АГП афіцыйна вылучыла свайго лідара Анатоля Лябедзьку кандыдатам у прэзідэнты Беларусі

Аб’яднаная грамадзянская партыя афіцыйна вылучыла свайго лідара Анатоля Лябедзьку кандыдатам у прэзідэнты Беларусі. Пра гэта гаворыцца ў заяве Палітрады АГП, змешчанай на сайце прыхільнікаў АГП. Заява пададзеная пад назвай «АГП: Размова не пра ўладу, а пра захаванне краіны».



lebedko_1204.jpg

«Цяпер гаворка ідзе не пра барацьбу за ўладу — гаворка ідзе аб захаванні Беларусі на палітычнай мапе свету як незалежнай самастойнай дзяржавы», — падкрэслівае Палітрада АГП.

«Многія з тых, каго напалохалі падзеі ва Украіне, паспяшаліся запэўніць сябе, што цяперашні беларускі рэжым можа служыць гарантам незалежнасці нашай краіны. Сярод іх апынуліся і некаторыя заходнія палітыкі, якія паверылі паказной, быццам бы «празаходнім», дзеянням рэжыму. Яны гатовыя прызнаць выбары, яны гатовыя прызнаць цяперашні рэжым легітымным без свабодных, сумленных выбараў. Яны не разумеюць, што такім чынам, яны не толькі аддаюць Беларусь на разарванне дыктатарам. Яны наўпрост ствараюць плацдарм для нападу на Еўропу, паколькі ніколі рэжым не адмовіцца ад арыентацыі на Маскву, якія б словы ён ні казаў Захаду. Цану яго слоў мы ўсе ведаем», — адзначаеца ў заяве.

На думку Палітрады АГП, «міжнароднае прызнанне рэжыму будзе азначаць тое, што ён атрымае зараз ужо абсалютную ўладу над краінай. І адным росчыркам пяра ён можа пазбавіць беларусаў апошняй надзеі на будучыню. Яму для гэтага неабходна толькі адно: так правесці выбары, каб іх прызнала міжнародная супольнасць».

«Мы бачым, што многія вядомыя людзі адмовіліся ад барацьбы, а шэраг апазіцыйных сіл гатовыя падыграць рэжыму. Тым самым яны — вольна ці мімаволі — павялічваюць шанцы рэжыму на прызнанне», — зазначае АГП..

У гэтай сітуацыі АГП заяўляе аб вылучэнні кандыдатам у прэзідэнты старшыні партыі Анатоля Лябедзькі. «Мы ўсведамляем сваю адказнасць і, у выпадку захавання існуючай практыкі правядзення кампаній, не станем масоўкай ў рыхтуючымся спектаклі», — заяўляе партыя.

Згодна з тлумачэннямі Палітрады АГП, гэта азначае зняцце нашага кандыдата, у выпадках неабгрунтаванай адмовы на ўключэнне ў выбарчыя камісіі прадстаўнікоў АГП; стварэння перашкод пры зборы подпісаў за вылучэнне кандыдата, падчас агітацыі, арганізацыі сустрэч; адсутнасці галоснасці, уключаючы права на прамы тэлевізійны і радыё эфір; абмежаванняў у працы назіральнікаў.

Вылучэннем свайго кандыдата АГП пераследуе тры асноўныя мэты. Гэта прадаставіць народу альтэрнатыўны шлях развіцця краіны, новы эканамічны курс; кансалідаваць патрыятычныя сілы на далейшую барацьбу за незалежнасць, вызваленне палітычных зняволеных, дэмакратычныя каштоўнасці і права на годнае жыццё, значна павялічыўшы колькасць актыўных прыхільнікаў пераменаў; не дазволіць аўтарытарнаму кіраўніку ў чарговы раз падмануць народ, сабраць пераканаўчыя факты і даказаць фальсіфікацыю выбараў.

«Наш план дзеянняў — альтэрнатыва марнаванню часу, як бы яно ні звалося: байкот, інтэрнэт-барацьба, або міфічны «народны супраціў», — падкрэсліваецца ў заяве Палітрады АГП.