Акела прамахнуўся? Сістэма ўлады пачынае муціраваць

Стварэнне партыі ўлады нясе рызыку для асабістай улады Лукашэнкі: у бліжэйшай перспектыве ягоныя прыдворныя пачнуць расціскаць ссінелыя пальчыкі і па цаглінцы расцягваць дробныя кавалкі ўлады. Лукашэнка падпісаў два законы: «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» і папраўкі ў «Закон аб палітычных партыях».

img_0502_1_logo__1__logo.jpg


Папраўкі ў закон «Аб палітычных партыях» агаворваюць умовы стварэння і дзейнасці палітычных партый.
Мінімальны парог колькасці заснавальнікаў (членаў) партыі павялічваецца з 1 да 5 тысяч чалавек, устанаўліваецца абавязковая наяўнасць арганізацыйных структур ва ўсіх абласцях і Мінску, а таксама не менш як у адной трэці раёнаў кожнай з абласцей і не менш як у адной трэці раёнаў Мінска.
У адпаведнасці з законам Міністэрства юстыцыі, на працягу шасці месяцаў пасля ўступлення яго ў сілу палітычныя партыі павінны перарэгістравацца. Дзейнасць партый, якія не прайшлі перарэгістрацыі і не прынялі рашэння аб ліквідацыі, будзе спынена па рашэнні Вярхоўнага Суда.
Закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці» надзяляе правам на ўзаемадзеянне з дзяржорганамі ў асаблівых формах зарэгістраваныя суб'екты грамадзянскай супольнасці, якія маюць абласныя і мінскую гарадскую арганізацыйныя структуры, што налічваюць не менш як 100 тысяч паўналетніх грамадзян (для грамадскіх аб'яднанняў), аб'ядноўваюць у сваім складзе не менш за палову зарэгістраваных у Беларусі прафесійных саюзаў (для прафсаюзаў).
Навошта Лукашэнку «партыя ўлады», ад якой ён доўгія гады адмахваўся? Ці сапраўды гэта з’яўляецца прыкметай трансфармацыі ўлады?
«Новы Час» пагутарыў з палітычным аглядальнікам Паўлюком Быкоўскім.

«Усе партыі мусяць пацвердзіць лаяльнасць кіроўнаму рэжыму»

— Якую палітычную рэальнасць ствараюць новыя законы?
— Закон павялічвае парог колькасці заснавальнікаў партыі — з цяперашняй 1 тысячы да 5 тысяч чалавек. Нават 1 тысячу ва ўмовах рэпрэсіўнага рэжыму даволі складана сабраць і заявіць у Міністэрства юстыцыі, ведаючы, што да гэтых людзей будуць прыходзіць, на іх будуць ціснуць, а камусьці пагражаць, хтосьці пабаіцца пацвердзіць свой удзел.


Мы ведаем, што доўгія гады не маглі зарэгістравацца многія партыі: гэтага не змаглі зрабіць хрысціянскія дэмакраты, якія былі па адзін бок барыкад, не змагла зрабіць прарасійская партыя, супраць устаноўчага з’езда якой нібыта і не выступалі ўлады, але ў выніку сказалі, што дакументы не адпавядаюць рэчаіснасці. Але тады для рэгістрацыі патрабавалася 1 тысяча чалавек. 5 тысяч ва ўмовах рэпрэсіўнага рэжыму — нешта завоблачнае. Таму ствараюцца ўмовы, пры якіх магчыма існаванне адной партыі, якая дакладна будзе асацыіравацца з уладай, і верагоднае існаванне адной-дзвюх іншых партый. Гэта называецца палутарнай палітычнай сістэмай, дзе ёсць партыя ўлады і ўмоўна альтэрнатыўная партыя, якая не з’яўляецца праціўнікам улады. Палутарная палітычная сістэма звычайна не вядзе да шырокіх дэмакратычных дыскусій (у нас гэтага ў прынцыпе і не чакаецца).


Зараз у нас зарэгістравана паўтара дзясятка партый; некаторыя з іх зарэгістраваны даўно і мусілі згубіць рэгістрацыю, бо не вядуць дзейнасці; некаторыя з іх вядуць дзейнасць, але хутчэй за ўсё не маюць у сваіх шэрагах патрэбнай тысячы чалавек. Зараз шмат хто з-за рэпрэсій мусілі з’ехаць за мяжу — для іх стане яшчэ адным выклікам перарэгістрацыя партый пасля ўступлення закона ў сілу. Для перарэгістрацыі спатрэбіцца праводзіць мерапрыемствы, напрыклад, з’езд, на якім трэба пацвердзіць колькасны склад, выбраць кіроўныя органы і ўнесці змены ў статут. Змяняецца вызначэнне таго, што з’яўляецца мэтай дзейнасці партыі. На гэты момант многія не звяртаюць увагі, а між тым фактычна ўсе партыі мусяць пацвердзіць лаяльнасць кіроўнаму рэжыму.
Такая фармулёўка наўрад ці прымальная для апазіцыйных партый, хаця не выключаю, што хтосьці можа знайсці кампраміс і пераканаць сябе ў такой неабходнасці. Але збег розных фактараў: людзі за мяжой, колькасны склад, фармулёўка пра лаяльнасць да ўлады — усё ў сукупнасці апазіцыйныя структуры выканаць не змогуць. І нават калі яны адважацца на такі крок, вялікае пытанне — ці захочуць іх рэгістраваць.
Можна казаць, што паўгода на перарэгістрацыю — вельмі малы тэрмін, і можна казаць, што апазіцыйныя структуры не пройдуць перарэгістрацыі, што ўжо само па сабе не выглядае нават праўдападобным для абмеркавання.


