожны дзень прызначаць пікеты, то чыноўнікі Мінгарвыканкама будуць абавязаныя даваць адказы, прыдумваючы новыя тлумачэнні, бо ўсім аднолькавыя адмовы не атрымаецца даць», — кажа Марчанка. 

Па словах актывіста, заяўкі на адпаведнасць заканадаўчым нормам былі правераныя юрыстамі-праваабаронцамі.

Хутчэй за ўсё, лічыць актывіст Руху "За Свабоду", «адказы будуць адмоўныя, але нейкім чынам трэба ж прымусіць чыноўнікаў выконваць Канстытуцыю і законы». Па ягоных падліках, на першыя заяўкі адказы прыйдуць 14–15 верасня.

Каб далучыцца да «Каруселі пікетаў» супраць вайны ва Украіне ахвочым трэба мець бланк заяўкі, якія сёння з'явяцца на сядзібе Партыі БНФ (вул. Чарнышэўскага, 3 у Мінску), акрамя таго, па іх можна звяртацца да арганізатараў акцыі ( +375 29 7518143 Арцём Лява). Арганізатары просяць актывістаў пазначаць дзень, на які яны плануюць падаваць заяўку, а таксама кажуць, што гатовыя выслухаць усе прапановы ад магчымых удзельнікаў.

Алесь Марчанка падкрэсліў, што ён асабіста працягне змагацца за магчымасць законна пратэставаць супраць расійскіх дзеянняў ва Ўкраіне. «Я б хацеў каб вайна хутчэй скончылася ва Ўкраіне і буду падаваць заяўкі, пакуль яна не скончыцца», — заключыў актывіст Руху «За Свабоду».  

pyx.by