Партыі ўлады: па якім шляху пойдзе «Белая Русь»? Дасье ў карыкатурах

«Белая Русь» узяла курс на ператварэнне ў партыю. Што ўяўляюць сабой партыі ўлады ў сучасных аўтарытарных краінах? Лепш зразумець гэта дапамогуць творы мастакоў.


Безумоўна, на сённяшні момант самая буйная партыя ўлады — гэта Камуністычная Партыя Кітая (КПК), створаная яшчэ ў 1921-м. Па ходзе гісторыі партыя некалькі разоў мяняла свой імідж. Калі казаць пра сённяшнюю КПК, то, на думку многіх, гэтую партыю хутчэй можна назваць партыяй бізнесменаў, якія актыўна выкарыстоўваюць сацыялістычную і патрыятычную рыторыку. З гэтым падыходам згодны адзін з заходніх карыкатурыстаў. На яго малюнку з'езд КПК спікер распачынае словамі: «Дазвольце адкрыць сход акцыянераў».

1_666.jpg

Яшчэ на старце халоднай вайны ў сацкраінах узнікла арыгінальная мадэль партыйнай сістэмы. На базе кампартыі фармаваўся шырокі блок, куды запісвалі ўсе легальныя партыі і арганізацыі. Такім чынам знешне захоўвалася ілюзія плюралізму. Падобная мадэль да гэтага часу захавалася ў В'етнаме, дзе існуе кааліцыя Айчынны Фронт, у якую фармальна ўваходзяць нават лібералы і эсдэкі. Зрэшты, усім зразумела, што галоўную скрыпку там іграюць камуністы, якімі сёння кіруе Нгуен Фу Чонг. Характэрна, што статусу кіраўніка кампартыі Нгуену аказалася замала. Ён таксама выконвае ролю прэзідэнта. Іранізуючы над сітуацыяй, нехта прыдумаў новы сцяг В'етнама, дзе замест жоўтай зоркі намаляваны партрэт Нгуена.

2_617.png

У Паўночнай Карэі ўся налада належыць адзінай палітычнай партыі — Працоўнай партыі Карэі, якую стварылі ў 1945 годзе пад кантролем Масквы. Партыя мае статут і праграму. Але ёсць у яе і негалосны прынцып. Кіраўніком партыі можа быць толькі прадстаўнік дынастыі Кім. З 2011-га ім з'яўляецца Кім Чэн Ын. Трэба сказаць, што Кім Чэн Ын крыху мадэрнізаваў структуру. Велізарнае месца ў партыйнай агітацыі надаецца наяўнасці ў Пхеньяна ядзернай зброі. На дадзеным малюнку правадыр дэманструе бомбу экзальтаваным партыйным функцыянерам.

3_551.jpg


А вось на Кубе, дзе ўсім кіруе мясцовая Кампартыя, дынастыя Кастра абарвалася. Нагадаем, Фідэль Кастра быў лідарам кубінскіх камуністаў з 1965-га да 2008-га, а ягоны брат Рауль — з 2008-га да 2021-га. Цяпер Куба будуе сацыялізм пад кіраўніцтвам Мігель Дыяс-Канэліса. Яго прыход да ўлады ў партыі многія ўспрынялі з надзеяй на лібералізацыю, паколькі Мігель-Дыяс не належыць да пакалення рэвалюцыянераў-фундаменталістаў. Аднак пакуль новы функцыянер праводзіць старую лінію, што таксама знаходзіць адлюстраванне ў карыкатурах.

4_514.jpeg


Зрэшты, вопыт Кубы, Кітая і КНДР дастаткова экзатычны. Хутчэй за ўсё, архітэктары беларускай партыйнай сістэмы звернуцца да досведу постсавецкіх краін. Напрыклад, у суседняй Расіі партыяй улады з'яўляецца «Адзіная Расія». Яна да гэтага часу дамінуе ў большасці заканадаўчых органаў краіны як правіла за кошт манаполіі на медыя, папулісцкай тэматыкі і рознага кшталту піяр-маніпуляцый. Пры гэтым сярод расейцаў даўно сфармаваўся ўстойлівы стэрэатып, што «мядзведзі» пагалоўна жулікі і злодзеі. У такім жа ракурсе адзінаросаў малюе і большасць мастакоў.

5_478.jpg


Хаця ёсць сумневы, што «Белая Русь» стане клонам «Адзінай Расіі». Усё ж у Расіі «адзінаросаў» дазволена адкрыта крытыкаваць, а ў выпадку ціску грамадскасці галасы на выбарах нават лічаць сумленна. Хутчэй за ўсё, нас чакае імпарт досведу Цэнтральнай Азіі. У тым жа Казахстане пры Назарбаеве быў створаны партыйны пул выключна з праўладных партыяў. Вядучую ролю ў гэтай схеме адыгрывала прэзідэнцкая партыя, а дапаможную — лаяльныя камуністы і лібералы. Выбаршчык можа галасаваць за каго заўгодна, але нічога ад гэтага не мяняецца. Аднаму з графікаў гэтая мадэль нагадала трохгаловага дракона. У гэтага звера кожная галава асобная партыя, але разам яны адзіны арганізм.

6_355.jpg

Але нават калі ў Беларусі будзе пабудавана падобная на казахстанскую партыйная мадэль, наўрад ці яна вырашыць праблему адчужэння простых людзей ад улады. Рэпрэсіўны курс у прынцыпе прымушае людзей не афішаваць сваю палітычную пазіцыю. Відавочна, што касцяк беларускай партыі ўлады будзе сфармаваны за кошт кар’ерыстаў, якія мала цікавыя простым людзям. Пры першым жа сур'ёзным сістэмным крызісе такая структура, будучы шмат у чым штучным прадуктам, проста ляснецца. І прыкладаў таму маса. Думаецца, што шмат хто памятае, як у свой час за вельмі кароткі тэрмін з палітычнага гарызонту знік сапраўдны партыйны монстр — Кампартыя Савецкага Саюза (КПСС). Нават заўзятыя камуністы не сумавалі на гэты конт. Што ўжо казаць пра простых людзей.

7_255.jpg