Адначасова прыняты закон пра грамадзянскую супольнасць — закон «Аб асновах грамадзянскай супольнасці». Ён прыняты дзеля таго, каб вызначыць механізм вылучэння дэлегатаў ад грамадзянскай супольнасці ва Усебеларускі народны сход (УНС). Такое патрабаванне ўтрымлівалася ў новай Канстытуцыі, але механізм дасюль адсутнічаў; зараз, паводле закона, правам на ўзаемадзеянне з дзяржаўнымі органамі надзяляюцца структуры: а) зарэгістраваныя, б) якія маюць абласныя і Мінскую гарадскую структуры і в) якія налічваюць у сваіх шэрагах не менш за 100 тысяч грамадзян або аб’ядноўваюць у сваім складзе не менш за палову зарэгістраваных у Беларусі прафесійных саюзаў. Такім чынам, усе альтэрнатыўныя прафсаюзы, нават калі б не былі ліквідаваны, не змаглі б прайсці ўстаноўленую працэдуру; застаюцца толькі Федэрацыя прафсаюзаў Беларусі (ФПБ), «Белая Русь», напэўна, БРСМ, можа, застанецца Саюз жанчын — структуры, якія сёння ўжо існуюць, цалкам лаяльныя Лукашэнку і не адыгрываюць самастойнай ролі.

«Партыя ўлады» як прыкмета слабасці

— То-бок да чарговага электаральнага цыкла, які пачнецца ў 2024 годзе, грамадска-палітычная прастора краіны будзе канчаткова зачышчана.
— Так. Але ёсць нюанс: сам Лукашэнка заўсёды выступаў супраць стварэння «партыі ўлады» і яе інстытуалізацыі: як толькі такая сістэма ўзнікае ва аўтарытарным рэжыме, з’яўляецца яшчэ адзін ліфт, які рухаецца асобна, адбываецца ўскладненне сістэмы. Зараз прэзідэнцкая вертыкаль улады не мае нейкіх абыходных шляхоў: на вяршыні піраміды знаходзіцца Лукашэнка, які назначае ўсіх астатніх. Партыя ўлады (калі яна ўсё-такі будзе створана) можа рэкруціраваць людзей асобна ад сістэмы, можа працаваць своеасаблівым прафсаюзам бюракратаў, можа стаць месцам для ссылкі апальных прадстаўнікоў вертыкалі.
З’яўленне такой сістэмы можа нагадваць раздваенне ўлады ў Савецкім Саюзе: рэальная ўлада знаходзілася ў руках партыі, а яе прывадным рэменем была савецкая, ці дзяржаўная, улада. А ў нас рэальная ўлада застаецца ў руках Аляксандра Лукашэнкі і эфемерная, але тым не менш існуючая, разгалінаваная структура сярод палітычных партый.
Я пакуль не бачу прычын, па якіх Лукашэнка рашыўся на стварэнне такой партыі. Але разам з тым, раз ужо абвясцілі пра стварэнне партыі, то яе могуць і стварыць. Гэта сведчыць пра тое, што Лукашэнка мусіў саступіць, а раз мусіў саступіць у прынцыповым для сябе пытанні, значыць, Акела прамахнуўся, ён стаў больш слабы, значыць, на яго можна ціснуць.
Магчыма, адбіваецца ўзрост, магчыма, лабісты дабіліся стварэння калектыўнага Лукашэнкі ў выглядзе партыі ўлады. Гэта можа стаць прадвеснікам будучай трансфармацыі рэжыму.
Магчыма, сёння Лукашэнка і не ставіць такой задачы, але яму даводзіцца на гэта пагаджацца. Паколькі стварэнню «партыі ўлады» ён больш не пярэчыць, значыць, сістэма сапраўды пачынае муціраваць. Калі з 94-га года Лукашэнка збіраў, канцэнтраваў у сваіх руках адну ўладу, то зараз мы можам дапусціць, што ў бліжэйшай перспектыве ссінелыя пальчыкі, якія трымаюць уладу, паступова будуць расціскаць і па цаглінцы дробныя кавалкі ўлады расцягваць ягоныя прыдворныя. Калі гэта так, то гэта цікавы працэс, за якім цікава назіраць збоку, але ўнутры яго знаходзіцца не так прыемна і не так бяспечна: у такой сітуацыі звычайна бываюць канфлікты, якія могуць мець шырокія наступствы.
Разам з тым, гэта яшчэ адзін з сімптомаў скону рэжыму Лукашэнкі.